Выбрать главу

і ўсё ж, не зважаючы на гэта, маладым тварам.

− Слухаю, таварыш дваццаць першы.

− Што? Клімаў, ты? Што гэта ў вас сціхла там? Чаму не дакладваеш? Вышыня ўзята?

Клімаў зноў выдавіў на шархоткіх шчоках жаўлакі, рука яго намацала ў пале паўшубка дзірку, і пальцы з сілай ірванулі павіслы з белай паўсцёй мэтлах скуры.

− Алё! Далажы, як вышыня.

− Вышыня на месцы.

− Га? Алё! Што цябе дрэнна чуваць? Як вышыня, я пытаюся?

− Возьмем вышыню.

− Што? Возьмем? Ага, возьмем! − голас у трубцы адразу зрабіўся пагрозліва-з’едлівы.

− Да вас што, толькі цяпер загад да розуму дайшоў…

Угары раптам грымотна трэснула, Клімаў інстынктыўна хіснуўся ніжэй да апарата, зірнуўшы з-пад локця ў неба, − над ровам плыло невялічкае рудае воблачка брызантнага разрыву. Камандзір палка яшчэ нешта казаў, але Клімаў зноў не пачуў, аглушаны новым, яшчэ больш блізкім разрывам. У доле наўкола бы хто сыпануў жменяю дробных каменьчыкаў − пыхнулі і прапалі пад ветрам сотні пыльных дымкоў.

− Малакасосы! Спалохаліся дзясятка вшывых фрыцаў! Аўтаматчык[і] мне называецца! Куча дрэні вы пасля гэтага. Вы… − далёкім злым голасам шархацела трубка.

Клімаў апусціў на калені трубку і, безуважны да яе шорхату, пацягнуў бычок. Але ў гэты раз над ровам зноў аглу-

шальна трэснула, і вецер хутка пагнаў прэч новае воблачка. «Прыстрэльваюць, − падумаў Клімаў. − Цяпер будзе». Прыўзняўшы ў паветра трубку, ён спачатку не зразумеў, чаго гэта маўклівы тэлефаніст бокам ссунуўся на яго, прываліўся да пляча, галава яго ўпала на руку з трубкай, і лейтэнант схамянуўся толькі, калі струмені крыві пабеглі па яго штанах. Аднае рукой Клімаў згроб сувязіста, адхінуў назад і тут жа адхіснуўся сам − уся скроня байца была разварочана асколкам, з страшнае раны на твар, плечы зашмальцаванай ватоўкі і на лейтэнантаў паўшубак лілася кроў. Клімаў вылаяўся і з усяе сілы ляпнуў на лёд недакурак.

− Дабяруся!.. − крычала трубка, калі Клімаў зноў прыклаў яе да вуха пад ссунутай набок шапкай. Гнеўныя, злыя, несправядлівыя словы, якія за хвіліну да гэтага выклікалі ў ім толькі прыкрасць, цяпер узарвалі яго.

− А што вы крычыце! Я не палахлівы! І не для вас ваюю! Вось! А вышыню − не горш за вас ведаю, што трэба ўзяць. Але вунь шпокаўка не дае.

− Во-во, так і ведаў! Дрэннаму танцору, ведаеш, што заўжды перашкаджае? Якая гэта яшчэ ў цябе шпокаўка?

− У немцаў, не ў мяне. Дваццацімілімятровая аўтаматычная гармата, вось! З фланга, ад Сахно. Ды кулямётаў няма ўжо, адзін ручнік застаўся. А ў іх шэсць на вышыні. Ды яшчэ шрапнеллю лупяць, − скарыстаўшы нечаканую паўзу ў камандзіравай лаянцы, скардзіўся Клімаў. − А ў маіх па тры абоймы на вінтоўку ды па дыску на аўтамат. Чым браць, скажыце?

− Расплакаўся! Чым браць? Чым вунь Сахно бярэ? Чым Кузняцоў наступае? Храбрасцю! Гераізмам! Адвагай! Чуеш, які бой ідзе? Пад самай вёскай ужо. А ў іх па адной абойме на ствол. Сам правяраў. Затое ўмеюць. І не пушчаюць у штаны, як вы!

− Няма каму пушчаць, − гэткім жа сварлівым тонам адказваў лейтэнант. − Трыццаць чалавек засталося. Ад усёй роты.

− От здзівіў: трыццаць чалавек! Вунь у Сахно па дваццаць у роце, і то не скардзіцца.

− Ну, у мяне яшчэ да гэтага не дайшло!

− Мяккацеласць праяўляеш, таварыш камандзір роты. У жаласць іграеш. Вайна ідзе, лейтэнант! Нечага шкадаваць для перамогі! Дывізіі гінуць! − перайшоў ужо на крык маёр і раптам закашляўся. Адкашляўшыся ж пасля паўзы, ужо мякчэй аб’явіў:

− Ладна, Клімаў. Карандашоў падкіну. Сёння зноў атрымаем. Прама з марша. Семак не прасі. Няма. А карандашы будуць. Ну, але і я з цябе скуру здзяру, калі ты мне да дванаццаці нуль-нуль не возмеш вышыню.

− Немцы скарэй здзяруць. Яны бліжай, − сказаў лейтэнант, але трубка ўжо змоўкла, і ён паклаў яе ў апарат.

Нейкі час ён сядзеў, утаропіўшы вочы і не бачачы нічога, апроч дробных пыльных струменьчыкаў крыві, якія з-пад цела забітага хутка паўзлікаціліся на затаптаную плаху лёду ў дне варонкі. Хутка астываючы, кроў слаба парыла рэшткамі апошняга цяпла, побач сінім дымком струменіў у паветры недакураны «бычок». Лейтэнант дзеўбануў яго наском бота і выскачыў з варонкі ў роў.

Назад да свайго ланцуга Клімаў ішоў, не разбіраючы ўжо, дзе сцежка, дзе ручай, а дзе адкрыта і прастрэльваюць немцы. Адносіны да сябе з нейкага часу зноў сталі абыякавыя.

Паўгадзіны назад ён бег з вышыні ў гэты роў, падаў, выкручваўся між разрываў, з усяе мочы стараючыся, як і ўсе, уберагчы сябе ад кулі або асколка, бо ў гэтым была найбліжэйшая небяспека і найбольшы клопат. Цяпер жа, раззлаваны і расстроены сваркай з начальствам, ён ураз згубіў усю ашчаднасць да сябе. Гэта было незразумела і дзіўна, каб задумацца аб тым, але думаць не было калі.