Выбрать главу

Ён адкрыў рот, каб сказаць пра гэта, ды бацька апярэдзіў яго:

— З Васілевіч людзі прыязджалі, казалі, што вы ў іх усе агароды парылі, моркву парвалі.

Не спадзяваўся Янка, што такое пачуе. Нават вушам сваім веры не даваў.

А бацька з горыччу закончыў:

— І не брыдка? Увесь наш мір, усю абшчыну абняславілі.

Калі б так было, то, сапраўды, абняславілі б. Адно парася завядзецца, а на ўсю абшчыну пляма кладзецца, усе адказваюць. Калі віноўніка ці злачынцу не знойдуць, разам пакрываюць страты, нанесеныя чужой гаспадарцы альбо гаспадару. Вечная ганьба той сям'і, у якой злодзея знойдуць. Вось чаму бацька злосны.

— Татка, мы не рвалі моркву, — стаў абараняцца Мацей.

А хто ж яе рваў?

— Не ведаем.

— Ведаеце. Усё вы ведаеце.

Янка зірнуў на маці. Маўчыць, апусціўшы вочы. Што ж, не след ёй сваё слова ўстаўляць, калі старэйшы ў сям'і разбіраецца. Старэйшы ў сям'і па бацькоўскай лініі за ўсё адказвае. Ён адказвае — яму і вырашаць. Толькі вельмі важнае з жыцця вырашае сямейны савет — дарослыя мужчыны і жанчыны. Маўчыць маці. Татка старэйшы ў сям'і па бацькоўскай лініі. Калі б дзед не загінуў на вайне з крыжакамі, то…

Янка ўзняў вочы, поўныя слёз.

— Не рвалі мы моркву.

— Вас на днях васілевіцкія да самага Парэчча гналі,— прагаварыў бацька. — Помсціцеся. Э-эх вы!.. Яшчэ воямі хочаце стаць.

Такога Янка не мог стрываць. Але, гналі. Ды тады васілевіцкіх было болей. І плячо не зажыло. А хіба дасі рады, калі баліць, калі параненае? Нават каменем не кінеш.

— Ад нас сёння васілевіцкія што падмеценыя ўцякалі,— сказаў ён.

— Можа, і не вінаватыя яны, — нясмела азвалася маці.

— Канешне, не вінаватыя, — пасмялеў Мацей. — Мы на Каўпаку сядзелі. У Алесі запытайце. Яна была з намі.

Бацька павярнуўся да Янкі.

— Раскажы.

Янка апусціў галаву.

— Не буду.

Кожнаму крыўда не міла. Чаму без дай прычыны бэсціць? Чаму не пацікавіўся, дзе былі?

— Упарты, — прагаварыў бацька.

— Увесь у цябе, — уздыхнула маці.

— Будзеш расказваць ці не? — запытаў бацька.

— Я раскажу, — падскочыў Мацей.

І хутка-хутка, спяшаючыся, расказаў, як сядзелі на Каўпаку, як убачылі васілевіцкіх хлопцаў, як прагналі іх.

Выслухаў бацька і сказаў:

— На свеце ўсяляк бывае. А хацелася б ведаць, хто гэта іхнія агароды перарыў. Людзі ўсю зіму ні рэдзькі, ні морквы не бачылі. Такое толькі самы люты вораг мог зрабіць.

У яме

Пасля паўдня прыбегла Алеся.

— Хлопчыкі, хадзем па маліны, — зашчабятала. Янка пазайздросціў ёй. Вясёлая, шчаслівая.

Быццам ліпавага мёду наелася.

— А-а-а… — махнуў рукою.

Нядобра на душы. Хоць і паверыў ім бацька, хоць і даказалі, што не яны чужую моркву парвалі, але ўсё роўна нехта ў вёсцы скажа: «Можа, і яны». Рот не каўнерык — не зашпіліш.

А Алеся шчабеча, што птушка:

— Ой і вядроныя маліны! Мама казала: шышакамі растуць. Страсянеш галінку — самі ў берасцень сыплюцца.

— Няхай сыплюцца, — мармытнуў Янка.

— Чаму вы такія хмурыя? — здзівілася Алеся. Не хацелася расказваць, квяліць душу, соль на свежую рану сыпаць.

— Бо хмурынка на неба набегла, — сказаў Янка.

— Васілевіцкія выдумалі, што мы моркву ў іх парвалі,— растлумачыў Алесі Мацей.

— Вы парвалі?

— У васілевіцкіх моркву зранку парвалі,— прамовіў Мацей. — А мы зранку дзе былі?

— На Каўпаку. Так і сказалі б.

— Сказалі. Ды што з таго? Усім не дакажаш. Алеся азірнулася. Быццам спалохалася, што хтосьці падкрадзецца, падслухае іхнюю гаворку.

— Ведаю, хто моркву парваў.

— Хто? — схапіў Алесю за руку Мацей. Відаць, здалося яму, што не скажа, уцячэ.

— Тая цётка з барадой.

— Яна, яна, — замахаў галавою Мацей. — Яе работа.

Янка зірнуў спярша на Алесю, пасля на Мацея. Страх у вачанятах. Не пераканаў, на сваім стаяць. Чакаюць, што цяпер скажа.

— Выкіньце з галавы, — прагаварыў ён. — Няма ніякай цёткі з барадой.

— Ёсць. Гэта васіліск, які ператвараецца з мядзведзя ў пякельнага цмока, — пратарабаніла Алеся.

— Васіліск, — падхапіў Мацей. — Сёння ён ператварыўся ў цётку з барадой, а заўтра немаведама ў каго ператворыцца.

Калі б не сённяшняя сутычка з васілевіцкімі, то Янка, відаць, паверыў бы ім. Усё-такі не адступаюцца ад свайго, здаецца, шчыра кажуць. Ды гэтая сутычка… «Помсцяць васілевіцкія. І кароў на злосць прыгналі, і моркву знарок парвалі. Ведалі, на каго падумаюць», — разважыў ён.

— Выкіньце з галавы. Васілевіцкіх работа. Яны самі моркву парвалі. Хітрыя. Гэта камень у наш агарод.