Выбрать главу

Змяя ў Шчары

Яны непрыкметна выйшлі да Шчары.

— Бачыце вунь тыя кучы галля? — тыцнуў пальцам Ясь.

Сапраўды, каля густых лазнякоў, каля берага, горбілася невялікімі копкамі галлё, пачарнелае ад дажджоў.

— Ну і што? — паціснуў плячыма Мацей.

— Ясь, ты абяцаў нам бабровыя хаткі паказаць, — напомніла Алеся.

Ясь, не зважаючы, прагаварыў:

— Янка, і ты нічога не заўважаеш? Глядзі. Янка прыгледзеўся. Нездарма Ясь на тое галлё пазірае. Здаецца, прынесла яго немаведама адкуль, прыбіла да берага. Але ж зверху свежыя галінкі. Нават лісце на іх яшчэ зялёнае.

— Гэта бабровыя хаткі,— здагадаўся ён.

— Не, — не пагадзіўся Мацей. — Татка казаў, што бабровыя хаткі што каменныя. А тыя горбы воўк адной лапай раскідае.

— Няхай паспрабуе, — сказаў Ясь. — Усярэдзіне і знізу яны глеем абмазаныя. Глей засох, што гліна на таку.

— Няўжо гэта бабровыя хаткі? — прамовіў Мацей. — Няўжо бабры іх глеем абмазваюць?

Ясь павярнуўся да яго.

— Калі-небудзь бачыў птушынае гняздзечка?

— Бачыў. Такое маленькае, прыгожанькае, кругленькае. Мне нават не паверылася, што птушка так умее рабіць.

— І бабры ўмелыя работнікі,— сказаў Ясь.

— Мядзведзь усё роўна, калі возьмецца, разбурыць бабровую хатку.

— Таптун дужы звер. Ды бабра яму не злавіць.

У бабра ёсць падводны ход. Калі нявыкрутка, выберацца і паплыве.

— Давайце залезем у бабровую хатку, — загарэўся Мацей.

Ясь кашлянуў у кулак.

— Навошта баброў трывожыць? Усім хочацца спакойна жыць.

Янка моўчкі пагадзіўся з ім*. Сапраўды, усім. І людзям, і звярам. Бач, якія гэтыя бабры разумныя. Хатку ўмеюць будаваць. А яшчэ бацька казаў, што і рэчышча запрудай перагароджваюць. Валяць упоперак дрэвы, нават калы ў дно ўторкваюць. Пасля запруду абмазваюць глінай, глеем, дзёран наверх кладуць. Такую плаціну не кожны чалавек пабудуе.

— Бабёр! Бабёр! — нечакана крыкнула Алеся. Але, бабёр. Выплыў, чорнай кропкай застыў каля крайняй хаткі. Пазірае, дзівіцца: «Хто такія? Чаго прыйшлі? Не прасіў жа вас». Мацей замахаў рукамі.

— Э-э-э…

Бабёр, гучна пляснуўшы хвастом, аж хвалі пайшлі, умомант знік пад вадою. Зноў выплыў, зноў пляснуў, нібы на развітанне.

— Во як б'е! — усклікнуў Мацей. — Каб мне так.

— Хвастом? — засмяялася Алеся. Мацей надзьмуўся.

— Ты сама, як хвост, за намі цягаешся. Хвастом, хвастом… Рукамі.

— Навошта табе так? — пацікавіўся Ясь.

— Каб крыжакоў біць. Ясь абняў яго за плечы.

— Крыжакоў тады паб'еш, калі навучышся. «Добра сказаў Ясь, — падумаў Янка. — Ворагаў-крыжакоў нялёгка перамагчы. Відаць, прыйдзецца з імі счапіцца. І дзед ваяваў, і бацька ваюе. А што зробіш? Воўк кожны год ліняе, але нораву не мяняе».

— Мне на балота трэба. Зойдзеце без мяне ў вёску? — сказаў Ясь.

— Не першына, — за ўсіх адказаў Мацей.

— Бывайце, хлопчыкі і дзяўчынка. — Ясь усміхнуўся і пашыбаваў да балота.

А яны пабрылі берагам ракі, абмінаючы старыцы-затокі.

— Ведаеце, што ў рэчках русалкі жывуць? — завяла гаворку Алеся.

— Ведаю, — адказаў Мацей. — Вечарам яны выходзяць у лес, гуляюць, водзяць карагоды.

— Яны і жыта не мінаюць. Аднаго разу я ў жыта зайшла. Хацела васілёчкаў на вянок нарваць. Толькі нагнулася, а ззаду: «Шу-шу-шу… Шу-шу-шу…» Гэта ж русалкі назіркам ішлі, мяне палохалі. Ой і ўцякала! Так бегла, так бегла…

— Распускаеш язык, — не стрываў Янка. Вядома, і ён чуў пра русалак. І як да сябе, у ваду, клічуць, і як карагоды водзяць на беразе, і як маладых дзяўчат запыняюць, просяць, каб адзенне далі. Слухаў пра гэта наставіўшы вушы. Але цяпер? Зноў, як учора, цётку з барадой наклічуць. А калі і не наклічуць, то абавязкова ўспомняць пра яе. І з якога ж балота яна вылезла? Няхай сядзела б там.

— Русалкі любяць па жыце гуляць, — завялася Алеся.

— Я русалак не баюся, — прагаварыў Мацей. — Я цётку з барадой баюся. Яна па нашым лесе, што выгнаннік, цягаецца.

Пра выгнанніка Мацей успомніў. А мо гэта сапраўды стары вой, які сваю сялібу пакінуў? Янку прыгадалася, як расказвала маці, што даўней воі, якія знемагліся, ішлі ў лес, дзе блукалі ад вясны да восені. Аніякага жытла ў лесе не рабілі, карміліся грыбамі, ягадамі, арэхамі. Здаралася, сустракаліся такія бадзягі. Як падчас сустрэчы заведзена? Роспыты, успаміны. А яны ані слова адзін аднаму не казалі. Моўчкі разыходзіліся, бо сваё апошняе слова казалі перад тым, як пакінуць родных. Казалі, што такія бадзягі разумелі мову звяроў, птушак, траў, чулі шоргат карэнняў.