«Карціць расказаць, — падумаў Янка. — У такога, як ён, жаба на языку не спячэцца».
— Алеся! — здалёку паклікаў Ясь. Зачырванелася Алеся. Як жа! Храбры вой Ясь не хлопцаў, а яе, дзяўчынку, кліча.
Падбегла да Яся, блакітныя вачаняты ўзняла.
— Чаго?
Ясь нагнуўся і нешта зашаптаў ёй на вуха. Цікава. Янка непрыкметна бачком, бачком — бліжэй да іх. Ды толькі апошнія словы пачуў:
— Алеська, добра? Алеся як зарагоча:
— Дудачку з бузіны зробіш?
— Зраблю. — Ясь вырваў бузіну, прысеў на пляскаты камень-валун (невядома, калі і хто яго сюды прыцягнуў), дастаў нож, пачаў майстраваць дудачку.
Мала таго. Песню завёў:
Ой, стаяла бярозанька Проці ўсходу сонца, Заплакала дзяўчыначка, Гледзячы ў ваконца.Янка пазайздросціў яму. Прыгожа спявае. Што ж, голас не пераймеш. А вось праведаць, пра што ён Алесі казаў, не шкодзіць.
— Алеся, што табе Ясь казаў? Алеся пырснула ў далоньку.
— Прасіў, каб сказала, дзе цяпер наша Паўлінка.
Усяго чакаў Янка. Толькі не гэтага. Самы храбры вой, і раптам пытаецца пра нейкую дзяўчыну! Хлусіць Алеся.
Ой, чаму ж ты, мая маці, Мяне не ўзбудзіла, Як першая чарада У войска выхадзіла? —спявае, цешыцца Ясь.
— Алеся, навошта ваша Паўлінка яму спатрэбілася?
— Хм, — хмыкнула Алеся, — яна ж яму даспадобы. Ці ж не чулі, як раней казала?
Янка глянуў на Яся. Спявае, выводзіць:
Ой, таму я, мая дочка, Цябе не будзіла, Бо паехаў твой каханы, Каб ты не тужыла.— Алеся, мне не верыцца.
— Ну і не вер. Наша Паўлінка на балоце сена грабе. Не скажу Ясю, пакуль дудачку не зробіць.
Хутка ходзіць нож у Ясевых руках, журботна гучыць песня:
Ой, здаецца, мая маці, Не тужу, не плачу, А як выйду на вуліцу, Сцежачкі не бачу.— Ясь, табе не раз даводзілася ваяваць? Так? — прагаварыў Мацей.
— Бывае на вяку сем лат на баку. Пакліча князь — і сядлаю коніка, — адказаў Ясь.
— Шмат дарог твой конік перамераў? — усё дапытваўся Мацей.
— Мне нават на Варажскае мора прыйшлося паглядзець, — сказаў Ясь.
— Якое яно, тое мора? — запытаў Янка.
— Вялікае. Глянеш — канца-краю не відаць. А вада такая салёная, што кашу можна варыць, ні шчопці солі ў гаршчок не ўкінуўшы.
— Там з крыжакамі ваявалі? — пацікавіўся Мацей.
— Ваявалі. Умеюць яны біцца. У іх ёсць і лучнікі, і конніца, і капейшчыкі. Сіла. А хітрыя, што лісы. Так і стараюцца вакол пальца абвесці. Бывае як? Малымі сіламі ўдараць у адным месцы. Князь са сваімі харугвамі туды. Яны ж, сабраўшыся ў кулак, у іншае месца б'юць, у безабароннае. Ды і мы не лыкам шытыя. Славяне мы. Добра іх нораў ведаем. Бачылі, як у балота загналі? Каб не загналі, то не адна маці заплакала б.
Ясь замаўчаў. Глядзіць кудысьці ўдалеч. Ці не тое далёкае салёнае Варажскае мора хоча ўбачыць?
— Ты дудачку ўжо зрабіў? — парушыла маўчанне Алеся.
Ясь паднёс да рота дудачку. Зайграла, заспявала дудачка. І здалося Янку, што расказвае яна пра слаўны славянскі народ, які не толькі мужна біўся.
— Ясь, як раней людзі жылі? Раней было шмат бажкоў? — запытаў, бо прыгадалася, як маці тварог ім выносіла, як шкадавала, што ў лес прагналі.
— Шмат. Былі заступнікі рода — Род і Рожаніца. Яшчэ людзі пакланяліся Перуну — богу грому, Велесу, які пра жывёлу клапаціўся. А ты чаму пра гэта пытаеш?
— Хочацца ведаць.
Ясь устаў, прытуліў яго да сябе.
— Пытайся, Яначка. Часцей пытайся. Ну, а калі вырасцеш, калі станеш у паходы хадзіць, то вечарам каля цяпельца шмат чаго наслухаешся. Падрастай. Хутчэй падрастай, Яначка.
— Я цяпер хачу ведаць.
— Забягайце да мяне. Пацешу. — Ясь падаў Алесі дудачку: — Трымай, перапёлачка.
Алеся ўзяла дудачку, сказала з гонарам:
— Я не перапёлачка, я дзяўчынка. Ясь засмяяўся звонка-звонка.
— Дзяўчынка, дзе твая Паўлінка?
— На балоце. З бацькам сена грабе. Ясь крутнуўся на адной назе.
— Пабягу. Да сустрэчы, хлопчыкі і дзяўчынка. Янка, уздыхнуўшы, прагаварыў:
— Ясь — смелы вой. А вы смелыя?
— Я смелы, — пахваліўся Мацей. А Алеся паціху прызналася:
— Я толькі крыжакоў і цёткі з барадой баюся.
— А васілевіцкіх хлопцаў ніхто з вас не баіцца?
— Яначка, ты біцца з імі сабраўся? — пацікавілася Алеся.
— Біцца мне не хацелася б, але на свае вушы чуў, як хваліліся, што сёння вечарам на нашым агародзе моркву парвуць. Трэба папільнаваць. Сцапаем як міленькіх. Хто са мною?
— Цётка з барадой не прысунецца? — запытаў Мацей.