Выбрать главу

Як недарэчна! Не стрываў. Пацешацца крыжакі.

— Татка-а… — усхліпнуў Янка.

— Што-о? — прагугнявіў крыжак з паўлінавым пяром. — Вам хлеб даюць. Бярыце.

Янка павярнуўся бокам і моцна, як мог, прамовіў:

— Не буду.

— Не буду, — паўтарыў за ім Мацей.

— Што-о? Не будзеце? І брод не пакажаце?

— З імі трэба інакш. Дазвольце мне, — гыркнуў вусаты. — Я дзідай. Скажуць. Усё скажуць.

Рыцар з паўлінавым пяром махнуў рукой-пальчаткай.

Янка ўзняў вочы. Ідзе вусаты, проста на яго наставіў дзіду. Блішчыць на сонцы адточаная дзіда. Чамусьці ўспомнілася, як нядаўна з Мацеем, калі два дні запар ліў дождж, спявалі:

Сонейка, Сонейка, Выглянь у аконейка…

Спявалі, клікалі, прасілі, ласкі яго чакалі… Блішчыць на сонцы адточанае лязо… Сонейка, Сонейка, асляпіла б згубіцеля-ворага…

Ідзе крыжак, ідзе, шчэрыцца ва ўсмешцы. Янка стаў адступацца назад, а губы шэпчуць:

Сонейка, Сонейка, Выглянь у аконейка…

— Братка-а-а! — заенчыў, кінуўся да яго Мацей.

Крыжак са шрамам штурхнуў яго ў грудзі. Мацей упаў на траву.

— А-а-а… — зайшоўся ў плачы.

А крыжакі ў смех, аж прысядаюць. Рагочуць, рагочуць, нібы галодная воўчая зграя вые. Вые, лютая, вые… Ліхая гадзіна…

Сонейка, Сонейка, Выглянь у аконейка,—

шэпчуць перасмяглыя вусны.

Ідзе жываглот, ідзе, шчэрыцца. Янка адступаецца назад, не спускае вачэй з халоднага сталёвага вастрыя. Павярнуцца і пабегчы што ёсць духу? Ногі ледзь трымаюць, вачэй не адвесці ад халоднага вастрыя.

Сонейка, Сонейка, Выглянь у аконейка,—

усё шэпчуць вусны.

Янка адчуў, што спінаю ўпёрся ў шурпаты ствол дрэва. Заплюшчыў вочы. Моцна-моцна. Усё. Ад жывадзёра літасці не чакай.

Вастрыё ўджаліла ў плячо — галава закружылася. Паплыло, паплыло… Зноў кальнула, нібыта страмяку загнаў. Усё. Цемень. Беспрасветнасць.

З вышыні, з самай вершаліны, глядзела, пазірала рыжая вавёрка. «Што робіцца тут?» — пэўна, закрычала б, калі б магла.

Бой з крыжакамі

— Братка! — быцам з цемры, данёсся Мацееў голас.

А пасля пачуўся гугнявы голас рыцара з паўлінавым пяром на грэбені шлема:

— Паднімі хлопчыка.

Чужыя рукі абцугамі сціснулі Янку за плечы, прыўзнялі. На нагах… Стаіць на нагах. Няўжо?

Янка расплюшчыў вочы. Вусаты трымае яго, схіліўся над ім. Які ж агідны!

Янка адступіўся назад, прыхінуўся да ствала дрэва. Апусціў галаву. Чырвоная пляма распаўзалася на кашулі.

— Будуць заложнікамі. Перавязаць, — пад'ехаў бліжэй рыцар з паўлінавым пяром на грэбені шлема.

Вусаты рэзка рвануў рукаў кашулі. Затрашчала палатно. У плячо, здалося, загналі іголку. Перад вачыма замігцела…

— Братка-а… Яначка-а… — загаласіў Мацей. Вусаты адарваным палатном моцна пераціснуў плячо, страсянуў, вызверыўшыся:

— Стой, шчанюк!..

Брыдка вылаяўся і пасунуўся да сваіх. Янка заўважыў, што крыжакі дастаюць мячы. «Да бою рыхтуюцца, няйначай», — мільганула ў галаве.

— Яначка, табе не баліць? — запытаў Мацей. Янка не прызнаўся, што смыліць, пячэ рана.

— Не.

— Я думаў, што ён цябе заколе.

— Мацей, чаму яны мячы вымаюць?

— Нашы праз Шчару пераправіліся. Хочуць абкружыць крыжакоў. Бачыш?

Высокі ядлоўцавы куст затуляў рэчку, луг. Янка ступіў убок. Вочы ўпершыню за гэты час засвяціліся.

Па лузе на нізкарослых касматых конях (хутканогія, яны і праз балота вынесуць, не праваляцца) гарцавалі мужчыны-воі. Уперадзе на сваім Белалобым, канешне, Ясь. То вырываецца ўперад, то нясецца назад, штосьці галёкае.

Янка, забыўшыся пра ўсё на свеце, упіваўся вачыма. Вось Ясь зноў вырваўся ўперад. У руках — меч, за поясам — клявец, ці, інакш, баявы малаток. Яго завостраным канцом воі ў конных сутычках разбіваюць панцыр крыжакоў (нядаўна паказваў Ясь свой клявец, хваліўся). Твар закрывае барміца — сетка з кольцаў. Не на гулянку Ясь сабраўся. А хто ж далей, за ім? Ці не бацька? Але, ён. Ягоны ратны камзол з жоўтай шкуры, на якім нашыты рагавыя пласціны, мільгае сярод коннікаў. У бацькі ў руках дзіда, каля сядла лук, смалісты, абпалены на агні. А каля бацькі, здаецца, Алекса. Так, сябар Алекса. У белай сарочцы, з кісцянём, ці, інакш, паліцай. Два вялізныя металічныя шары з вострымі шыпамі-калючкамі вісяць на ланцужку, прымацаваным да атронка. Невядома, ці вытрымае крыжацкі шлем, калі такія шары з сілай апусцяцца на яго. Крыху збоку Алесін бацька. Як і Алекса, ён у белай кашулі. У ягоных руках сякера з доўгім чаранком, шчыт. І яшчэ воі. З дзідамі, з лукамі, з кісцянямі, з цапамі. Не, не з тымі цапамі, якімі малоцяць збожжа, а з баявымі.