Выбрать главу

Янка, Мацей і Алеся стаялі на беразе Шчары. А над ліпай гулі, кружыліся пчолы.

Абрад ініцыяцыі

Ну й наеліся яны ў гэты дзень хлеба з мёдам! Хлеб Алеся прынесла, той самы бохан, які сама спякла. Мацей вымазаў мёдам і твар, і рукі. Пабег на масток, каб у крынічцы памыцца. Аж бачыць Янка: назад ляціць. З твару на сябе непадобны.

— Братка, я толькі на масток, а тут цётка з барадой. Убачыла мяне — і ўцякаць. Сёння ўцякла, а заўтра яна нас са свету звядзе.

— Звядзе, — кіўнула галавою Алеся. Янка паглядзеў на іх.

— Трэба нам зброю дастаць. Тую, якой воі ваявалі, з якой у паход хадзілі.

— Будзем з пярэваратнем ваяваць? — запытаў Мацей.

— Прыйдзецца. Бо нячыстую сілу можна перамагчы толькі той зброяй, з якой воі ў паход хадзілі.

— У таткі папытаем?

— Не дасць.

— Раскажам, што нас цётка з барадой палохае, — прамовіла Алеся.

Янка ўздыхнуў:

— Не паверыць.

— Не паверыць, — пагадзілася Алеся.

«Не вераць нам, — падумаў Янка. — Ніхто нам не верыць. А цётка з барадой, чаго добрага, вёску падпаліць. Тады, можа, павераць».

— Давайце ў Яся зброю папросім, — прапанаваў Мацей. — Ён дасць.

Янка ўзняў вочы.

— Хадзем. Папросім, можа, і дасць.

— А-а, гэта вы, — сказаў Ясь, калі ўбачыў іх.

— Ясь, дай нам зброю. Тую, з якою воі ў паход хадзілі,— адразу запатрабаваў Янка.

Думаў, што Ясь пачне распытвацца: «Чаму ды навошта?» Не.

— Такую зброю трэба заслужыць, — сказаў Ясь нечакана.

Вядома, ён, Янка, заслужыць. Ўсё-ўсё зробіць, каб заслужыць. І на самае высокае дрэва залезе, і праз самае багністае балота пройдзе. Няхай толькі загадае Ясь.

— Як заслужыць? Скажы.

— Трэба мае загадкі адгадаць.

«Вось дык прыдумаў Ясь! Відаць, пацяшаецца», — падумаў Янка.

— Ясь, не збыткуй з нас.

— Я не збыткую. Загадкі — не гульня, не забаўка. Загадкамі сталасць правяраецца. Не тады плаваць вучацца, калі вада ў рот плыве.

— Як правяраецца?

— Ёсць такі даўні звычай: дзяўчыне, якая замуж збіраецца, сем загадак задаюць. Трэба ж ведаць, на што здатная. На разумнай гаспадыні ўся хата трымаецца.

— Мне мама расказвала, — падала голас Алеся, — што адну дзяўчыну русалкі заказыталі. Сустрэлі каля ракі, абхапілі рукамі і не пускаюць. Дзяўчына ў слёзы: «Адпусціце мяне». Русалкі ёй кажуць: «Калі адгадаеш сем загадак, адпусцім». Не адгадала. Заказыталі, бедную.

Янка паціснуў плячыма. Ну і што? Ён не дзяўчына. Няхай дзяўчаты загадкі адгадваюць. А яму трэба навучыцца поле араць, дзідай валодаць і, канешне, літары пісаць, словы з іх складваць.

— Надакучыла пра гэтыя загадкі слухаць, — сказаў Янка.

— Будзь спярша выслухачом, а пасля паведачом, — папракнуў Ясь. — Да канца паслухай. Не ведаю, ці праўда, што так рабілася, але да маіх вушэй дайшло. Калісьці, кажуць людзі, нават палонных забівалі, калі тыя загадак не маглі адгадаць. А чужынцам-заваёўнікам, якія даніну бралі не толькі шкуркамі, мёдам, але і людзьмі, тых аддавалі, хто загадак не мог адгадаць.

Янка не думаў, што такое можа быць. Аддавалі чужынцам тых, хто загадак не мог адгадаць… Вось як! Разумнейшых шкадавалі аддаваць. Не збыткуе Ясь, не пацяшаецца. Не такі ён. Не.

— У некаторых народаў загадкі былі і як абрад ініцыяцыі,— паведаміў Ясь.

Янка не зразумеў.

— Гэта што?

— Выпрабаванне на сталасць. Адгадаў сем загадак — значыць, вырас, узмужнеў. На такога можна спадзявацца.

— Такому нават зброю можна даць?

— Вядома. У такога чалавека ёсць галава на плячах.

— А нам дасі, калі адгадаем?

— Дам. Толькі адгадайце сем загадак.

— І мне можна адгадваць? — запытаў Мацей.

— Можна.

— І мне? — запытала Алеся.

— Можна і табе.

Янка пачухаў патыліцу. Хітра прыдумаў Ясь. Выпрабаванне на сталасць… Што ж, няхай загадвае.

Ён выдыхнуў з грудзей паветра. Нібы ў ледзяную ваду збіраўся скокнуць.

— Загадвай.

— А што гарыць без полымя? — сказаў Ясь. «Што гарыць без полымя? Дровы? Не. Ад дроў вунь якое полымя. Што ж?»

Янка ўзняў вочы — кальнулі, асляпілі праменьчыкі сонца. «А што ж гарыць без полымя?» Зразумела.

Адкрыў рот, каб сказаць, ды Мацей апярэдзіў:

— Сонца.

Янка зірнуў на яго.

— Мог бы памаўчаць.

— Ясь сказаў, што і мне можна адгадваць.

Сапраўды, можна і яму, і Алесі. Няўжо зброя, з якою воі ў паход хадзілі, Мацею дастанецца? Ён жа кіне яе, як толькі цётку з барадой убачыць. Сонца гарыць без полымя. Сонца… А калі… Калі яшчэ не ўзышло яно? Тады таксама быццам агонь на небе. Неба блішчыць, зіхаціць.