— Колькі смутку, столькі й радасці,— сказаў Янка.
— І чаго цябе ў яму панесла? — запытаў Антон.
— Ляцеў на злом галавы.
— Але ж і страху ты набраўся, — паспачуваў Макар. — Твар што палатно.
— Я… я…
Падмывала расказаць, як падкралася цётка з барадой, як нагнала страху. Ды не ведаў, з чаго пачаць. Тых слоў не знаходзілася.
— Табе трэба халоднай вады напіцца, — сказаў Антон.
Янку нібы прарвала.
— Хлопцы… Хлопцы… Сяджу ў яме, галёкаю… І тут… Глядзіць на мяне цётка з барадой. Сама ў кашулі, на галаве хусцінка, а барада чорная, што смоль. Я крычу: «Дапамажыце». А яна… Ён… Гэта васіліск. Пярэварацень. Ён са звера ў чалавека ператварыўся. Зыркае на мяне вачыма. Вы ішлі, а ён пачуў і схаваўся. Уцякайма адгэтуль.
Антон узяўся за жывот.
— Ха-ха-ха… Навыдумляў!
— Я не выдумляю. Праўду кажу. Праўду…
— Чаго па лесе бадзяўся? Васіліска шукаў? — перапыніў Макар.
— Хацеў па вас каменьмі,— вырвалася само сабою.
Макар прыжмурыў вочы.
— Па нас?
Янка адвёў убок позірк. Прызнаўся дык прызнаўся. Вядома, спароў глупства.
— Па вас. Вашы мужчыны сказалі, што мы вашы агароды перарылі, моркву парвалі, а я падумаў, што твая і Антонава работа.
Янка намерваўся сказаць, што цяпер так блага не думае пра іх, бо ведае: моркву цётка з барадой парвала, усім ім на шкоду. Таму няма чаго злавацца. Ды Антон апярэдзіў яго.
— Мы ў сябе моркву станем рваць? Нясеш несусвеціцу.
— Хлопцы, я…
— Мы яго з ямы выцягнулі, а ён па нас каменьмі,— успыхнуў Антон. — Яшчэ і нейкую цётку з барадой прыплёў. Валіць шышкі. Макар, навучым яго, як на сабак брахаць?
— Хлопцы, я…
Антон штурхнуў у грудзі.
— Ідзі, пакуль мы добрыя.
— Я…
— Ідзі. Ідзі.
Янка паплёўся, апусціўшы рукавы. Не далі апраўдацца, нават слухаць не захацелі. Увёў у злосць.
— Сёння мы на твой агарод прыйдзем і ўсю моркву палатошым, — галёкнуў Антон.
Янка стаў.
— Не жартуеце? Антон патрос кулаком.
— Хопіць мянціць языком. Заўтра сам пабачыш.
Ясь і…
Каля хаты Янку сустрэлі Мацей і Алеся.
— Дзе ты быў? — кінуўся Мацей.
— Дзе? Дзе? — зашчабятала Алеся. Янка махнуў рукою.
— А-а, доўга расказваць. Дзе быў, там ужо няма.
Не хацелася вярэдзіць душу. Чым пахвалішся? Сказаць, што бачыў цётку з барадой? Упікнуць. Маўляў, не верыў нам. Расказаць, як у яму ўваліўся? Прыйдзецца і пра васілевіцкіх успомніць, а яны яго што крапівою высцебалі.
А Мацей не адступаецца.
— Яначка, дзе ты быў? Не цягні ката за хвост. І Алеся не лепшая за яго.
— Яначка, дзе?
Прычапіліся, што сляпні. Вось назолы! Відаць, заўважылі, што адгаворваецца, што як хмара.
— У лесе, — сказаў, каб толькі адчапіліся.
— У лесе? — вытрашчыў вочы Мацей.
— Цётку з барадой не сустрэў? — запытала Алеся.
— Я ў яму ўваліўся, — прызнаўся Янка. Няхай і ім будзе навукай.
Мацей вытрашчыў вочы.
— Цётка з барадой яе выкапала? Яна ўсіх дзяцей у яму ловіць? А як яна цябе адпусціла?
— Яму нехта з нашых мужчын на звера выкапаў. Я бег, не заўважыў…
— Уваліўся, а пасля прыйшла цётка з барадой? — здагадаўся Мацей.
— Прыйшла. Каб яе чорт у балота занёс. Сухой грудкай у мяне кінула. Васіліск гэта, пярэварацень.
— Я свайму бацьку пра яе раскажу, — прамовіла Алеся.
Янка паглядзеў на яе. Уся аж трымціць. Карціць ёй бацьку расказаць. А ці добра так будзе? Нядаўна людзі з крыжакамі ваявалі. Пачуюць пра гэтага васіліска — усё кінуць-рынуць. А цяпер жа самая работа. Сена косяць. Мінулае лета галодным выдалася. Зноў усю зіму галадаць? Лепей прамаўчаць. Васіліск крыху пабрындаецца і далей пасунецца. Прыйшоў жа ён аднекуль.
— Алеся, не кажы бацьку. Ён пойдзе шукаць тую цётку з барадой, а яна яго за горла.
— Схопіць за горла?
— А як ты думала. Не кажы, калі бацьку шкадуеш. Гэтая брыда доўга ў нас не будзе. Ёй на адным месцы не сядзіцца.
Алеся зніякавела.
— Добра. Я нікому-нікому не скажу.
— Янка, цябе, мабыць, цётка з барадой з ямы выцягнула. Вось і заступаешся за яе, — раптам прамовіў Мацей.
Ну й дае брат! Такая выцягне. Так выцягне, што ногі выцягнеш.
— Мяне Антон і Макар выцягнулі. Васілевіцкія хлопцы. Цётка з барадой схавалася, калі іх убачыла. Нейкая баязлівая яна.
— Ясь ідзе! — усклікнуў Мацей.
— Ясь! Ясь! — узрадавалася Алеся.
— Пра цётку з барадой каб ні слова, — папярэдзіў іх Янка. — Не след вёску на ногі паднімаць.
— Угу, — угукнула Алеся.
— Памаўчу, — муркнуў Мацей. — Яна і нашага бацьку можа за горла схапіць.