Выбрать главу

— Ды яно так, — адказала Сцепаніда. — Кажуць жа, што першая жонка — ад бога, другая — ад людзей, а трэцяя — ад чорта. А па-мойму, чалавеку на ўсё жыццё адна жонка дадзена. Гэта як Радзіма ў чалавека. I жонка так павінна...

Тарас дастаў пачак папярос, закурыў.

Ён адчуваў, што гаворка пайшла зусім у другім кірунку, чым ён хацеў бы. А можа Сцепаніда знарок павярнула яе так, бо не хоча гаварыць з ім пра тое, пра што хацеў гаварыць з ёю ён? «На ўсё жыццё адна...» Можа гэта яна не пра аднаго Петруся сказала? Вядома ж! Трэба разумець...

Сцепаніда паціху памешвала чай у шклянцы, невідушчымі вачыма пазіраючы на шытво абруса. Тарас упершыню заўважыў, якая густая сівізна прабівалася ў яе валасах, адчуў, што нічога з таго, пра што думаў сказаць, ідучы сюды, не скажа гэтай жанчыне, заклапочанай сваім горам.

Сцепаніда паклала лыжачку на сподачак, адсунула шклянку і зноў уздыхнула:

— Цяжкае гэта матчына шчасце. На вайне быў Пятрусь, аднаго хацелася — жывога пабачыць. Прышоў з вайны, сэрца зноў баліць, зноў трывожыцца, няма яму спакою...

У хаце было ціха. У акно стукаўся вецер. Зрэдку па сценах шоргаў снег — відаць, пачыналася завіруха.

Калі Тарас, развітаўшыся са Сцепанідай, выйшаў на вуліцу, завіруха круціла на поўную сілу. Раз’юшаны вецер скуголіў у правадах, сёк сухой крупкай па парканах, мёў снег на дарозе. Нідзе нікога не было відаць, — была толькі завіруха ды адзінокі чалавек, што застаўся адзін-на-адзін са сваімі думкамі. Яны, гэтыя думкі, відаць, зусім адолелі чалавека, бо ён не звяртаў увагі ні на што. Ён упарта крочыў наперад, не зважаючы на ашалелую завіруху.

На заваротку вуліцы Тарас азірнуўся. Скрозь начную цемру і снегавы пыл яму ўслед глядзеў нягаснучы праменьчык святла — свяцілася акно ў Сцепанідзінай кватэры. Ад таго, што ён убачыў гэты маленькі дрыготкі маячок святла, Тарасу зрабілася цёпла і ўтульна, і ён закрочыў весялей.

23

Пятрусь Крыніца ішоў дахаты стомлены, злосны.

Справы зеленгаса ішлі няважна. Праўда, запланаваныя работы па азеляненню горада праведзены няблага, хоць было шмат недаробкаў. Цяпер галоўная цяжкасць заключалася ў стварэнні базы для далейшага развіцця гаспадаркі. Сёлетняй вясной трэба было закласці вялікія гадавальнікі. Акрамя таго, закладваліся парнікі. Разлічвалі, што зеленгас зможа апрацаваць глебу пад гадавальнікі трактарамі. Такая дамоўленасць была з МТС, якая абслугоўвае прыгарадныя калгасы. Праўда, МТС агаварвалася, што яна выканае сваё абавязацельства пры ўмове своечасовага правядзення работ у калгасах. А калі там веснавая сяўба зацягнецца? Трэба было прадбачыць і гэта. Выхад заставаўся адзін: падрыхтаваць свае ўласныя сродкі.

Уся гэтая праца лягла на плечы Крыніцы. Ён цяпер быў двойчы «в. а.» — выконваў абавязкі інжынера і дырэктара, які захварэў.

Прыгадаўшы падзеі сённяшняга дня, Пятрусь уздыхнуў, адклаў каўнер кажуха і закрочыў шпарчэй.

Перайшоўшы жыць да Марфы часова, яны з Нэляю так і засталіся там. Пятрусь усё часцей заўважаў, што Нэля ўсё больш і больш не цікавіцца, што ён робіць, пра што думае. Нараджэнне сына зблізіла іх. Але не надоўга. Нібы глухая сцяна паўстала паміж імі ў апошні час. Адкуль яна?

Намагаючыся знайсці прычыну сямейных неладоў, Пятрусь паспрабаваў аналізаваць свае адносіны з цёшчаю. На кожным кроку ён адчуваў далікатнасць, але скрозь яе выпірала халодная непрыязнасць і варожасць.

Неяк увечары, калі ішоў вялікі дождж, Нэля вярнулася з педагагічнага савета змоклая, яе туфлі былі поўныя вады. Селі вячэраць. Нэля пачала расказваць пра педсавет.

— Няхай Лявонава — дачка старшыні. Але ж нашто цягнуць яе на медаль? Яна ведае літаратуру слаба, і Пятро Іванавіч паставіў ёй чацвёрку. А яму так далікатна падказалі: навошта псаваць дзяўчыне будучыню? Пастаўце пяць!..

— I ён паставіў? — Пятрусь пачырванеў ад абурэння. — Кажаш, паставіў? Ануча ён, а не настаўнік!

— У цябе ўсе анучы, — азвалася ад прыпечка Марфа. — Пятро Іванавіч разумна зрабіў. Навошта ворагаў мець? Ты паглядзі, як некаторыя жывуць. Хто разумнейшы, дык у таго і машына... I жонка пешшу гразь не месіць. Можа і неадукаваная зусім, а на машыне...

— Ха-ха-ха-ха! — зарагатаў Пятрусь. — Гэта вы к таму, што і Нэлі патрэбна машына. Так я вас разумею, Марфа Адамаўна? Ну, а як ты думаеш, Нэля? Заслужылі мы з табой машыну?

— Нейкія пытанні ў цябе дзіўныя, — з крыўдай у голасе агрызнулася Нэля. — За што ты чалавека крыўдзіш? Што табе дрэннае сказалі?..

Можа ён тады сапраўды пакрыўдзіў цёшчу? Не, варожасць, якую Марфа старанна хавае, мае, відаць, глыбейшыя карэнні. Ці не за тыя саджанцы? Але ж не мог ён інакш і добра зрабіў тады, турнуўшы Марфінага сваяка. Каб не зрабіў гэтак, — сваякі ды знаёмыя ўвесь зеленгас расцягнулі б. Парадак існуе для ўсіх!