Уздыхнуў. На руку капнула гарачая сляза. Гарыну шкадаваў? Ці сябе?
Янка доўга сядзеў, гледзячы на мутную кроплю-слязу. А пасля… Пасля нечый далёкі голас (ці не бацькаў?) быццам шапнуў: «Яначка, роспачы ніколі не паддавайся. Хоць не хоць, а вушы не апускай. Не сілай ухапі, а розумам, не скора, ды здорава».
Ён падскочыў. Хіба можна вушы апускаць? Чаму забыўся пра бацькаву навуку? «Не сілай ухапі, а розумам». Што ж зрабіць? Што прыдумаць? А калі пакрычаць? Трэба пакрычаць. Нехта пачуе, выцягне.
— О-го-го-о!.. — на ўсю сілу крыкнуў ён.
Цішыня. Нават сучок не трэснуў.
Яшчэ раз крыкнуў, набраўшы паветра:
— О-го-го-о…
Здаецца, там, наверсе, трэснуў сучок пад чыёйсьці нагою. Але, трэснуў. Нехта ідзе. Каб хоць не мінуў.
— Дапамажы-ы-це-э…
Ідзе, ледзь чутна ступае. Гэта не звер. Крок чалавека. Стаў. Чаму?
— Дапамажы-ы-це-э…
Стаіць. Чаму не йдзе? Чаму не ратуе? У галаве мільганула: «А калі гэта лясны бажок?»
Бажок… Лясны… Людзьмі пакрыўджаны…
Аднаго разу ён, Янка, убачыў, як маці вечарам вынесла з хаты міску тварагу і паставіла каля парога. Падбег да яе: «Чаму?» — «Калісьці ў нас было шмат бажкоў,— стала расказваць маці.— І з дрэва выразаныя, і з каменя вычасаныя. Яны стаялі не толькі ў вёсцы, але і ў кожнай хаце. Усе дагаджалі ім. Каб рыба лавілася, каб дзічына трапляла, каб карова малака давала, каб жыта каласіла. А пасля людзі прагналі іх, сталі аднаму верыць, які ў нашай хаце на покуце вісіць. Уцяклі бажкі ў лес, пакрыўдзіліся. Чуў, як іншы раз вецер за акном усходзіцца, на розныя галасы завые? Кажуць: гэта галодныя бажкі плачуць». — «Хочаш тварагом накарміць, каб не плакалі?» — скеміў ён. «Шкада іх», — уздыхнула маці.
Дык хто ж ішоў? Хто стаў? Няўжо пакрыўджаны людзьмі бажок? Нечага чакае. Мо ўсё-ткі выратуе? Не. Яго людзі ў лес прагналі. Такое не забываецца.
— Дапамажы-ы…
Крык абарваўся ў грудзях, засеў недзе ў горле. Над ямай, убачыў ён, схілілася… цётка з барадой. Барада, што сажа, бельмамі зыркае, як пякельны Цмок. Вось-вось агнём смалянуць. На галаве хусцінка… Тая… Гэта ж тая цётка, пра якую Алеся і Мацей казалі. Тады не паверыў ім. Няўжо васіліск?
Янка, не спускаючы вачэй з гэтага злыдня, стаў адсоўвацца назад. Спіна ўперлася ў сцяну.
— Дап…
Цётка з барадой, размахнуўшыся, кінула сухой грудкай. Грудка пацэліла ў галаву, рассыпалася. Болю Янка не адчуў. Куды ж схавацца?
Цётка з барадой наставіла рукі. Вось-вось уніз скокне… Каб не самлець ад страху… Няма ратунку…
— Дапамажыце-э!..
Цётка з барадой нечакана адскочыла. Яе крокі ўсё далей, далей. Заціхаюць. А блізка, здалося, побач зусім, чалавечыя галасы.
Сварка
Перасільваючы страх (што, калі цётка з барадой зноў прыпрэцца?), Янка гукнуў:
— Дапамажыце-э…
Прыслухаўся. Бягуць, спяшаюцца. Усё-ткі людзі, свае. Ён узняў вочы і ўбачыў знаёмыя твары Антона і Макара. Яны, відаць, ляглі ніцма і пазіралі на яго зверху.
Вылецела з галавы, што збіраўся правучыць.
— Хлопцы… Хлопцы… Дапамажыце…
— Мядзведзь у яму ўваліўся, — засмяяўся Антон.
— Не. Яначка зямлянку вырыў, ад людзей хаваецца, — укалоў Макар.
А ён, не зважаючы, радасна паўтараў:
— Хлопцы… Хлопцы…
Хіба не радасць? Хіба не шчасце? Не пярэварацень, а свае, знаёмыя перад табою. Нядаўна біўся з імі? Хіба будзеш думаць пра гэта? Яны дапамогуць. Абавязкова дапамогуць. Такі закон. Як гаворыцца, не з нас пайшло.
— Хлопцы… Хлопцы…
— Табе там не цесна? — падпусціў шпільку Антон.
— Ён даўно там жыве, — падхапіў Макар.
На вачах у Янкі выступілі слёзы. Горкасці ці радасці? І сам не ведаў гэтага.
— Хлопцы… Хлопцы…
Антон, пэўна, заўважыў, што ён сам не свой, бо крыкнуў:
— Пачакай. Лясіну прынясем.
— Апусцім у яму, вылезеш, — дадаў Макар. Сказалі гэтак і зніклі. Быццам не было, быццам прыснілася. Падумалася са страхам: «Што, калі ўцякуць? Не, — адагнаў гэтую думку. — Вечная ганьба таму, хто ў бядзе пакіне. Вызваляць. Можна пачакаць».
— Беражыся, — пачуўся над галавою Антонаў голас.
Прыйшлі. Не пакінулі. А яшчэ хацеў даць па голых пятах каменьчыкамі.
— Апускайце.
Антон і Макар апусцілі сукаватую лясіну, і ён, намацваючы рукамі сукі, вылез са страшнай ямы.
Як ярка свеціць сонца! Якое пяшчотнае яно! А колькі кветак! Розных кветак. Вунь матылёк паляцеў, сеў, склаўшы крыльцы. Таксама падобны на кветачку. Усё нібы першы раз бачыш. Дзіўна…
— Чаго ты так? — падышоў Антон. Янка не зразумеў.
— Га?
— Глядзіш, нібы забраць збіраешся.