— Зараз я ўсіх мядзведзяў паразганяю, — сказаў Ясь.
Янка думаў, што ён возьме кій, пачне па дрэвах стукаць. Так робяць людзі, каб напалохаць мядзведзяў. Але ж не. На ўвесь голас завёў песню:
На балоце касец косіць Ды кінуў касу, дый галосіць: Ой, ці ты, мая каса, тупа? Ой, ці ты, мая жонка, скупа? Ой, сем дзён не тапіла Ды й нічога не варыла.Панеслася песня, перабягаючы ад дрэва да дрэва.
— Хіба не паразбягаюцца мядзведзі? — усміхнуўся Ясь, скончыўшы спяваць.
— Яны з усяго лесу збяруцца, — засмяялася Алеся.
— Чаму? — здзівіўся Ясь.
— Спяваеш прыгожа. І ім захочацца паслухаць.
— Вось тая ліпа! — усклікнуў Ясь.
Ліпа, тоўстая, разгалістая, схілілася над самаю ракою. У густой вершаліне пчолы гудуць.
— Чуеце? Во стараюцца! — прамовіў Мацей.
— Многа пчолаў — многа мёду, — сказаў Ясь.
«Многа мёду, але як жа дастаць яго? — падумаў Янка. — Паспрабуй залезці. Жывога не выпусцяць».
— Ясь, а сам ты не баішся лезці? — запытаў.
— Я палез бы, але… — Ясь прайшоўся, кульгаючы. — Бачыце, што з нагою? На зямлі яшчэ сяк- так, а на ліпу не залезу.
— Дык чаго ты ішоў?
— На вас спадзяваўся.
— Я не палезу. Я маленькі. Пчолы мяне хутка з'ядуць, — усклікнуў Мацей.
— І я не палезу, — усклікнула Алеся. — Дзяўчынкі па дрэвах не лазяць.
Ясь паківаў галавою.
— Не хочацца, дык і не можацца. Янка, і ты баішся?
Ці баіцца Янка? Вядома, страшна. Бач, як пчолы гудуць. Што ж будзе, калі ашалеюць? На гэтую ліпу страшна нават глядзець.
— Баішся, — сказаў Ясь. — А я думаў, што ты не такі.
Янка сцяў зубы. Трэба прагнаць страх, трэба даказаць, што ён не баязлівец.
— Добра, палезу. Цяпер во…
— Пачакай, пачакай… У гарачай вадзе купаны. Спярша пчолак дымком супакоім. А пасля яны самі салодкі мядок аддадуць.
— Ой, пчала!.. Пчала!.. — нечакана закрычаў Мацей і пабег, махаючы рукамі. Потым гоп на траву! Сеў, скрыжаваўшы ногі, руку да вуха прыклаў.
— Уджаліла-такі… Алеся зайшлася смехам:
— Відаць, салодкае вуха ў цябе.
— Глядзі, каб твой нос не стаў салодкі,— прабубніў Мацей.
— Ой! — ойкнула Алеся. — Каля мяне кружыцца!..
— Не мітусіся, — прагаварыў Ясь. — Сядзьце далей, калі такія салодкія. Мы з Янкам за работу возьмемся.
Знайшлася ім работа. Нацягалі сухога галля, склалі стажком каля ліпы. Ясь ссек тонкую ялінку, ацерабіў, пакінуўшы старчакі, і вяршыняй аж да дупла прыставіў.
— Я дыму нараблю, — сказаў Ясь, — а ты, Янка, калі рой вылеціць, па ялінцы палезеш.
Цяпер Янка зусім не баяўся. Ён верыў Ясю, кожнаму ягонаму слову верыў.
— Янка, калі пчолы накінуцца, ты з ліпы нырцом у раку, — параіў Мацей.
Ясь падпаліў галлё. Угору пацягнуўся густы дым. Пчолы яшчэ мацней загулі. Ясь дастаў з торбы закурадымленую вопратку, захутаў у яе Янку з ног да галавы. Падаў скураны мяшок.
— Гляньце! Пчолы над ліпай! З дупла ўцякаюць! — ускочыў Мацей.
Ясь падштурхнуў Янку:
— Лезь. Зараз шчэ болей дыму нараблю. Павыкурваю. Не бойся.
Янка ўхапіўся за ялінку і, ступаючы па старчаках, палез. Не раз і не два ён лазіў на дрэвы. Нават вышэйшыя за гэтую ліпу. Але ж цяпер скураны мяшок пад пахаю, дым лезе ў вочы, слёзы цякуць з вачэй. Хутчэй. Трэба хутчэй. Відаць, крышачку засталося.
Намацаў вяршыню ялінкі, засунуў руку ў дупло, ухапіўся за ліпкія соты, выцягнуў, кінуў у скураны мяшок. Яшчэ, яшчэ… А дым сцелецца, свету не відаць, слёзы з вачэй цякуць. Нялёгка салодкі мядок дастаецца. Праўду казаў Ясь.
Здаецца, усё. Пустое дупло. Цяпер уніз. Але ж нешта ў рукаве трапечацца. Няўжо пчала?.. Што агнём, апякло руку. Усё-ткі пчала. Уджаліла, адпомсціла. Хоць адна. Хутчэй уніз.
Ён, часта-часта перабіраючы нагамі, спусціўся ўніз і адбегся як мага далей ад ліпы. Скінуў закурадымленую вопратку, закасаў рукаво кашулі. На руцэ чырванеў вялізны пухір.
— Во ўджаліла! — прагаварыў з гонарам.
— Вы гляньце на Яся! — пляснула рукамі Алеся. — У яго нос, што порхаўка!
Ясь пачухаў патыліцу.
— І калі мяне пчала за нос уцяла?
— Калі галлё паліў,— сказаў Янка. Ясь неспадзявана прамовіў:
— Быў на мяду, абліў мёдам бараду. Да пабачэння, хлопчыкі і дзяўчынка. На балота пайду. І так забавіўся.
— А мёд? — разгубіўся Янка.
— Мёд ваш. Бацькоў парадуеце.
— Мы ж разам…
— Пасля палудня вас чакаю. Мяшок прынясіце. А вогнішча затушыце. Не след у лесе пакідаць, — сказаў Ясь і пачыкільгаў.
— Нават мёду не пакаштаваў,— прагаварыла Алеся.
— Добры ён, — дадаў Мацей.