Выбрать главу

Ён адрывае позірк ад карціны і аглядвае пакой. З мэблі ў ім ложак, шафа і пісьмовы столік. На дзвярах вялікае люстэрка, на сценах кніжныя паліцы. Замест кніг у іх парфума.

— Не грукай дзвярыма, — папярэджвае яго Тэрэза. — Люстра трымаецца на добрым слове і можа ўпасці…

Дзяўчына выходзіць з-за шафы і збянтэжана паціскае плячыма. Ён заўважае, як твар яе пакрываецца густой чырванню. Ён асцярожна зачыняе дзверы і заходзіць у пакой. Сэрца шчымліва сціскаецца. Сэрца хоча штосьці нагадаць. Магчыма, яно хоча папярэдзіць яго аб нечым важным. Толькі слухаць сэрца няма часу. Ён перакананы, што начаваць застанецца ў гэтым пакоі, на ложку са ўзбітымі мяккімі падушкамі.

— Магу прымацаваць, — прапаноўвае ён, скоса пазіраючы на люстэрка. — Хочаш?..

— Другім разам, — адмаўляецца дзяўчына, не хаваючы сваёй нядобразычлівасці.

У Тэрэзы залацістыя валасы з завіткамі каля вушэй. Валасы блішчаць і падобныя да апалай лістоты — той, што рассыпана па брукаваных дарожках у цэнтральным скверыку, насупраць інтэрната. Жэньку здаецца, што валасы яе вымазаны гусіным тлушчам. Наўмысна, каб зберагчы свой цнатлівы залацісты колер. Зберагчы для зімы…

— Адкуль яна ў цябе? — паказвае ён вачыма на карціну. — Раней яе тут не было… Ты пачала захапляцца жывапісам?

— Гэта Чурлёніс: «Балада аб чорным сонцы».

Жэнік падыходзіць да карціны і кранаецца палатна пальцам.

— Гэта копія, — удакладняе Тэрэза. — Арыгінал згублены…

— Адкуль яна ў цябе? — настойліва перапытвае Жэнік.

— Мастак адзін падарыў.

— Зразумела… ты стала цікавіцца мастакамі…

Тэрэза маўчыць. Ён таксама. Маўчанне намагаецца перамагчы маўчанне. Напэўна, каб нарадзіць шчырасць. Ва ўсякім выпадку, ён на тое спадзяецца.

— Што ў цябе яшчэ новенькага?

— Джынсы…

Тэрэза дэфіліруе па пакоі.

— Як?..

— Класныя, — адказвае Жэнік. У голасе несхаваная абыякавасць.

— А вочы?

— Вочы таксама класныя…

— Не, Жэнік, — сумна ўсміхаецца Тэрэза. — У іх няма ранейшага бляску, няма свежасці...

За яе пранізлівай халоднай усмешкай тоіцца нейкае глыбока схаванае расчараванне.

— Тэрэза, нам неабходна пагаварыць.

— Аб чым? — здзіўляецца яна.

— Іншы раз мне здаецца, што ты… — ён замаўкае і сумна глядзіць на Тэрэзу. — Што ты нешта старанна хаваеш ад мяне. Можа ў цябе ёсць нехта іншы? Лепшы?..

— Чаго ты хочаш? — злуецца яна.

— Я хачу, каб ты калі-небудзь закахалася ў мяне. Я пачакаю… Чуеш?

— Я і так цябе кахаю.

— Не, Тэрэза, не кахаеш... Ты толькі дазваляеш кахаць сябе…

Яна хоча дадаць нешта ў апраўданне, аднак перадумвае і збянтэжана ўсміхаецца. Яе ўсмешка агаляе адзіноту. Яго адзіноту. Ён не ведае, пра што гаварыць далей, і маўчыць. Лепшы сродак ад болю — гэта туга. Туга па сваіх пачуццях…

Калі б нехта спытаў у яго ў гэты момант, з чаго складаюцца нашы эмоцыі, ён не задумваючыся адказаў бы: з іроніі. Вечар таксама вылеплены з іроніі. А яшчэ з пацалункаў…

Усю ноч яны мілуюць адно аднаго. Раніцай разам пакідаюць цесны інтэрнацкі пакойчык. Яна ідзе на працу, ён — на пошукі ўчарашняга дня. Настрой выдатны. Калі не ўлічваць, што хочацца спаць. Аднак санлівасць хутка пройдзе. Кубачак кавы верне ўпэўненасць і бадзёрасць…

6

Ноччу ідзе снег. Раскалупаныя вулічным святлом жоўтыя дзіркі ў ліпкай цягучай цемры запоўненыя каляровым віхурным пылам. Цені нагадваюць пачварных міфічных жывёл. Парывісты вецер гоніць гэты прывідны статак у канец вуліцы, потым вяртае яго назад. Вуліца падобная да вялізнага вальера — запыленая і пакалечаная капытамі нябачных міфічных істот. Але вецер некалі сціхне… Снег таксама... Першы снег не ляжыць доўга. А пакуль… Сняжынкі сыплюцца з развязанага меха Вечнасці і разносяцца ветрам па вуліцы. Акамянелая завірушная цемра набывае выразна акрэсленыя формы. Буднік узіраецца ў гэтае размытае да непазнавальнасці Нешта і думае пра Вечнасць. І ноч цалкам спрыяе гэтаму. За вокнамі падае снег. А ў пакоі цішыня... Буднік слухае сябе — там таксама цішыня…

Недзе на краі бездані віднеецца Вялікі Горад. У шэра-белай дымцы вымалёўваюцца размытыя адлегласцю шматпавярховыя будынкі. Яны нагадваюць Будніку пакорлівых вартаўнікоў лета, што сыходзіць у нябыт. Яны ўсё яшчэ працягваюць несці сваю бездакорную, пачэсную варту. Але іх пакорлівасць нікому не патрэбная ўжо. Пакутуючы ад гэтай напатканай знянацку сваёй непатрэбнасці, пакутуючы ад незразумелай зямным істотам безвыходнасці, іх запыленыя паўсляпыя вочы-вокны роспачна моляць аб літасці…