— Думаеце, што мне тут добра жывецца? Кожны дзень дагаджай. Хочацца чалавекам быць.
Вось яно што! Думалі, што клёпак у галаве не стае, а ён проста дурня строіць. Няўжо тое, чалавечае, якое было калісьці, абудзілася ў яго?
— Трэба быць чалавекам, — сказаў я. Палын паківаў галавою.
— Малыя вы. Нічога не разумееце. Каб быць чалавекам, трэба сілу мець. Хлопчыкі, вас Казімір Міронавіч паважае. У вас здольнасці. Вы яшчэ ў першы дзень іх паказалі. А на мяне ён глядзіць як на памагатага. Не трэба ўпарціцца, хлопчыкі. Пагадзіцеся. Няхай навучыць вядзьмарству. Я таксама нечаму навучыўся, хоць і не паказваю. Калі і вы навучыцеся, то знішчым Казіміра Міронавіча. Мы станем гаспадарамі гэтага палаца. Нас усе будуць баяцца.
Яшчэ адзін дамагаецца, каб баяліся. А думалася, што чалавекам вырашыў стаць. Перад Казімірам Міронавічам скача на задніх лапках, а каб прымеў, то ў турме згнаіў бы. Пярэварацень.
— Дзядзька, не дуры галаву, — сказаў я. Палын некалькі хвілін пазіраў на нас, адкрыўшы рот, а пасля прамовіў:
— Першы раз кажу праўду. Мая душа крывая, усякага прымае.
— Не дуры галаву, — паўтарыў Пятрусь.
— З вамі піва не зварыш. Вас трэба ў клетцы вазіць і, як дзіва, паказваць.
— Хопіць дрынцець, — прамовіў Пятрусь. Палын са злосцю паглядзеў на яго.
— Скажаце Казіміру Міронавічу?
— Мы не даносчыкі,— адказаў Пятрусь.
— Ну й добра, калі так. Цаны вам няма. Падумайце. Добра падумайце. А я з Казімірам Міронавічам пайду. Бывайце. Вечарам сустрэнемся. — Палын, як здань, знік у кустах.
Мы з Петрусём прыселі на лаўку. Ці здзівіў мяне Палын? На такіх, як ён, за гэтыя дні наглядзеліся. Даносіць на яго? Не. Вось каб мы яму так, як ён нам цяпер, прапанавалі, то адразу ж данёс бы. Рос бы, як на дражджах, апавядаючы.
— Ігнат, непадалёку рэчка ці балота, — парушыў маўчанне Пятрусь. — Сітаўка белая бегае. Бачыш?
Па дарожцы, у некалькіх кроках ад нас, бегала прыгожая птушка, бесперапынна ківаючы галавою і трасучы доўгім чорным хвастом.
— Яе яшчэ пліска завуць? — запытаў я.
— Але, — сказаў Пятрусь. — Яна заўсёды селіцца паблізу вады. Нават прылятае ў красавіку, у час разводдзя.
Я ўсхапіўся.
— Калі тут рэчка, то і човен павінен быць. Трэба пашукаць. Знойдзем і паплывём.
— Не, — сказаў Пятрусь. — Нездарма вядзьмак адных нас пакінуў. Ведае, што не вырвемся. Мабыць, ніякі човен нам не дапаможа.
Мабыць, так. Ведаў, што робіць, калі пакідаў. Але ж можна паспрабаваць. Бедны Саўка недзе мучыцца. Чаму Пятрусь апусціў рукі? Хіба да пенсіі нам тут сядзець?
— Пятрусь, ты…
Мой сябар перапыніў мяне:
— Ігнат, ведаю, пра што ты думаеш, але ж…
— Што «але ж»?
— Але ж хочацца ў скляпенне зазірнуць.
Я таксама не-не ды пазіраў на скляпенне. Таксама хацелася туды зазірнуць. Ды лепей не лезці ў скляпенне. Хіба мала бяды набраліся?
— Баюся, — прызнаўся я.
Пятрусь устаў і зашаптаў у самае вуха:
— Ігнат, а калі там конь стаіць?
— Які конь?
— Незвычайны. Які нас адгэтуль дамоў як на крылах вынесе.
Конь… Незвычайны… Як на крылах вынесе. Ці магчыма гэта? Але, зусім магчыма. Тут жа казка. Расказваецца ў казках, як незвычайныя коні ратуюць хлопцаў-малайцоў, імгненна з аднаго царства ў іншае пераносячы. Што, калі і ў скляпенні ёсць такі конь? Вядзьмак нездарма скляпенне пабудаваў, нездарма загадаў, каб туды не заходзілі. І замок на дзверы не павесіў. Ведае, што пры жаданні з любым замком можна справіцца. Палохае, страху наганяе. Разумее, што страх мацней, чым замок.
— Пятрусь, нас незвычайны конь дамоў занясе, а Саўка ў прафілакторыі застанецца. Нядобра. Мы слова далі.
— Па дарозе заскочым і вызвалім Саўку.
— Ён з намі паедзе?
— Як яму захочацца.
— А калі дамоў прыедзем, то конь у нас застанецца?
— Вядома, застанецца. Хіба ў нас мала балота? Няхай пасвіцца.
І праўда, балота ў нас хапае. Будзе скубці цэлымі днямі. Такога каня не след у воз запрагаць. У яго, напэўна, поўсць сярэбраная, а грыва залатая. Авёс пасеем. Зімою адным аўсом станем карміць. Калі вельмі захочацца, то зноў у казку прынясе. Напэўна, да самага паднябесся ўзнімецца. Страшна? Але ж казачныя героі ляцелі, трымаліся. І мы ўтрымаемся. Моцна-моцна за грыву ўчэпімся. Будзем ляцець, які-небудзь самалёт дагонім. У лётчыкаў вочы на лоб палезуць. І пасажыры ад ілюмінатараў не адарвуцца. Яны на самалёце, а мы на кані. Невядома, каму будзе лепей. Калі стомімся, то папросім каня, каб спусціўся. Ён паслухаецца.
— Пятрусь, пойдзем у скляпенне? — запытаў я.
— Пойдзем.