Выбрать главу

Але яны — не вы. Вас мы з Ірынай узгадваем кожны дзень. Пракопіку альбом я так і не даслала. Разглядваем яго цяпер і ўздыхаем: “Выдатныя людзі былі!” Не ўсе, вядома. Першага ў трэцім радзе знізу я за выдатнага не лічу, ды і яшчэ некаторых, не буду ўлазіць у падрабязнасці...

А ў цябе як ідуць справы? Пішы як мага больш, хочацца пра цябе ведаць усё. А лепш прыязджай. Я буду чакаць. Шчыра кажучы, я цябе чакаю даўно ўжо, пачынаючы з той хвіліны, як ты з’ехаў. Праўда… Я так сумую па табе… Уяўляю — сядзіць недзе зараз на печы мой Дольчык, плача, а на вуліцы снег ідзе, на вуліцы зімна, і ісці яму нікуды не хочацца. Няма прычыны, каб швэндацца без справы. І правільна, сядзі і ўспамінай сваю Лідку, думай пра яе, а на другіх не заглядвайся. Вось так…

Буду закругляцца. Прывітанне табе ад Ірыны, Галкі і, асабліва, ад Веры. Зразумеў?!! Цалую, кахаю, памятаю… Пішы…

Да пабачэння. Я…»

Аўтобус вынырвае аднекуль з цемры гэтак жа нечакана, як і некалькі хвілін таму паявілася Валька. Напэўна, усе гэтыя нечаканасці з-за таго, што гадзіннік у кішэні маёй курткі адлічвае час у адваротны бок, і маё нежаданне падпарадкоўвацца стабільнасці прытупляе пільнасць.

— Знаёмся, гэта Юрый Іванавіч, — называе Валька невысокага мужчыну прыкладна майго ўзросту. Мужчына цягне мне сваю маленькую, падобную да жаночай, руку і хітра ўсміхаецца. У мужчыны выдатны настрой і павялічаныя лінзамі глыбокія чорныя вочы. Наконт колеру іх я магу памыляцца, цьмянае, скупое святло ў салоне аўтобуса вымушае мяне сумнявацца ў гэтым. Мужчына нечым мне не падабаецца. Пэўна, ён з той катэгорыі людзей, якіх не хочацца пускаць у сваё жыццё яшчэ да знаёмства. Адкуль у мяне гэта, я не ведаю. Але нейкае шостае пачуццё падказвае мне: «Трымай гэтага чалавека на адлегласці».

Паціскаю руку і называюся. Маладая жанчына з добрым, крыху разгубленым позіркам, напэўна, таксама выкладчыца, паказвае мне вачыма на месца ля вакна. Праціскаюся праз вузкі праход. Аўтобус гудзе, нібы вулей. І я ў ім пакуль яшчэ чужынец.

— Хвіліначку ўвагі, — заклікае студэнтаў да цішыні ўсё тая ж жанчына з добрым позіркам. — Наш… — яна спыняецца на паўслове і задумліва задзірае галаву.

— Ноеў каўчэг! — падказвае ёй нехта са студэнтаў, запаўняючы сваім звонкім сапрана паўзу. Гэты нехта — мая суседка, і я з несхаванай цікавасцю пазіраю на дзяўчыну: «Чаму Ноеў?»

— Так, Ноеў каўчэг, — згаджаецца са студэнткай жанчына, — пакідае наш любімы і слаўны горад. Скажам яму: «Да пабачэння!..»

Студэнтка, якая толькі што ахрысціла наш аўтобус «Ноевым каўчэгам», пазірае на мяне і лісліва ўсміхаецца. Нашы позіркі сустракаюцца, і мне хочацца верыць, што ўсё ў гэтым свеце падпарадкоўваецца Яе Вялікасці Выпадковасці…

5

Жэнік крочыць па калідоры, уздоўж шэрых сцен. Ад акна на іх дрыготкая палоска святла. Ён дакранаецца да яе пальцам. Святло ўелася ў атынкоўку, зрабілася неад’емнай яе часткай. Холад перадаецца ўсяму целу. Ён азіраецца. У калідоры ніводнай душы. У паветры вісіць устойлівы смуродны пах паленага тлушчу. Скупое калідорнае святло нібыта панцыр. Пад ім пашарпаныя шэрыя сцены. Што тоіцца за імі? Ён распранае вачыма цнатлівую інтэрнацкую цішыню і спрабуе ўявіць сабе, чым жывуць гаспадары гэтых невялікіх аднатыпных пакояў. Спрабуе — і не можа… Бо, каб уявіць сабе тое, што ты хочаш, трэба ведаць, што ты збіраешся сабе ўявіць…

Жэнік робіць некалькі крокаў да абітых чорным дэрмацінам дзвярэй і спыняецца. Марудзіць хвілінку-другую, выцірае пальцы насоўкай і націскае на дзвярную ручку. У пакоі накурана, і, каб праветрыць яго, нядаўна адчыненай фортачкі недастаткова. Нягледзячы на тое, што скразняк уварваўся ўжо ў пакой, цыгарэтны чад з прымессю пахаў кавы, парфумы і поту ўсё яшчэ вісіць у паветры.

— Прывітанне! Я на хвілінку…

У адказ маўчанне. Ён робіць яшчэ некалькі крокаў, і першае, на чым затрымліваецца яго позірк, гэта карціна. Яна вісіць над ложкам у прыгожай багетавай рамцы і нагадвае акно ў незнаёмы і прывідны свет: сляпое і заседжанае дзе-нідзе надакучлівымі мухамі. Паўзмрок, які валадарыць у памяшканні, не замінае яму разглядзець прыгажосць гэтай «заваконнай» казкі — казкі аб вялікім чорным сонцы. Гэта менавіта яно рассцілае ўладарна свае чорныя як смоль промні. Над лесам і над вадою, якія шчыльна акальцоўваюць з усіх бакоў крэпасць, носіцца чорная птушка. Яна і сцеражэ гэтае княства цемры. І ўсяму таму спрыяюць няўлоўны, заклапочаны рытм натоўпу дрэў, маналіт муроў вежы, строга раскрэсленыя лініі званіц і вольны размах крылаў чорнай птушкі. Палахлівае сонца коціцца за далягляд. Яно ўжо не здольнае супрацьстаяць пераможным акордам чорных промняў. Яно нават не можа прабіцца праз іх. Свет да краёў запаланёны цемрай…