— Эх ты! Калі чоўнам навучышся кіраваць?
— Я, я… — пачаў Мацей. Янка перапыніў яго:
— Не пераскочыўшы праз калоду, не кажы гоп. Хадзем збіраць шчаўе.
Шчаўе расло цэлымі купінамі. Маладзенькае, яно яшчэ не пайшло стаўбунамі. Яны рвалі лісцік за лісцікам і кідалі ў белыя палатняныя торбачкі.
— Вунь у мяне колькі,— пахвалілася Алеся, паказваючы сваю торбачку.
Янка пачаў назіраць за Алесяй. Спрытна ходзяць пальчыкі, нібы зубкі ў вавёркі.
— Праўда, што дзесьці ў лесе крыжакі? — нечакана прамовіла Алеся.
Янка аж сцепануўся. Казала перад гэтым маці:
«Ад берага не адыходзьцеся. Атрад крыжакоў па лесе блукае».
Звычайна крыжакі, ведаў ён, нападаюць, калі марозам балоты скуе. Апошні раз восенню нападалі, ды ледзь ногі іх вынеслі. А гэтыя, пра якіх казала маці, відаць, адбіліся ад сваіх, заблудзіліся. Лютуюць. «Шалёны атрад», — кажуць пра іх мужчыны-воі. Шалёны… Быццам звер, які ашалеў. Крывавы след пакідаюць. Нездарма на іхнім сцягу вымалявана Крывавая Рука.
— Не бойся. Нашы рыскуны гэтых крыжакоў шукаюць. Калі што, пададуць знак, — сказаў Янка.
— Я чула, што крыжакі ў белых балахонах. На гэтых балахонах чорныя крыжы. Праўда?
— Праўда, — азваўся Мацей. — Ёсць крыжакі, якія называюць сябе рыцарамі. Яны і іхнія коні ўсе ў жалезе. А яшчэ ёсць крыжакі — кнехты. Гэта слугі рыцараў, збраяносцы.
— Хто табе казаў?
— Ясь, — пахваліўся Мацей. — Ясь шмат ведае.
— Шмат, — пагадзіўся з ім Янка.
Так, Ясь хоць і малады, але бойкі, не раз і не два ў паход хадзіў. Калі сядзе на свайго Белалобага, вецер не дагоніць.
— А праўда, што ў крыжакоў пер'е на галаве? — пырснула ў далоньку Алеся.
— Не на галаве, а на шлеме, — заўважыў Янка. — Пер'е паўліна. Яго носяць самыя знакамітыя рыцары.
— Табе хто казаў?
— І я ад Яся чуў.
— Паўлін — гэта што? Янка паціснуў плячыма.
— Мабыць, птушка.
— А вось тое, што я ведаю, вы не ведаеце, — пахвалілася Алеся.
— Што? — аж рот разявіў Мацей.
— Ясь нашу Паўлінку кахае, — сказала Алеся.
— Не веру, што Ясь кахае вашу Паўлінку, — прамовіў Мацей. — Ён вой. Яму з крыжакамі трэба біцца.
Алеся тупнула босаю нагою.
— Кахае. Сам мяне ўчора прасіў, каб Паўлінку з хаты паклікала.
— Хлусіш.
— Калі яшчэ раз такое пачую, то торбачкаю па галаве дам.
Янка паўшчуваў:
— Вы не вельмі. Разбубніліся, што чмялі. Дамоў пара.
— А я ведаю, што ў крыжакоў ёсць арбалеты, — прагаварыў Мацей.
Янка прамаўчаў. Пра такую зброю і ён чуў. Ведаў, што з арбалета страляюць драўлянымі стрэламі з жалезным наканечнікам. Аж на трыста — чатырыста крокаў.
— Арбалет далёка страляе. Стралой з арбалета можна нават рыцарскія латы прабіць, — зноў сказаў Мацей.
— Ну і што? — зірнула на яго Алеся. — Ясь суліцу кіне далёка і таксама рыцарскія латы праб'е. Мне тата сказаў.
— Табе казаў, а мне… А мне… — стаў наступаць на яе Мацей.
Алеся нечакана піскнула, нібы птушанё:
— Крыжакі!
Янка азірнуўся і зніякавеў. На ўскрайку лесу скупіліся коннікі ў белых балахонах, на якіх — чорныя крыжы. У пярэдняга конніка на шлеме пер'е, няйнакш, паўліна, пра якога нядаўна казалі. А над галавою аднаго з коннікаў сцяг, на якім вымалявана страшная Крывавая Рука. Так блізка Янка яшчэ не бачыў ворагаў, але адчуў, кожнай клетачкай адчуў, што гэта бяда, што трэба ратавацца як мага хутчэй.
«Татка-а!» — хацелася крыкнуць яму, хацелася прыціснуцца да бацькі, як у тыя зімовыя ночы, калі слухаў, як вые, пераклікаецца воўчая зграя. Але ж — крычы не крычы — бацька не пачуе. Далёка ён.
— Братка, мне страшна, — прашаптаў Мацей.
— Бяжым. У лазнякі… Там човен…
Янка схапіў за руку Алесю, пацягнуў за сабою. А яна (ну й дурніца!) упіраецца, хлімкае:
— Пачакай. Торбачку са шчаўем забылася. Торбачку…
Ззаду завылі, нібы галодная воўчая зграя. Янка азірнуўся. Прыгнуўшыся, імчацца. Уперадзе — страшная Крывавая Рука. Кроплі крыві, здаецца, важкія, што раса, на траву падаюць. Здаецца…
Здаецца… Ці сапраўды? Няма як марудзіць.
— Бяжым!
Яны прыпусціліся бегчы. Хутчэй, яшчэ хутчэй. Ззаду тупат капытоў. Страшная Крывавая Рука даганяе. А воўчая зграя вые, вые. Стоязыка.
— Братка-а! Братка-а! — загаласіў Мацей. А гэтая, малая, Алеся, скнарыцца:
— Я не магу. Я так хутка не магу.
Як і раней, свеціць сонца, блішчыць, дзе спакойна, дзе вірліва, імкнецца ўдалеч рака, зялёная трава пяшчотна лашчыць ногі. Ды вось даганяе Крывавая Рука. «Тух-тух-тух…»— цяжка стукаюць капытамі коні. «Тух-тух-тух…» — стукае ў скронях.