Я зірнуў на Петруся. Твар хмурны. Напэўна, кошкі скрабуць на душы. Ці не таму, што Саўку пакінулі, не ратавалі?
Я, каб перапыніць благія думкі, сказаў:
— А пан Бадзей за локаць сябе ўкусіць.
— Дасць Іванка прачуханца, — азваўся Пятрусь.
— Паэт Карней пра гэта верш напіша, — дадаў я.
— Пра каго напіша? — пачулася, як з грому. З-за кашлатай яліны выйшлі… Казімір Міронавіч і Палын. У мяне і рукі апусціліся.
— Дык пра каго напіша? — усміхнуўся Казімір Міронавіч.
Мы з Петрусём маўчалі. Пра што з ім гаварыць? У яго, як вядома, адно ў галаве: нас вядзьмарству навучыць.
— Не чакалі вы гэткай сустрэчы, — прамовіў вядзьмак.
— Яны ў тым горадзе свой гонар страцілі,— хіхікнуў Палын.
— Не, не страцілі. Але ж страху там набраліся. Ну, што? І цяпер шкадуеце людзей?
— Не прыставайце да нас, — сказаў Пятрусь.
— Вы цвёрдыя арэшкі. Ды ўсё роўна раскушу. Зараз у свой палац завяду. Буду трымаць датуль, пакуль не паразумнееце.
— А калі не пойдзем? — з выклікам прамовіў я.
— Пойдзеце. Жывучы, усяго нажывеш — і Кузьму татам назавеш. — Казімір Міронавіч, не спускаючы з нас вачэй, нешта хутка-хутка зашаптаў.
У мяне заплюшчыліся вочы. Я анічога не адчуваў. Толькі пачуў, як паціху сказаў вядзьмак: «Ідзіце за мною».
Мне здалося, што іду па балоце. Пад нагамі хлюпае гразь, ногі правальваюцца. Я ледзь выцягваю іх і іду, пакідаючы чорныя адбіткі-сляды. Нарэшце балота скончылася. Перада мною — вялізны парк, а ў парку дзівосны палац. Дах зіхаціць золатам. У вокнах рознакаляровае шкло: чырвонае, жоўтае, сіняе…
— Што? Вочы разбегліся? Гэта мой палац. Прачніцеся! — пачуўся ведзьмакоў голас.
Я расплюшчыў вочы і ўбачыў яго, Палына, Петруся.
— Ужо прыйшлі. Вы мае госцейкі,— прамовіў вядзьмак.
Прывёў. Пусціў тлумачы ў вочы. Прымусіў. Выходзіць, гэты дзівосны палац, у якім рознакаляровае шкло, ягоны.
— Даспадобы вам мая хатка?
Хаткай палац называе. Мусіць, не адзін год нявольнікі яго будавалі. І ім пусціў тлумачы ў вочы. Цягнулі жылы, лілі пот. А што, калі і нас прымусіць будаваць? Будзем. Да скону. Няўжо не ўбачу свайго возера, татаў голас не пачую, маму не абніму? Не, не, не… Вырвемся з кіпцюроў. І беднага Саўку выратуем. Ён чакае нас. І мама чакае. І тата чакае. І возера…
— Вось дзе жыву. Ёсць дзе прытуліцца. Было б чаго хваліцца. Жыве, як адзінокі воўк у лесе. Толькі гэты прыпылены Палын за ім, што хвост, цягаецца. Мусіць, грызе нуда ў адзіноце. Ці не таму такі незычлівец?
— І мы будзем тут жыць? — запытаў Пятрусь.
— Будзеце. І вам месца хопіць. А зараз павячэраеце.
Лепей не ўспамінаў бы вядзьмак пра вячэру. У мяне, як пачуў, аж слінкі пацяклі. Ведаў я, што ён на стол не паставіць баланду, у якой хвост ад селядца.
— І па парку дазволіце пагуляць? — усё дапытваўся Пятрусь.
— Гуляйце колькі захочацца.
Калі б дома, у час вучобы, настаўнікі нам сказалі: «Гуляйце колькі захочацца», то мы танцавалі б ад радасці. А цяпер не было радасці. Цяпер, каб было можна, я ў школу спяшаўся б, як на ёлку. Чытаў бы, пісаў, уважліва-ўважліва слухаў бы ўсё, што настаўнікі расказвалі б.
Казімір Міронавіч тыцнуў пальцам, паказаўшы на невялікую белую будыніну, якая стаяла каля палаца.
— Гэта скляпенне. Туды не заходзьце. Бяда вас там чакае. Памятаеце, што на слупе напісана? Проста пойдзеш — можаш не вярнуцца. Ад раздарожжа дарога, якая напрамкі, вядзе да майго палаца. Заўтра ні мяне, ні Палына тут не будзе. Адных пакідаю. Па парку пагуляеце.
Заўтра іх не будзе. Магчыма, цэлы дзень. Папярэджвае, каб у скляпенне не лезлі. Няхай яно згарыць разам з палацам. Заўтра нас тут не ўбачыш.
— Хадзем у палац, — паклікаў вядзьмак. — Павячэраем.
Мы з Петрусём, пераглянуўшыся, пайшлі за ім.
Хоць адным вокам
На другі дзень, калі мы з Петрусём прыйшлі ў парк, ні стуль ні ссюль Палын з'явіўся.
— Добры дзень, хлопчыкі.
Такім я яго яшчэ не бачыў. Звычайна крыўляецца, скача, рукамі махае, спадылба пазірае. А цяпер хоць да раны прыкладзі. Вось-вось, здаецца, абніме, расцалуе.
— Каму добры, а каму і паганы, — буркнуў я.
— Не крыўдуйце на мяне, — усміхнуўся Палын. Няўжо ў сябры напрошваецца? Відаць, свет перавярнуўся. А мо Казімір Міронавіч пабіў як сабаку? Вось і падлізваецца.
— Чаго табе трэба? — запытаўся.
— Шкада мне вас.
— Пашкадаваў воўк авечку, — узлаваўся Пятрусь.
Палын азірнуўся.