Выбрать главу

Мы ў момант вока перабеглі праз агарод, выскачылі на луг. За лугам цямнее лес. Да яго з кіламетр.

— Болей не магу, — прамовіў Саўка.

Я заўважыў, што непадалёку стаіць гумно, накрытае саломай.

— Давайце ў гумне схаваемся, а вечарам вылезем і ў лес, — кажу.

— Прыйдзецца схавацца, — пагадзіўся Пятрусь. — Да лесу Саўка не дабяжыць. Дый з горада нас убачаць. Будуць ведаць, дзе шукаць.

Гумно, на наша шчасце, было незамкнёнае. У ім ляжала сена. Мы залезлі на самы верх. Праз дзіркі шчыта прабіваліся промні сонца, асвятлялі гумно, нібы ліхтарыкам. Пятрусь усеўся каля шчыта, пазірае ў шчыліну.

— Нядаўна ў мяне была хатка. Хоць маленькая, але свая. А цяпеў бяздомак я, — прамовіў Саўка.

Так, бяздомак. Выгналі з хаты. За што, запытацца? За тое, што літару «р» не навучыўся вымаўляць? Відаць, не. Раней жа не чапалі. Пану Бадзею стрэліла ў галаву.

Бяздомак… І мы з Петрусём бадзяемся немаведама дзе. Таксама няма прытулку. Саўку пан Бадзей схапіў, а нас — алхімік.

— Саўка, не бядуй, — сказаў я, каб суцешыць. — І ў нас не мёдам намазана.

— Адкуль вы? — запытаў Саўка.

Я, вядома, расказаў бы яму, што мы не з казкі, што адтуль, дзе добра, дзе прыгожа. Расказаў бы і пра школу, і пра аднакласнікаў. Магчыма, Саўка не паверыў бы мне, падумаў бы, што мы з таго свету, няйначай. Я расказваў бы, даказваў. Ды Пятрусь неспадзявана паведаміў:

— Сіні Нос са стражнікамі сюды спяшаецца. Я заўважыў, як збялеў Саўка.

— Хлопчыкі, хаваймася.

Мы зрабілі ў сене норы, зарыліся з галавою, затаіўшыся. Калі б цяпер мыш залезла пад маю кашулю, то цярпеў бы, маўчаў. Лепей выцерпець, чым лезці праз трубу ў прафілакторый.

Рыпнулі дзверы. Хтосьці прамовіў:

— І тут няма.

— А ты наверх залезь, правер, — пачуўся голас Сіняга Носа.

Няўжо правераць? Што, калі заўважаць? Тады трэба кулём ім на галаву. Пакуль ачомаюцца, будзем далёка. Каб толькі ўсім разам скаціцца, па камандзе.

— Лезь. Чаго топчашся?

— Няма іх там.

— Лезь, пакуль у прафілакторый не адправіў. Мяне сам пан Бадзей паважае. Не ве-э-даеш?

Сена зашалясцела. Лезе стражнік, баіцца Сіняга Носа. Сіні Нос нядаўна ў турме сядзеў, а цяпер камандуе.

— Няма. Казаў вам.

Вось табе і маеш! На «вы» Сіняга Носа называе. Хутка перад ім будуць шапкі знімаць.

— Злажу-у…

Пранесла. Не ўмееце шукаць. З носам засталіся. Што ж, папабегайце. Вам карысна. Прывыклі сіднем сядзець.

— Каля гумна пабудзьце, — загадаў Сіні Нос. — Далёка не адыходзьцеся. Яны недзе тут. Людзі бачылі, што ў гэты бок пабеглі. Я сабаку прывяду. Па слядах знойдзе.

Стражнікі, гамонячы, выйшлі з гумна. Ды што з гэтага? Праз паўгадзіны знойдуць нас. Сабака пачуе, дзе сядзім.

Я высунуўся з нары.

— Ігнат, — паклікаў Пятрусь.

Ужо на сене мой сябар сядзіць, у шчыліну пазірае.

— Ігнат, стражнікі карты дастаюць. Будуць гуляць. А Сіні Нос ужо на агародзе.

— Спускайцеся за мною, — прашаптаў Саўка і, ступіўшы на край сена, слізгануў на жываце.

Мы з Петрусём перапаўзлі на край і таксама з'ехалі з сена.

— Да лесу бяжыце, — сказаў Саўка. — Там схаваецеся.

— А ты? — запытаў я.

— Я як-небудзь…

— Чаму?

Саўка, не адказаўшы, выбег з гумна і што ёсць сілы прыпусціўся па лузе. Туды, да агародаў.

Што ж ён робіць? Думае ў горадзе схавацца? Вось-вось убачаць яго стражнікі. Чаму нас пакінуў?

Саўка адбегся і гукнуў:

— Ого-го-о!.. Стражнікі ў крык:

— Уцякае!

— Лаві!

Выскачылі з-за гумна і стрымгалоў за Саўкам. А ён пабег, кульгаючы.

— Хоча нас выратаваць, за сабою стражнікаў павёў,— сказаў Пятрусь.

— Давай за ім, — праз слёзы прагаварыў я.

— Стражнікі і нас скруцяць.

Канешне, скруцяць. Але ж зараз на Саўку наваляцца…

— Пятрусь…

Пятрусь не даў мне скончыць.

— Ігнат, трэба ўцякаць. Ілбом сцяну не праб'еш. Мы яшчэ вернемся. Мы яго выратуем.

— Выратуем? Абяцаеш?

— Слова даю. Трэба ў лесе схавацца. Няхай супакояцца.

Мы рванулі да лесу. Калі падбягалі да ўскрайку, я азірнуўся і ўбачыў, што стражнікі вядуць Саўку ў горад.

Зноў з ведзьмаком

Мы дабеглі да лесу і пайшлі па лясной дарозе. Я зусім не цяміў, дзе мы, куды ідзём.

— Ці знойдзем зноў гэты горад? — кажу Петрусю.

— Абавязкова знойдзем. Вызвалім Саўку.

Проста сказаць. Мабыць, у прафілакторыі Саўка сядзіць. Як туды прабрацца, каб не заўважылі? А калі нават і ўдасца вызваліць, то што далей? Да ведзьмака Саўку весці? Папрасіць, каб і яго, і нас свайму вядзьмарству навучыў? Добры Саўка будзе ведзьмаком, будзе людзей страшыць…