Яны ўжо дабраліся да сярэдзіны балацявіны. Вячэрнія прыцемкі і хмызнякі як-колечы прыкрылі іх ад прыцэльнага агню, і тады між грукатаў і візгу імкліва вынырнула з вёскі ракета. «Лажысь!» − усім, хто мог чуць яго, крыкнуў Жаркоў і сам стуліўся пад лазовым кустом. Ракета, дымна-агністым следам прарэзаўшы яшчэ святлявае неба, абліла балацявіну яркім дрыготкім святлом, шыпучы і траскочучы, апісала дугу і скіравала ў хмызняк. Стала вельмі відна, на разбітым мінамі доле закруцілася, замільгала дзівосная блытаніна стракатых ценяў. Жаркоў крутнуўся, агледзеўся − у яе пранізлівым святле зводдаль не бачна было нічога, толькі побач, на другі бок куста, невядома адкуль узяўшыся, ляжала нечая постаць у перакручанай на галаве вушанцы. Не паспеўшы патухнуць у паветры, ракета ўдарылася аб лёд, падскочыла і, пырскаючы, хутка згарэла. Рэшткі яе святла крывавай чырванню адбіліся ў раскрытых вачах байца, распластанага на лёдзе, Жаркоў пазнаў яго і махнуў:
− Давай сюды!
Пасля ракеты стала зусім цёмна. Трасіруючыя чэргі адвярнулі ўбок, баец ускочыў і, прыгінаючыся, сігануў да сяржанта. Гэта быў Рыбчонак.
− Ротнага забіла! − сказаў ён нейкім незнаёмым Жаркову натужным крыклівым голасам. − Лейтэнанта забіла!..
− Так. Ціха, маўчы! − загадаў сяржант, адчуўшы, што ў гэтай іх бядзе вось сталася і горшае. − Памажы вось!
− Забіла! Як ударыла і ўсё! − голасна гаманіў салдат, азіраючыся наўкола. Сяржант падазрона паглядзеў на яго.
− Ты што, кантужаны?
Рыбчонак няўцямна цепнуў вачыма і махнуў на хмызняк.
− Лейтэнант? Там ляжыць.
Усё азіраючыся некуды ў хмызняк, баец ухапіў леваю рукой хобат, і яны ўдвох скоранька пабеглі, гулка загрукаўшы коламі.
Хмызняк усё паласавалі чэргі, яшчэ ўспыхнула і згарэла ў небе ракета, за ёй узляцела другая, асвяціўшы ўгары дымную вяроўку − след першай. «Трах! Трах!» − грымелі ў балацявіне выбухі, але, здаецца, байцы ўжо адарваліся ад ворага і выходзілі з-пад яго агню. Ззаду пад звечарэлым небам тулілася ў змроку вёска, захінутая дубцаватым вяршаллем хмызняку.
Жаркоў з Рыбчонкам падкацілі кулямёт да грудка, які невысокай узаранай з восені выспай перамежваў гэтую балацявіну. Ля іх і ззаду ўжо нікога не чутна было, мабыць, яны засталіся апошнія. Лёд тут канчаўся, няроўнай паскай ля берагу датайвалі на сакавіцкім сонцы рэшткі бруднага снегу. Надвячоркам яго падкаляніў мароз, і цяпер ён суха хрумсцеў пад нагамі і пад кулямётнымі коламі, якія прарэзалі ўпоперак яго дзве вузкія каляіны.
− Ты што, бачыў тое? − крыкнуў Жаркоў у самае вуха салдата.
− Ну, − сказаў Рыбчонак, зірнуўшы ў абсівераны, яшчэ малады, але ўжо з адзнакамі нялёгка перажытага сяржантаў твар. − Асколкам. Як дало − і мазгі вон.
Яны перавалаклі кулямёт цераз снег, далей было ворыва, дзе-нідзе ў барознах цьмяна бялелі няроўныя плямы снегу. Кулямёты ў вёсцы змаўкалі, толькі раз за разам там узляталі ракеты. Шыпучы па-вужачаму, яны згаралі над хмызняком, і па падсветленаму схілу пагорка невядома ад чаго кідаліся ўбакі даўжэзныя мітуслівыя цені.
2
Вывалакшы кулямёт на самы грудок, туды, адкуль яны пачыналі гэтую няўдалую атаку, і дзе ўжо можна было схавацца ад варожага агню, Жаркоў апусціў на дол хобат і хрыпата крыкнуў:
− Шостая рота, сюды!
Было ўжо цёмна. На захадзе, убаку ад балацявіны, ярка блішчэла на небе адзінокая зорка, ніжэй ад яе і збоч ціхенька запальвалася на ноч другая. Высокае пагоднае неба яшчэ свіцілася рэшткамі дзённага святла, а хмызняковая балацявіна ўжо зусім стулілася ў змроку. Заліты вадою і гразёй лёд страціў сваю цукрыстую, у рудых разводах белізну і ледзьве шарэў праз хмызняк.
Рыбчонак адразу выцягся ў доле і маўчаў, адсопваючыся, а Жаркоў нейкі час у знямозе сядзеў на грудку, чакаў сваіх і думаў.
Было відавочна, што рота разбіта дашчэнту. Ад тых дзевяноста чалавек, якія тыдзень назад пачыналі наступленне, уранку сёння заставалася дваццаць тры, а цяпер вось хоць бы сабраць палавіну іх. Пэўна, што наступленне выдыхалася, нямецкія сілы пабольшалі, артылерыя паадставала, у мінамётчыкаў не хапала мін. З наскоку цяпер не дужа што возьмеш, тое даказвала апошняя гэта атака. А тут яшчэ пагінулі камандзіры, напаткала вось смерць і лейтэнанта і, відаць, прыйдзецца пакуль камандаваць яму − апошняму сяржанту ў роце.