Цікаўная Алеся. Да самага заходу сонца слухала б. Што ж, можна пацешыць.
— Ёсць заморскія краіны, — сказаў ён.
— Чаму заморскія? — запытаў Мацей.
Што ж сказаць яму? Краечкам вуха чуў, што ёсць такія. Сапраўды, чаму заморскімі іх называюць?
— Бо за морам яны, — нарэшце здагадаўся, як адказаць.
— А якое яно, гэтае мора?
Зноў Мацей у кут на калені паставіў. Якое ж яно, мора? Сам ніколі яго не бачыў. Трэба ў Яся запытаць. Ясь слаўны хлопец. А розных гісторый гэтулькі ведае, што яны ў яго быццам з рукава сыплюцца.
— Ты менш пытайся, а больш слухай, — прамовіў Янка. — Многае вяканне даводзіць да бякання. Зразумеў?
— Зразумеў,— насупіўся Мацей.
Янка з палёгкай уздыхнуў. Добра, што хоць не пытаецца. Вось смала. Такі абняславіць.
— У гэтых заморскіх краінах лятаюць змеі на крылах.
Мацей шырока-шырока расплюшчыў вочы.
— Як птушкі? Янка кіўнуў галавою:
— Як птушкі.
— Ад такіх нідзе не схаваешся, — прагаварыла Алеся.
— Нідзе, — пагадзіўся з ёю Янка. — Яны быкоў раскусваюць напалам. У тых заморскіх краінах растуць дрэвы, на якіх спее жыта. Людзі збіраюць яго, таўкуць у ступах і пякуць сітнікі.
— Калі б у нас былі такія, я многа-многа сітнікаў напякла б, — падхапіла Алеся. — Штодзень елі б сітнікі.
— Янка, глянь! — усклікнуў Мацей. — Васілевіцкія на наша балота сваіх кароў прыгналі.
Янка зірнуў уніз. На самым ускрайку балота, каля лесу, ходзяць каровы. Непадалёку стаяць васілевіцкія хлопцы, яго, Янкавы, адналеткі — Антон і Макар. У Антона рабацінне на шчоках. Мабыць, не адно птушынае гняздо разбурыў. Кажуць жа людзі: разбурыш птушынае гняздо — рабым будзеш. І Макар за яго не лепшы. Калом шапкі не дастанеш. Вясною Янка пабіўся з ім. За свістульку. Ён, Янка, выразаў з вярбы свістульку. Добрая свістулька выйшла. Нібы салоўка, цёхкала. А гэты схапіў і зламаў. Стаў апраўдвацца, што незнарок. Ды не паверыў яму Янка. Ліхія хлопцы, адзін у аднаго. На чужое балота кароў прыгналі. Быццам свайго няма.
Янка ўскочыў.
— Эй, вы, бусліныя шыі! Чаму на наша балота кароў прыгналі?
— Ты сам верабей, — агрызнуўся Антон.
— Парэчкі-авечкі,— крыкнуў Макар. Зразумела, чаму так. Калі іх, парэцкіх, вельмі хочуць дапячы, то заўсёды так дражняцца.
— Васілі-бабылі,— не сцярпела Алеся. — Як станеце на палена, то свінні па калена.
— У вас вядзьмак не мог памерці, і ў столі дошку адрывалі,— крыкнуў Мацей.
— А ў вас… У вас летам на печы ляжаць, а зімою поле аруць, — гукнуў Антон.
На чужым балоце нібы на сваім. Каму даспадобы такое? Хіба стрываеш? І Янка не стрываў:
— Каменьмі іх.
Добра шпурляць каменьмі з гары. Ляцяць далёка, б'юць трапна. Янка з першага разу Антону ў нагу пацэліў. Антон заенчыў, заскакаў.
— Мала? Мала? — узрадаваўся Мацей. — Яшчэ хочаце?
Антон і Макар, убачыўшы, што непярэліўкі, кінуліся да кароў, сталі заварочваць.
Янка, набраўшы ў дзве жмені каменняў, гукнуў, нібы сапраўдны вой:
— За мною!
Галёкаючы, забыўшыся пра ўсё на свеце, яны пакаціліся з гары. Антон і Макар завярнулі кароў і пагналі ў лес.
— Мы яшчэ пакажам вам, — патрос напаследак кулаком Антон.
— Сабака віляе хвастом, а ты языком, — даў здачы Мацей.
Васілевіцкія схаваліся ў лесе.
— Добра ім далі,— сказаў Янка. — Цяпер і дамоў можна ісці.
— Яны не вернуцца? — запытаў Мацей.
Сам задаволены, што кот на цёплай печы. Усмешка на ўвесь твар.
— Не вернуцца. Будуць ведаць, як у чужое лезці.
Радуючыся, смеючыся, яны ішлі па ўскрайку лесу. Лес — карміцель (тут і дзічына, і ягады, і грыбы), лес — добры бацька (ад ворага схавае, выратуе) — стаяў у соннай дрымоце.
Мацей, які крочыў уперадзе, неспадзявана стаў. Янка штурхнуў яго.
— Чаго рот разявіў?
— Там, там… — Твар у Мацея збялеў. Сам калоціцца, як і тады, калі ўбачылі за рэчкай крыжакоў.— Там… Там цётка з барадой. У яе барада, як у мужчыны. Чорная.
Нечаканая навіна
Янка сваім вушам не верыў. Ні разу не бачыў, не чуў, каб у цёткі, у жанчыны, вырасла барада, як у мужчыны.
Ён зірнуў на Мацея.
— Збыткуеш?
— Т-там… Т-там… С-стаяла… С-стаяў…
— Хто стаяў? Дзе стаяў? — разгубіўся Янка.
— Н-не ведаю, хто с-стаяў. Там… — Мацей тыцнуў пальцам, паказваючы на бухматы лазовы куст.
— С-стаяла. Такое с-страхоцце, — падала голас Алеся. — І я яго б-бачыла.
Янка азірнуўся. І Алеся трасецца, дыхае часта-часта, нібыта ляцела на злом галавы.
Няўжо кажуць праўду? Не жартачкі! Нейкая цётка з барадой стаяла і на іх глядзела. Што ж рабіць? Прыпусціцца, каб ад бяды далей? Але ж няёмка перад малымі. Падумаюць, што баязлівец. Мажліва, ім здалося. Мажліва, раней дамовіўшыся, выдумалі, каб пасля з яго пасмяяцца.