Цэп баявы… Яго доўгае дрэўка злучана металічнымі кольцамі, а байка акаваная жалезам. Будзе крыжакам, будзе. Вунь і баявыя косы блішчаць. Страшная зброя. Яе можна хутка зрабіць. Звычайную гаспадарчую касу насаджваюць на доўгае дрэўка. Калаціся, крыжак. З'язджаюцца воі.
Воі-мужчыны адзін за адным выскаквалі з-за кустоў. Сабраліся ў гурт, панесліся. Ясь уперадзе. А на стромым беразе, каля вёскі, жанкі-кабеты, маладухі, дзяўчаты, дзеці. Там, мажліва, і яго, Янкава, маці, і Алесіна, і Паўлінка, якую, як Алеся казала, кахае Ясь. Пэўна, пазірае, шукае вачыма, дзе ён.
Птушкамі ляцяць над лугам нізкарослыя коні. Насустрач ім сталі выязджаць крыжакі. Коні з жалезнымі налобнікамі, нібы жалезныя пачвары.
Штосьці прагергетаў рыцар з паўлінавым пяром на грэбені шлема. Да Янкі і Мацея падскочыў крыжак са шрамам, наставіў дзіду.
— Каб не варушыліся. Падчаплю дзідай. «Мы заложнікі», — дайшло да Янкі. У ягонай душы зацеплілася надзея. Не раз і не два ад мужчын-вояў чуў, што крыжакі, каб сваю шкуру выратаваць, бяруць у палон заложнікаў. Выходзіць, і гэтыя не вераць, што перамогуць.
Нізкарослыя касматыя коні бліжэй і бліжэй. Ну, родныя, ну! Заенчыў баявы крыжацкі рог. Крыжакі выехалі з лесу. Блішчаць на сонцы жалезныя латы, блішчаць мячы, а над шалёным атрадам у промнях сонца — Крывавая Рука. Нечакана рыцар з паўлінавым пяром махнуў рукой-пальчаткай. Крыжакі ўмомант сталі ў кола, сцяною, адзін каля аднаго.
Расказваў бацька Янку, што крыжакі любяць біцца вось так, сцяною, адзін каля аднаго. Не падступішся да іх. Куды ні кінь — сталёвыя мячы ці вострыя дзіды. І ў гэтых так. Не атрад, а жывая крэпасць-цвярдыня.
— Татка, родны, беражыся! — на ўвесь голас закрычаў Мацей.
Крыжак са шрамам торкнуў Мацея дзідай.
— Не гаўкай.
Ляцяць касматыя коні. Стаіць крэпасць-цвярдыня. Здаецца, вышэй узнялася Крывавая Рука. І яна, відаць, чакае. На каго ж апусціцца?
Не дачакалася. Касматыя коні раптам сталі. Усе як адзін.
— Так, так, — сказаў Янка.
— Што? — не зразумеў Мацей.
— Няма як нападаць. Гэтыя ў жалезе, а нашы… Сам бачыш.
Знямела наваколле. Стаяць крыжакі. І нашы стаяць. «Ву-у, ву-у, ву-ву-ву», — загудзеў у кусце чмель. Бесклапотны, мёд збірае.
Ад вёскі, разразаючы паветра, данёсся плач. Плач-лямант. І адразу ж абарваўся. Нібы струну парвалі.
— Доўга будуць так стаяць? — запытаў Мацей.
— Маўчы. Не квялі душу, — сказаў Янка. Хіба ён ведаў, ці доўга? Хіба мог адгадаць, што прыдумаюць нашы? Адно разумеў: не адступяць. Не для таго сабраліся.
Наперад выскачыў Ясь. Адна, другая крыжацкая страла свіснула каля яго…
Ясь уздыбіў каня. Белалобы прыўзняўся на заднія ногі, заіржаў, крутнуўшыся.
— Во дае! — вырвалася ў Янкі.— Адчайны. Зноў засвісталі стрэлы. Ясь ірвануўся ўбок, стаў, замахаў мячом.
— Эй, вы! Хто на мяне? Страшна з вока на вока? Яшчэ выхваляюцца! За вочы і мышанё кату хвост адкусіць пагражае.
Янка ўбачыў, што крыжак, які трымаў сцяг, перадаў яго другому. Крэпасць цвярдыня расступілася, і ён вынесся з кола на чорным, што жук, кані. Ясь, галёкнуўшы, паімчаўся насустрач. Прыгнуўся да самай грывы, толькі меч паблісквае. І крыжак нокае, паганяе каня. Блішчаць сталёвыя мячы.
— Давай, давай, — прашаптаў Янка.
Каб мог, кінуўся б напярэймы крыжаку, галёкнуў бы так, што спуджаны конь уздыбіўся б.
Коннікі ўсё бліжэй, бліжэй. Коні — Ясеў Белалобы і крыжацкі, чорны — наляцелі адзін на аднаго, заіржалі. Скрыжаваліся мячы. Ясь і крыжак, быццам нябачная сіла іх ірванула, як па камандзе, вылецелі са сваіх сёдлаў. Ашалелыя коні панесліся з усіх чатырох па лузе…
«А-а-а-а!» — паплыў ад вёскі лямант-крык.
Янку быццам асляпіла сонца. На імгненне заплюшчыў вочы. Калі расплюшчыў, то ўбачыў: крыжак, раскарачыўшыся, стараецца ўстаць. А Ясь… Ясь бяжыць да яго, узняўшы клявец. Падбег, бэнцнуў раз, другі. Нібы цвік з размаху забіў. Крыжак выцягнуўся на зялёнай траве. Адкінуў ногі.
— У-у-у! — скрыгітнуў зубамі крыжак са шрамам.
Янка са страхам глянуў на яго. Мурашкі прабеглі па спіне. Цяпер літасці не чакай.
Ды крыжак, мусібыць, зусім забыўся пра іх. Калі б Янка скумекаў, то штурхнуў бы Мацея, кінуліся б разам у гушчар.
«А-а-а-а!» — вокліч радасці данёсся з вёскі.
«А-а-а!» — падхапілі мужчыны-воі.
Зноў завыў баявы крыжацкі рог. Крыжакі белай хмарай рынуліся наперад.
«Яся крыжацкія коні затопчуць, — падумаў Янка. — Чаму не ратуецца? Чаму спіць у шапку?»