Выбрать главу

Мы, прыгнуўшыся, бягом да скляпення. Вось яно. Заржавелыя жалезныя дзверы, заржавелая жалезная засаўка на дзвярах. Хіба ніхто ніколі не адчыняў іх?

З дзедам Міронам

Пятрусь пачаў паволі адчыняць дзверы. Яны працягла зарыпелі. Я зусім забыўся пра таго незвычайнага каня, які нібыта ў скляпенні. Падумалася: зараз шугане з дзвярэй полымя, спаліць, спапяліць нас.

— Пятрусь, асцярожней! — крыкнуў я. Пятрусь адчыніў дзверы.

Не, полымя не шуганула. Са скляпення патыхнула затхласцю, цвіллю. Я ўбачыў, што ўніз вядзе стромая лесвіца.

Няўжо там конь? Няўжо яго звялі па гэтай лесвіцы? «Пэўна, грукацеў капытамі, калі вялі», — недарэчна падумалася.

— Тахнула сэрца, калі дзверы зарыпелі,— прызнаўся Пятрусь. — Думаў, што Казімір Міронавіч вылеціць з кустоў.

— Няма яго тут. Кудысьці павалокся ён.

— Павалокся, — прамовіў Пятрусь і ступіў на лесвіцу. Яна задрыжэла.

— Асцярожней! — зноў крыкнуў я. Мой сябар тупнуў нагою.

— Лесвіца вытрымае, хоць і дрыжыць. Відаць, знарок такую зрабілі.

Мы, асцярожна ступаючы, сталі спускацца. Усё ніжэй, ніжэй. Аднекуль зверху прабівалася сонца, асвятляла скляпенне. Я глянуў убок і зніякавеў. На сцяне сядзеў вялізны павук, велічынёю з дзіцячую далоню. Што, калі адспружыніцца доўгімі нагамі, накінецца, учэпіцца, як клешч?

А Пятрусь спускаецца, не заўважае. Павук папоўз за ім. І яшчэ адзін з нейкага кута вылез.

— Пятрусь! Павукі на сцяне.

— Бачу. Ігнат, не глядзі. Не трэба глядзець. Гэта як на вышыні. Калі не глядзіш уніз, то зусім не страшна.

Не трэба глядзець… Не трэба… Няхай паўзуць. Не накінуцца. Усе павукі баязліўцы. Калі ўбачаць чалавека, то стараюцца затаіцца. Але ж гэтыя паўзуць… Ну і няхай. Не трэба на іх глядзець. Няхай паўзуць, калі ім так хочацца.

Суцяшаючы сябе, я спускаўся па лесвіцы, стараючыся не адстаць ад Петруся.

— Апошняя прыступка засталася, — прамовіў ён, а пасля закрычаў: — А-а-а!..

З-пад ягонай нагі вырваўся шэры пацук і імкліва кінуўся ўбок.

Я саскочыў з прыступкі.

— Пятрусь, што з табою?

А ў Петруся плечы ходырам ходзяць.

— На нешта мяккае наступіў,— ледзь вымавіў ён.

Вядома, на што ён наступіў. На пацука. Нездарма той так ірвануўся. Калі б я наступіў… Калі б я… Што было б? Лепей не думаць пра гэта. Не думаць…

— Пятрусь, не бойся. Ён пабег.

— Хто?

— Пацук.

— Дык я на пацука наступіў? — Пятрусь плюнуў на цэментаваную падлогу. — Цьфу! Разлёгся каля самай лесвіцы. Ну й падла!

— Хто тут? — неспадзявана данеслася да нас. Я прыставіў палец да вуснаў.

— Пятру-усь… Тс-с…

— Хто тут? — пачулася другі раз.

Я прыгледзеўся і ў самым канцы скляпення ўбачыў старога, які сядзеў каля сцяны.

— Пятрусь, там дзядуля.

— Дзяду-уля-а… — працягла прамовіў сябар. Не спадзяваліся мы, што старога ў скляпенні

ўбачым. Няўжо Казімір Міронавіч загадаў, каб дзеля яго скляпенне пабудавалі? Чаму ж хавае? Казаў нам, каб не заходзілі. Хіба гэты нямоглы стары нас адужае?

— Хто там? — зноў запытаў стары. Я адразу пасмялеў.

— Мы.

— Хто вы?

— Хлопчыкі.

— Падыдзіце бліжэй.

Мы падышлі і аслупянелі. На шыі ў старога быў шырокі жалезны абруч, на якім вісеў замок. Ад абруча цягнуўся тоўсты ланцуг, прыкуты за кольца да сцяны.

— За што вас так? — вырвалася ў Петруся. Стары паціху сказаў:

— Пасля пра гэта. Як вас сюды прынесла?

— Мы не па сваёй волі,— адказаў я. — Нас прывёў Казімір Міронавіч.

Стары падняў галаву.

— Мой сын?

— Ён ваш сын? — усклікнуў Пятрусь.

Я глядзеў на старога і не верыў. Хіба магчыма, каб родны сын бацьку ў скляпенні прыкаваў? Бацька яго гадаваў, на руках няньчыў, першым словам вучыў. За што ж так?

— Мяне дзедам Міронам зваць, — прагаварыў стары. — Сорамна прызнавацца, што родны сын на ланцуг пасадзіў. Прадаўся ён і ўсё прадаў.

— Каму? — запытаў Пятрусь.

— Паганаму чорту. У нашым родзе ўсе з мазаля жылі. Аралі, сеялі. Ніхто зла людзям не чыніў. А гэты… Калі сваю душу чорту прадаў, то мяне выракся. Цяпер з нячысцікамі знаецца. За іх гарою стаіць. Яны для яго найдарожшыя.

— Чаму ён сваю душу прадаў? — прамовіў Пятрусь.

— Чорт паабяцаў, што багацце дасць, калі ад бацькі адмовіцца, калі ад свайго народа адрачэцца, калі пра свае песні забудзецца. Прысягнуў сын, а чорт яго вядзьмарству навучыў, чарам самым лютым.

Ад народа адрокся гэты Казімір Міронавіч. Хто ж ён? І чортам не стаў, і чалавекам таксама не стаў. Няўжо стаіць вось так, пасярэдзіне? Не то чорт, не то чалавек, не то яшчэ хто. Бацьку ў скляпенне, бацькавы песні пад замок…