У твар шугае гарачынёю. Такога ад Валькі я не чакаў.
— Што вы, — хвалююся я і збянтэжана пазіраю на студэнтку. — Я не збіраўся чытаць сёння вершы… Я не рыхтаваўся нават…
— Дольчык, не дуры галаву. Да чаго ты не рыхтаваўся?
— Чытаць вершы, — настырна сцвярджаю я.
— Дольчык, ты — эгаіст! Вы толькі падумайце, каб прачытаць верш, трэба рыхтавацца, — здзіўляецца Валька.
— Ой, як цікава!.. Пачытайце, калі ласка! — какетнічае суседка. — Што-небудзь пра каханне…
Ёй я адмовіць не магу. Аддуваюся некалькімі завучанымі да аўтаматызму радкамі. Дзяўчына пляскае далонямі: «Класна!»
— Хвілінку ўвагі! Хвілінку ўвагі! Зірнём у вакно.
Голас Юрыя Іванавіча дрыжыць. На ілбе кропелькі поту.
— Зірнём у вакно… — просіць ён студэнтаў. — Наш «Ноеў каўчэг» вырульвае на галоўную магістраль. Перад намі простая дарога на Полацк. Зараз яна асфальтавая, а вось некалі ў Сярэднявеччы…
Юрый Іванавіч на хвілінку засяроджваецца. У аўтобусе ўсталёўваецца цішыня.
— А вось у Сярэднявеччы мангола-татары да Полацка так і не дабраліся. І мячэцяў у гэтым горадзе няма, і ніколі не было. У Наваградку ёсць, у Мінску была, а ў Полацку няма.
— У Мінску? — здзіўляецца нехта.
— Так… Мячэць знаходзілася на старым Замчышчы, — тлумачыць Юрый Іванавіч. — І пабудавалі яе прашчуры крымскіх татар. Іх продкі дабраліся да нас па Дняпры.
— Насупроць плыні? — перапытвае здзіўлена той жа голас.
— Менавіта. Якая там вайна пасля ўсіх выпрабаванняў, што выпалі ім у часе паходу? Разумнымі татары аказаліся, здаліся ў палон без бою. Вось ваявода і дазволіў ім будавацца ў Татарскай Слабадзе.
Гэта апошнія словы, што я чую. Голас Юрыя Іванавіча некуды знікае. Думкі вяртаюць мяне зноў у юнацтва — у час маіх надзей і выпрабаванняў…
«Прывітанне, мой любы!
Сёння субота, і я толькі што вярнулася з суботніка. Прыбіраліся каля тэхнікума. Было весела. Вечарам збіраемся на танцы ў “Караедню”. Тысячу гадоў не была там. З хвіліны на хвіліну маюць прыехаць дзяўчаты: Верка з Галькаю. Яны цяпер да мяне кожны дзень прыязджаюць. Гуляем з імі па горадзе. На вуліцы цёпла — вясна. Хутка святы. Збіраюся наведаць бацькоў. Нам якраз вольны тыдзень выпадае, вось я і пакарыстаюся гэтым. Калі шчыра, дык я і так гуляю цэлы тыдзень. Начальнік наш у камандзіроўцы, мы і рады: “сачкуем” з практыкі. Па праўдзе, практыка надакучыла. Працы па горла, а кіраўнік нейкі несур’ёзны. Не начальнік, а паўдыплома страты. З ім толькі нервы свае трэплеш. Кожны дзень сварымся. Цікава, якую ён характарыстыку мне напіша? Тэма ў мяне сур’ёзная. Усе доследы давядзецца праводзіць самой. Цікава, што з гэтага выйдзе? Буду трымаць цябе ў курсе сваіх дасягненняў. Хто ведае, можа, мне не дыплом давядзецца абараняць, а кандыдацкую дысертацыю? Во хохма будзе, Лідка — дацэнт! Уяўляеш?! Я — не…
Каб ты толькі ведаў, як я па табе сумую. Сяду пісаць ліст, а словы нейкія не тыя, адшукваю-адшукваю патрэбныя, а потым як напішу, самой чытаць брыдка. І ўвогуле, не выходзяць у мяне да цябе лісты. Некаму іншаму пішу лёгка, а табе хочацца ўсё-ўсё напісаць. Ты даруй, але цяжка выгаворвацца і не бачыць тваіх вачэй. Можна толькі здагадвацца, што ты скажаш у адказ мне. Часта згадваю нашы з табой размовы… Памятаеш? “Мне с тобою светло…” А мне хочацца дадаць: “И темно без тебя…”
Усё… Цалую!.. І выкінь з галавы, што мы не сустрэнемся болей. Калі ты не прыедзеш, я сама цябе знайду, дзе б ты ні быў. Сцеражыся тады!.. Зразумеў?
Кахаю… Цалую… Я.»
8
Сустрэцца яны дамаўляюцца ў «Братчыне». Жэнік любіць гэты невялікі гасцінны «барчык» у келлі былога манастыра. Падабаецца за ўтульнасць і неблагое абслугоўванне.
У зале паўзмрок. Жэнік адчыняе дзверы і некалькі хвілін пільна вывучае памяшканне. Столік, за якім ён любіць бавіць час за кубачкам кавы, заняты. Гэта засмучае яго. Ён кідае незадаволены позірк на мужчыну, які сядзіць за гэтым сталом, і накіроўваецца да суседняга.
Да сустрэчы з Тэрэзай застаецца хвілін дваццаць. І гэтага больш чым дастаткова, каб сабрацца з думкамі. Памеркаваць ёсць пра што. Тая недагаворанасць, тое неразуменне, якія ён адчувае з боку Тэрэзы апошнім часам, пачынаюць псаваць іх адносіны… А страчваць Тэрэзу ён не збіраецца. Што ён — тэлепат, каб чытаць чужыя думкі?..
— Піва і што-небудзь з халодных закусак. І… — просіць ён і глядзіць на гадзіннік, — праз трынаццаць хвілін — два кубачкі кавы.
Гіпсавая ўсмешка на твары ўгодлівага афіцыянта павялічваецца: