— Прашчурамі.
— Вось што табе хачу сказаць. Калі чалавек ішоў у чужыя землі, то браў камень з ачага і клаў яго пасля ў новы ачаг. Такі камень называецца прашчур. Цяпер і далёкіх продкаў так называюць.
Янка стаяў, апусціўшы галаву. Ён не разумеў, пра што хацеў сказаць бацька.
— Ну і што, — паціху сказаў.
— Не здагадаўся, — папракнуў бацька. — Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка. Таму і камень з ачага бралі, у далёкія землі неслі. Усе нашы бацькі разумнейшыя за нас былі. Камень бралі… Часцінку роднага… Сваё шанавалі… А вы? Што, калі цяпер у нашу хату падарожны зойдзе? Куды мне вочы свае падзець?
Янка глянуў на бацьку. Стаіць ён, апусціўшы рукі. Быццам паменшаў, паблажэў. У вачах ні злосці, ні спагады. Сумота, журба. І праўда, што будзе, калі зойдзе падарожны ў хату? Халоднай вады нап'ецца і да суседзяў? Падумаюць: кавалка хлеба пашкадавалі. Ганьба на ўсю вёску.
— Ні жменькі мукі не засталося, — уздыхнула маці.
— Мы дзве лустачкі адрэзалі,— усклікнуў Мацей. — Астатняе з'ела цётка з барадой.
— Якая цётка? — зірнуў на яго бацька.
— Цётка з барадой. Гэта васіліск, пярэварацень. Ён можа са звера ў чалавека ператварыцца і ў цмока пякельнага. Ён у цётку з барадой ператварыўся. Яна на нас з кустоў пазірала. Яна на нашым агародзе моркву хацела парваць. А цяпер хлеб з'ела. Мы з хаты, а яна ў хату.
— Бач, як чэша языком, — усклікнуў бацька.
— Татка, праўда.
— Пераліваеш з пустога ў парожняе.
Янка зразумеў, што бацьку не дакажаш. Дый хто паверыць ім, парушыўшым даўні Закон? Такім няма веры.
Ён непрыкметна штурхнуў Мацея ў бок.
— Маўчы.
Мацей апусціў галаву.
— Татка, бі мяне. Моцна бі. Янка невінаваты. Мне жывот падцягвала.
— Дзеці! Дзеці мае! — уздыхнула маці.— Чаму ж такі галодны год выдаўся? Яначка, сынок, хадзі да мяне.
Ён бокам, бокам — да яе. А яна прытуліла яго да сябе.
— І я хачу, — прамовіў Мацей.
— Хадзі, Мацейка. Хадзі.
Янка прыхінуўся, як калісьці. Б'ецца ў маміных грудзях камячок — жыццё яе. «Тук-тук, тук-тук», — моцна б'ецца, нібы вырвацца стараецца.
— Э-эх! — уздыхнуў бацька і ўзяўся за клямку.
— Куды ты? — запытала маці.
— Галодны й кія не баіцца, — прамовіў бацька. Янку здалося, што на яго вачах бліснулі слёзы.
Відаць, так, бо змахнуў рукавом.
— Татка, не бядуй, — азваўся Мацей. — Мамка карову падоіць, і мы малака нап'ёмся.
— Куды ты? — зноў запытала маці ў бацькі.
— Чакайце. Хутка вярнуся. — Бацька адчыніў дзверы і выйшаў з хаты.
«Дараваў,— падумаў Янка. — Свет спагадай трымаецца. Але як мне далей жыць?»
Аладкі
Бацька, як і абяцаў, вярнуўся хутка. Ён прынёс мукі і… кавалак мяса.
Маці аж рукамі пляснула.
— Дзе ж табе пашчасціла? Бацька ўсміхнуўся.
— Багаты ці будзем, а галодны не будзем!
— Мама, спячы аладкі,— узрадаваўся Мацей. — А мяса зварыш, абальеш аладкі шчолакам. Ведаеш, як смачна!
І Янка не стрымаўся, цмокнуў языком.
— Спячы. Ух і наямося-а!..
Маці пячэ аладкі на сухім капусным лісці. Пасля ўсе разам — у такі дзень ні Янка, ні Мацей ні на крок ад яе не адыходзяцца — абрываюць тое лісце, кладуць аладкі ў ражачку, абліваюць шчолакам, у якім варылася бараніна. Праўда, так толькі на вялікае свята бывае. Звычайна аладкі пякуць з арэхаў і жалудоў. Канешне, жалуды горкія. Каб не было гаркаты, маці выварвае іх, перацірае на муку і, змяшаўшы з арэхамі, пячэ.
Янка глянуў на бацьку. Радасны, усміхаецца. Здаецца, вось-вось у скокі пусціцца.
— Мама, аладак напячэш? — не церпіцца Мацею.
— Круцішся пад нагамі,— паўшчуваў бацька. — Вось нецярпячка.
— Есці хочацца.
— Напячэ маці аладак. Мукі хопіць і на аладкі, і на бохан хлеба для падарожнага.
Янка пачырванеў. Пячэ душу сорамам. Не падумалі, што бацьку прыйдзецца вачыма свяціць. Каб хоць не ўспамінаў болей. Цяжка слухаць гэта. Што на гарачым вуголлі стаіш.
— Заўтра будзем брод камянямі масціць, — прагаварыў бацька. — Князь загадаў.
— Чаму загадаў? — пацікавіўся Мацей.
— Нашы воі ў паход ходзяць? Ходзяць. Пераправа ім патрэбна. Усёй вёскай будуць брод масціць. Талакой.
— І я хачу, — узгарэўся Янка.
— І я! — аж падскочыў Мацей. Бацька нахмурыўся.
— Няма чаго. Дома пабудзеце.
— Усе на рэчку, а мы… — пачаў Мацей. Бацька стукнуў рукою па стале.
— Язык і кія дапытаецца.
Янка моўчкі сеў на лаву. Усё-ткі не дараваў бацька. А заўтра каля рэчкі ўся вёска збярэцца. Талакой выходзяць усе: ад малога да старога. Талакой заўжды весела. Песні, смех. А ім у хаце сядзець. Запытае нехта: «Дзе Янка? Дзе Мацей?» Буркне бацька: «Дома». Вядома, праўды ён не скажа. Сорамна. Але кожны скумекае, што неслухі. Што ж рабіць? Моцна-моцна папрасіць бацьку, каб узяў з сабою? Не дапаможа.