Выбрать главу

— Яначка, ты думаеш, што гэта васілевіцкія? — падаў голас Мацей.

— Мне так здаецца.

— А калі зараз сходзім да васілевіцкіх і пра ўсё распытаемся? Не стануць прызнавацца — зловім каторага і адлупцуем.

Янка слухаў брата і дзіву даваўся. Учора скнарыўся, а сёння смяльчак. Відаць, нечая добрая душа, якая па свеце лятае, смеласці яму прыбавіла.

— Янка, хадзем.

Ці пайшлі б яны ў Васілевічы? Бадай, пайшлі б, калі б не Ясь. Выскачыў ён як з-пад зямлі.

— Прывітанне, хлопчыкі і дзяўчынка.

— Усе на балоце, а ты ў вёсцы? — не сцярпеў Янка.

— Я накасіўся. Ранняя птушка зубкі прачышчае, а позняя вочкі працірае. — Ясь падмаргнуў: — Пра азбуку чулі?

— Не. Што гэта? — звярнуўся да яго Мацей.

— Гэта… Як жа сказаць вам? А калі… Хочаце, я вам літары пакажу?

— А што такое літары? — пацікавілася Алеся.

— Літары — гэта крыжакі,— вырашыў паказаць сябе Мацей.

— Не, не, не. Літары — гэта літары.

— Літары — гэта літары? — разявіў рот Мацей. На лобе ў Яся выступілі кропелькі поту. Вельмі ж хацелася яму, каб дзеці раскумекалі, што такое літары.

— Літары можна рукою памацаць? Яны смачныя? — запытала Алеся.

Ясь скрывіўся, як з'еўшы горкага.

— Не.

— Яны лятаюць, як птушкі? — запытаў Мацей.

— Не. Іх можна ўбачыць. Зараз убачыце. Зараз…

Янка зразумеў, што Ясь нарэшце здагадаўся, як растлумачыць ім, што такое літары. Дый хіба магло быць інакш? Ён жа вой. Самых заядлых крыжакоў перамагае.

— Ясь, ты пакажаш нам літары? — усклікнуў Янка.

Так карцела хутчэй убачыць гэтыя дзіўныя літары! Нават крыжакоў на свае вочы бачыў, а літары чамусьці не.

— Пакажу. Пацярпіце. Не ўсё адразу.

Ясь узяў галінку, якая ляжала непадалёку, дастаў нож, завастрыў яе, нагамі ўтаптаў пясок. Яны ж вачэй з яго не зводзілі, нават дыханне затаілі.

— Пацярпіце. Трошкі пацярпіце.

Вострай галінкай Ясь вывеў на шэрым пяску тое, што, мабыць, да яго тут ніколі-ніколі не выводзілі.

— Бачыце?

— Ну і што? — паціснуў плячыма Мацей. Алеся заскакала на адной назе.

— І я так змагу. І я так змагу.

А Янка… Янка глядзеў і разважаў. Стаяць два слупкі, ад аднаго да другога зверху ўніз быццам жэрдку прыбілі. Навошта так?

— Ясь, гэта літара? — усё-ткі змікіціў ён.

— Літара, — неяк асабліва цёпла, як звычайна кажуць аб самым родным, аб самым блізкім, прагаварыў Ясь. — Яна называецца «наш».

— Чаму не ваш? — адкрыў рот Мацей. Ясь яму ў адказ:

— Чаму ты не Мікола, а Мацей? Мацей выгнуў колам грудзі.

— Я Мацей, бо мяне Мацеем назвалі.

— І гэтую літару назвалі «наш».

Янка слухаў Яся і вушам сваім не верыў. Выходзіць, не толькі людзям імёны даюць, але і гэтым дзіўным літарам.

— Яшчэ ёсць літары? — пацікавіўся ён.

— Ёсць.

Ясь зноў вывеў на пяску: К.

— Як гэтая літара называецца? — апярэдзіла ўсіх Алеся.

— «Како», — сказаў Ясь.

— Кака! — засмяялася Алеся.

— «Како», — паправіў яе Ясь і хуценька начарціў галінкай новую літару: б.

— Як яе імя? — падскочыла Алеся. Глядзіць на Яся, смяшынкі ў вачах чорцікамі скачуць.

— Букі. Алеся ў смех.

— Букі-вукі…

Мацей, зрабіўшы пальцамі рожкі, загудзеў:

— Бу-у-у… бу-у-у…

«Хто літары прыдумаў? Чаму ім імёны далі? — думаў Янка. — Імёны людзям даюць. Каб адклікаліся, калі завуць, каб ведалі, хто ў паход на ворага пайшоў, каб шанавалі тых, хто не вярнуўся. Чаму ж літарам даюць імёны? Яны ж не сеюць, не косяць, у паход не выпраўляюцца».

— Не даходзіць да мяне, — пачаў ён. — Чаму літарам імёны даюць?

— Літары — вялікая сіла, — сказаў Ясь. Янка з ім не пагадзіўся.

— Вялікая сіла — гэта войска.

— І літары як войска. Яны дружнае, моцнае войска, якое сваю зямлю праслаўляе.

Дзіўна гучыць. Хіба кінуцца літары ў бой сябе не шкадуючы, калі пазваць: «Наш, Како, Букі, на ворага, за мною?» Нешта не тое кажа Ясь.

— Як праслаўляюць?

Глядзіць Янка на Яся, чакае адказу. І Мацей з Алесяй чакаюць. Сціхлі, перасталі смяяцца. Як жа! Літары родную зямлю праслаўляюць. Выходзіць, ёсць у іх нейкая цудадзейная сіла. Сіла сапраўдных вояў.

— З літараў можна словы скласці,— сказаў Ясь. — А словамі шмат пра што напісаць. І пра чужыя землі, і пра паходы. Той, хто ведае, як называецца кожная літара, будзе глядзець і прачытае пра гэта. Я цяпер расказваю, вы вушы навастрылі, слухаеце. А на літары чалавек вачыма глядзіць, чытае. Толькі трэба помніць, як называюцца яны.