Выбрать главу

— Што-небудзь яшчэ?

Жэнік адмоўна круціць галавою. Здань угодлівага чалавечка знікае за дзвярыма службовага памяшкання, каб вярнуцца праз некалькі хвілін з півам і салатай. Ставіць прынесенае на стол і, пажадаўшы смачна есці, зноў знікае за паўадчыненымі дзвярыма.

Жэнік адпівае глыток піва і зноў акідвае позіркам мужчыну, які сядзіць за суседнім столікам і косіцца на яго. На хвілінку іх погляды сустракаюцца. «Дзівак нейкі», — незадаволена думае Жэнік, разглядваючы мужчыну. Шрам ад вуха да падбародка псуе твар незнаёмца, надае яму нешта крымінальнае. Мужчына паспешліва пераводзіць позірк на экран тэлевізара.

— Чалавек — істота сацыяльная, — распаляецца чалавек на экране. — І ад гэтага нікуды не дзенешся… Я не пра рэлігіі нават, не… я пра свой асабісты светапогляд... Няхай сабе і дамарослы… Гадаваўся я ў матэрыялістычным асяродку, можна сказаць, у атэістычным… І ўсё было б добра, калі б не мой жыццёвы вопыт… З гадамі ён накопліваўся і аднойчы стаў вырывацца за межы свядомасці. Што было мне рабіць? Заплюшчыць вочы і чакаць? І я вырашыў дапусціць, уявіце сабе, толькі дапусціць, што выхаваны ўва мне светапогляд няправільны… І я адразу адчуў сябе іншым чалавекам… Разумееце? У нечым маё светаўспрыманне падзей і ўчынкаў супадала з пастулатамі асноўных рэлігій, у нечым — не… Але пакрысе яно выбудоўвалася ў адладжаную, лагічную схему, наколькі гэта было магчыма… Я гэта да таго, што асноваю жыцця можа стаць толькі свой уласны вопыт, а не вопыт, набыты з кніжак…

— Выходзіць, што чужыя памылкі нічому добраму не вучаць? — здзіўлена пытаецца вядучы.

— Выходзіць, не вучаць.... І ведаеце, чаму?

— Чаму?

— Бо ўсё ў гэтым свеце мае кошт. Людзі не цэняць таго, што дастаецца ім за так. Кожны пражывае сваё жыццё…

— А школа?

— Школа?.. Школа не выхоўвае. Школа дае адукацыю…

Жэнька адводзіць вочы ад экрана. Мужчына за суседнім столікам пазірае на яго з цікавасцю археолага, які толькі што адкапаў на занесеным векавым пылам гарадзішчы вялізныя біўні маманта. Гэтая яго звышуважлівасць пачынанае раздражняць Жэніка. Ён пазірае незадаволена на мужчыну, потым на гадзіннік — стрэлкі набліжаюцца да паловы першай. Тэрэза спазняецца.

Дзверы службовага памяшкання адчыняюцца, і адтуль вынырвае постаць афіцыянта з двума кубачкамі кавы… І з неадчэпна прылепленай да твару ўсмешкай…

— Адкуль яны бяруць такіх?.. — разважае ўслых незнаёмец.

Ад яго абыякавага, безжыццёвага позірку Жэньку робіцца няёмка. Ён спрабуе надаць твару заклапочаны выгляд. «Тэрэза не прыйдзе. І з гэтым трэба змірыцца».

— Малец, ты адкуль? — падсаджваецца за яго стол незнаёмец. Кубак з півам напалову парожні.

— З Грамоў, — нехаця адказвае Жэнік.

— З Грамоў? — здзіўляецца незнаёмец. — Ганялі нас Грамы некалі.

— Каго гэта — «нас»? — скептычна пазірае на яго Жэнік.

— «Караедаў»… Так называлі нас, навучэнцаў ляснога тэхнікума, у горадзе. Напэўна, зараз усё па-іншаму…

Жэніку падаецца, што разважае незнаёмец сам з сабою. Вочы яго бязмэтна блукаюць па зацемненым памяшканні. Яны патухлыя і безжыццёвыя. Шрам на твары ружовы, наліты крывёю.

— Малец, вось скажы мне: ты баішся смерці?

Вочы незнаёмца як прысоскі. Жэнік спрабуе адшукаць у іх тое, што збліжае людзей, родніць іх, і не знаходзіць. Бо колькі ні ўзірайся ў іх — вочы акамянелыя і непадступныя.

— Я і не жыў яшчэ, каб задумвацца над гэтым, — злуецца Жэнік.

— А я баюся. І чым меней часу застаецца ў мяне да гэтага запланаванага дня, тым меней упэўненасці, што я здольны смела зірнуць ёй у вочы.

— Нехта з вялікіх сказаў: «Людзі, якія не любяць жыцця, ведаюць, калі яны памруць», — з’едліва пазірае на яго Жэнік.

— Смаркач! Што ты разумееш у гэтым?..

Размова не атрымліваецца, болей таго, пачынае набываць нейкую непрадказальную агрэсіўнасць. Жэнік устае з-за стала.

— Малец, пачакай… — вочы незнаёмца па-ранейшаму халодныя і безжыццёвыя. — Пагавары са мной…

Жэнік моўчкі накіроўваецца да выхаду. Незнаёмец яго не затрымлівае...

Тэрэзу ён знаходзіць у цэнтральным скверыку, непадалёк ад памятнага знака літары «Ў». Аднак не лёсам роднай мовы заклапочаны ён у гэты момант, як на тое разлічвалі, напэўна, аўтары гэтага арыгінальнага помніка. Сярод моладзі, якая тусуецца ў скверыку, ён заўважае незнаёмага яму хлопца. Напэўна, гэта і ёсць той самы мастак, пра якога яму ўчора распавядала Тэрэза. Ну, вядома, ён, хто ж яшчэ: барадаты, самаўпэўнены. Мастакі ўсе барадатыя альбо ў берэтах. Жэнік марудзіць хвілінку і падыходзіць да моладзі.