Выбрать главу

Янка зірнуў і здранцвеў. Змяя. Тоўстая, доўгая. Такой ён яшчэ не бачыў.

Вясёлка ў вачах

Але, такой змяі Янка яшчэ не бачыў. На Панямонні ёсць гадзюкі. У гадзюкі цёмная, зігзагам, паласа ўздоўж спіны. Сама яна бураватая ці шараватая. Ёсць падобная на гадзюку мядзянка, але яна не мае ядавітых зубоў. Ёсць вераценніца, як яшчэ называюць яе, бязногая яшчарка. і, канешне, ёсць вужы. Яны могуць жыць і ў балоце, і ў вадзе. Калі падысці да вужа, то ён пачынае шыпець, як змяя, тыцкае галавою, паказваючы, што ўкусіць. Ды толькі паказвае. У яго, як і ў мядзянкі, як і ў вераценніцы, няма ядавітых зубоў. Пазнаць вужа лёгка: на галаве дзве жоўтыя альбо белаватыя плямы. І гадзюка, і вуж, і мядзянка, і вераценніца зусім невялікія.

А гэтая… Глядзіць не мігаючы, нібы кажа: «Нікуды не ўцячэш». Тонкі, доўгі, раздвоены на канцы язык бесперапынна высоўваецца, стараецца дацягнуцца да твару…

— Братка, уцякай! — гукнуў Мацей.

Янка анічога не чуў, анічога не бачыў, акрамя змяі. Патухла сонца, перасталі стракатаць конікі, заціхлі птушкі. Усе-ўсе галасы згінулі. Ён і сам знямеў, сам, не мігаючы, што гэта змяя, глядзеў на яе, сціскаючы з усёй сілы.

Ніхто з іх не сказаў бы, ці доўга так было. Відаць, нейкае імгненне. Змяя, тоўстай пугай свіснуўшы ў паветры, нечакана абвілася вакол яго.

Ён не ўтрымаўся, упаў на калені. Заняло дух. Кольца змяі абвівалася ўсё шчыльней.

— Не дамся! — вырваўся з ягоных грудзей зусім не дзіцячы крык.

Дыхаць стала лягчэй. Няўжо крыкам напалохаў? А мо сціснуў не па-чалавечы? Лягчэй… Лягчэй…

Абвязаны гэтым жывым кольцам, ён, хістаючыся, рушыў на бераг. У вочы свяціла сонца.

— А-а-а!.. — загаласіла Алеся.

— А-а-а!.. — заенчыў Мацей, даўшы лататы. Янка паволі, нібы пасля цяжкай хваробы, брыў па вадзе. Сонца сляпіла вочы. Не, яшчэ не патухла, яшчэ свеціць яно яму.

Змяя рванулася, імкнучыся вызваліць галаву. Ледзь утрымаў. Але раздвоены язык цягнецца да твару. Бліжэй, бліжэй.

— Яначка-а!..

— Братка-а!..

Як цяжка дыхаць! Як балюча! Нібыта жалезныя рукі абхапілі. Сонца жоўтымі плямамі ў вачах.

«Яначка, — аднекуль здалёку данёсся голас маці,— не хадзі адзін у лес». Маці, прыгажуня- чараўніца, стаіць на лузе, залітым промнямі сонца, а вакол матылі, матылі… Тут і там. Лятаюць, кружацца жывымі кветкамі. «Сынок, не хадзі. Па лесе ваўчыца бегае. Яе ваўчанят забралі, і яна чыё-небудзь дзіця ўкрадзе. Будзе няньчыць яго», — кажа маці. «Я не баюся. Я ваўчыцу не баюся», — смяецца ён. Маці туліць яго, і ён чуе, як у яе грудзях часта-часта б'ецца нейкі камячок. «Мама, што так тукае?» — пытаецца. «Сэрца», — адказвае яна. «Сэрца — гэта што?» — не разумее ён. Маці паціху кажа: «Жыццё. Маё жыццё». Ён зноў смяецца: «Я ваўчыцу не баюся». «Дурненькі. Які ж ты дурненькі!» — лашчыць яго маці. «Раскажы, як ваўчыца дзяцей няньчыць», — ціснецца да яе. «Лепей песню праспяваю. Не будзем пра ваўчыцу. Няхай яна згіне», — кажа маці.

Ён садзіцца на траву, такую ж мяккую, як і маміны рукі.

Ой, рэчанька, рэчанька, Чаму ж ты не поўная? Чаму ж ты не поўная, Чаму ж ты не вольная?

Маці спявае, а над імі трапечуцца матылі. Многа-многа іх. Быццам пчолы з вулля вылецелі. «Кыш! Кыш!» — крычыць ён на іх, што на курэй, заліваецца смехам.

Берагі высокія, Сцежачкі далёкія. Далёка да морушка, Блізенька да горушка,—

спявае маці.

Янка брыдзе па вадзе. А мо і не брыдзе? Мо на адным месцы топчацца? Чаму ўспомнілася маці? Чаму менавіта той дзень, на лузе? Ён жа тады, напэўна, толькі хадзіць навучыўся. Да гэтага ніколі не ўспамінаў. Выходзіць, жыло ў памяці.

Дыхаць цяжка, губы перасмяглі. Каб хоць хто вады падаў. Што гэта да твару цягнецца? Рука? Чыясьці рука? Каб вады падаць? Не, не, не. Змяіны раздвоены язык.

А ў вушах гучыць: «Далёка да морушка, блізенька да горушка». Якая дзіўная песня! Маміна песня.

Сонца плямамі ў вачах. Заўжды свяціла, а цяпер плямамі. Як нядобра! Слабеюць рукі, вырываецца слізкае цела. Не, не адпушчу. Буду сціскаць. Чаму няма такой сілы, каб мог ваду з каменя выціснуць? Была б такая сіла…

Вясёлка ў вачах. Прыгожымі-прыгожымі праменьчыкамі ззяе, дрыгаціць… Ой, рэчанька, рэчанька… А-а-а… Маміна песня… Хто гэта пяе? Ён ці мама? А-а-а… А-а-а… Здаецца, ягоны голас…

Зноў вясёлка ў вачах. У вачах? Не. Гэта ён з мамай на агародзе стаіць, а над Шчарай вясёлка. Выцягнулася ад лесу, нібы дарога-дуга. «Ваду п'е», — кажа маці. «І з балота вып'е?» — цікавіцца ён. «Ха-ха-ха…» — смяецца маці. Смех такі лагодны! «Некалі вып'е», — смяецца яна. «А чаму тут балота?» — «Бацька сваю дачку замуж аддаў. Далёка-далёка. Чужая старана тугою арана, слёзкамі засявана. Сем гадоў не вялеў быць у хаце, у матулькі роднае», — уздыхае маці. «А яна?» — непакоіцца ён. «А яна… — маці туліць яго да сябе, туліць. — Яна на другое лета прыляцела шэраю зязюлькаю. Бачыць з вышыні: бацька ходзіць каля хаты з меншым братам. Села на грушу-дзічку і пачала кукаваць. Не даспадобы брату зязюльчына «ку-ку». Узняў лук, прыцэліўся… Узмахнула крыламі зязюлька, паляцела за вёску, заплакала горка- горка. Усе-ўсе лугі слязьмі заліла. Вось і стала балота, што ні праехаць ні прайсці». — «Вясёлка вып'е балота. Гэта брат у вясёлку ператварыўся», — сказаў ён. «Мажліва, — пагадзілася маці.— Няхай так будзе, як добрыя людзі кажуць».