Рацыя папісквала ўжо і міргала вочкам індыкатара, а Люся, пакручваючы рэгулятар настройкі, прывычнай скарагаворкай сыпала:
− Мята, Мята, я Ландыш. Як чутна? Даю настройку, даю настройку: адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць. Дзесяць, дзевяць, восем, сем, шэсць, пяць, чатыры, тры, два, адзін. Як чутна, я Ландыш, прыём.
− Таварыш капітан, прывёў, − ціха, каб не перашкодзіць радыстцы, сказаў пасыльны. Камбат павярнуўся на голас, тугія рамяні на яго паўшубку ціха рыпнулі і, пад ногі Жаркову слабаю плямкай бліснуў ліхтарык.
− Хто гэта?
− Сяржант Жаркоў, таварыш капітан, − сказаў Жаркоў. − Лейтэнант Патапенка забіты.
Настала кароткая паўза, камбат выключыў ліхтарык, капітан Сахно вылаяўся, не зважаючы на радыстку, і сігануў да рацыі. За грудком над вёскай зноў запалілася ракета, і на небасхіле задрыжэлі хвалі святла. На кароткі час яе мільготкае далёкае святло паблукала на заклапочаных тварах людзей, цьмяным блікам адбілася ў новай блішчастай касцы Сахно і знікла за пагоркам.
− Так, Жаркоў, − памаўчаўшы, сказаў Васілевіч. − Колькі ў вас асталося?
− Шэсць чалавек, таварыш капітан. Адзін паранены. У нагу. Адпраўляць трэба. І кулямёт адзін толькі. Другі яшчэ ўранку бомбай разбіла.
− Так… − няпэўна прамовіў камбат, услухоўваючыся таксама і ў Люсін голас ля рацыі.
− Я Ландыш, я Ландыш, − хуценька гаварыла ў трубку Люся. − Будзе гаварыць дваццаць другі, паклічце дваццатага, паклічце дваццатага. Я Ландыш, прыём.
Камбат, пакінуўшы Жаркова, торапка ссунуўся на дно варонкі, паспешна пераняў з Люсіных рук трубку і пачакаў. Жаркоў прысеў побач з салдатам і глядзеў на начальства, адчуваючы, што неўзабаве будзе штось важнае.
− Таварыш дваццаты, таварыш дваццаты… Дакладвае дваццаць другі Ландыша. Спроба не ўдалася. У Патапенкі вялікія страты. Сам Патапенка забіты. Лукін і Шчасны адышлі. Сустрэў арганізаванае супраціўленне. Прашу сродкаў узмацнення. Сам падавіць не магу. Як зразумелі? Прыём.
Трубка шчоўкнула, камбат слухаў, усе ў яміне застылі ў змроку і не адрывалі поглядаў ад святлявага акенца ў рацыі. У цьмяных водблісках гэтага святла было відаць, як зацяўся, нахмурыўся паголены камбатаў твар, цвёрды яго падбародак туга ўпёрся ў касматы каўнер паўшубка. Трубка шархацела далёкім голасам камандзіра палка, і на ёй нервова пацёпваў мезены палец камбата.
− Таварыш дваццаты, я не магу… Не маю чым. У Патапенкі пяцёра… У астатніх таксама. На ўскраіне аб’екта буйнакаліберны кулямёт, пяхота. За вёскай мінамётная батарэя. У мяне па дзесяць агуркоў на ствол. Прашу дапамогі, прашу дапамогі. Прыём.
У варонцы насцярожыліся. І Люся, і Сахно, і салдат з Жарковым здагадаліся, што становішча батальёна не аблегчыцца. Відаць, камандзір палка меў нейкае сваё меркаванне, упарціўся і не хацеў зважаць на довады камандзіра батальёна.
Урэшце капітан Васілевіч адарваў трубку ад вуха, чамусьці паглядзеў на яе, яшчэ торкнуў да скроні і размашыста ляпнуў аб скрынку рацыі.
− Што ён сказаў? − запытаў Сахно, шорхаючы сваёй плашч-палаткай, накінутай на шынель. Камбат узняў заклапочаны твар.
− Загадаў паўтарыць атаку і ўзяць Ручайкі.
Стала вельмі ціха, Сахно, быццам не верачы, цяжка і нерухома паўзіраўся ў камбата, пасля ўстаў і заварушыўся пад плашч-палаткай.
− Чорт бы іх там саміх пабраў, − выпаліў ён і вылаяўся. − Самі б сунуліся.
Камбат з хвіліну нешта абдумваў, укленчыўшы на адно калена ля рацыі. Люся падкручвала рэгулятар настройкі і трымала рацыю на прыёме. У начной цемрадзі за ельнікам пыхнула раз і другі мільготкае палахлівае зарыва. «Ках, ках», − даляцелі стрэлы і ўгары цераз балацявіну зноў завізжэлі міны. «Трах! Трах!» − ірванула неўзабаве ў хмызняковай цемры, але ў варонцы адзін толькі ардынарац азірнуўся на выбухі.
− Пяць чалавек, кажаш, Жаркоў? − перапытаў капітан і паглядзеў знізу ўгару на сяржанта.
− Ну, − ваўкавата выдавіў з сябе Жаркоў.
− Ну вось… Каго імі атакуеш, пяццю чалавекамі? − невядома ў каго запытаўся камбат. − Вось што… − надумаў ён урэшце нейкае рашэнне. − Дам вам чалавек дзесяць сувязістаў, абознікаў − што ёсць. Акапацца на вышыні і чакаць. Глядзі, каб у фланг не зайшлі, бо тады ўсяму батальёну ліха будзе.