Выбрать главу

Бялявая скоса паглядзела на мяне і нічога не сказала.

— «Глыбока схавана тое Сховішча, і многія з нас не здагадваюцца, што ў час нашага сну Белае Брацтва спускаецца па тых галерэях на сваю начную пачэсную варту…» — выпаліў я пасля хвіліннага маўчання.

— З гэтай «начной вартай» Мікалай Канстанцінавіч знаёміць нас у іншай сваёй карціне, «Скарбніца гор», — прыхільна зірнула на мяне дзяўчына і дадала: — У Сховішчы тым вялізнае скопішча горнага крышталя, а ў таемным залацістым святле патанаюць постаці ў доўгіх балахонах. У руках Галоўнага — Чаша с полымем і невыразна акрэслены прадмет...

Я ў боязі падацца ў яе вачах невукам няўпэўнена пацікавіўся:

— Можа гэта і ёсць той самы Камень, які прыводзіць рытм нашай Планеты ў адпаведнасць з Касмічным магнітам?

— Магчыма, — усміхнулася дзяўчына.

Мне здалося, што ў яе рухавых зрэнках пасялілася іронія. А яшчэ, напэўна, смутак...

— Адкуль вы ведаеце пра Камень? — пацікавілася яна нечакана.

Я паціснуў плячыма:

— Чытаў недзе.

— Чыталі, але амаль нічога не зразумелі? — з’едліва спытала дзяўчына.

«Хіба так знаёмяцца?» — падумаў я і з жалем і крыўдаю паглядзеў на бялявіцу. Выдавала на тое, што скептычная ўсмешка прыляпілася да яе вуснаў неадчэпна і разлічваць на нейкую паблажлівасць марна.

Аднак я перабольшваў… Як заўсёды…

— Ведаеце, чаму людзі баяцца смерці?.. — нечакана спытала яна. Не без іроніі, вядома.

Я падрыхтаваўся да чарговага розыгрышу.

— Таму, што яны не разумеюць, што такое Вечнасць… Рэрых падарыў нам магчымасць дакрануцца да яе поглядам. Кожны яго твор прасякнуты Прыгажосцю і Вечнасцю. Узіраючыся ў яго палотны, мы сутыкаемся са сваім глыбінным «Я», са сваім Духам. Бо чалавек найперш ёсць Дух. А жыццё — гэта хучэй сон, чым сапраўднасць… Наша душа спачывае ў «труне», якую мы называем целам…

Я баяўся спалохаць сваімі неразумнымі пытаннямі яе думкі і маўчаў.

— Мінулае, сапраўднасць і будучыня — існуюць адначасова. Зямля — гэта толькі месца іспыту нашай Вартасці, Творчасці і месца апошняга Суда. Тут мы праходзім духоўны адбор. Кожны з нас носіць свае «шалі» за пазухай. Імі мы і адважым сабе той кавалак, якога заслугоўваем. Недаравальны грэх — гэта ўяўляць сябе Богам…

— У кожнага з нас сваё разуменне дабрыні… Вечнасці таксама…

— Вы не згодныя? — зірнула яна на мяне недаверліва.

— Што вы!.. — захваляваўся я. — Болей таго, я не супраць прадоўжыць з вамі гэтую тэму, але, здаецца, нас хутка папросяць з залы. Да закрыцця выставы застаюцца лічаныя хвіліны, — выціснуў я і заклапочана зірнуў на гадзіннік. — Вы не супраць, калі мы прагуляемся ля Дзвіны?

Гэта было нахабства. Аднак па-іншаму я не мог. «Зараз, альбо ніколі», — вырашыў я цвёрда.

— Насупраць гатэля ёсць буфет… Калі жадаеце, магу пачаставаць вас кавай, — смела прапанаваў я. — Альбо півам… Ну-у-у, згаджайцеся… Раскажаце пра Камень?

Маё пытанне засталося без адказу…

Мы спускаліся па каменных прыступках уніз да Дзвіны, а мне здавалася, што я спускаюся ў апраметную нечай душы. З лабірынтаў сховішча чужой дабрыні, смутку і самоты веяла трывогай і невядомасцю. І мне захацелася як мага хучэй перажыць гэтыя хвілінныя нязручнасці…

— Ой, ды тут і ўпасці нядоўга! — засумнявалася дзяўчына, спатыкнуўшыся. Як выявілася, зачапілася абцасам боціка за вышчарбленую каменную прыступку. Я азірнуўся. Яе рука нехаця кранулася майго пляча. Ад яе сыходзіла магічная прыцягальная цеплыня. Нашы крокі адгукаліся гулкім рэхам. Жалезныя поручні апякалі далоні ледзяным холадам. Мяне здзіўляла не столькі бестурботнасць дзяўчыны, якая з лёгкасцю даверылася мне, колькі смеласць маёй прапановы. Гэта быў парыў нахабства, вераломства вечна палахлівага майго «Я». Гэта была радасць, якую людзі чакаюць усё жыццё. Я шукаў у яе бяскрыўдных словах схаваны сэнс. Шукаў і не знаходзіў яго. Бо жаданне паверыць, што гэта і ёсць тая — адзіная, з якою я марыў ісці па жыцці поруч, тая, якая зможа дапамагчы мне выжыць у гэтым жорсткім, вар’яцкім свеце, перамагала ўсе астатнія мае эмоцыі. Мне хапіла аднаго толькі выпадковага дотыку яе далоні да майго пляча. Я ад хвалявання ўсміхнуўся і ў надзеі зірнуў на дзяўчыну. Але маёй шчаслівай усмешкі яна не заўважыла…

У яе былі выразна акрэсленыя рысы твару: вялікія зялёныя вочы, акуратны нос. А яшчэ ў яе было чулае сэрца. Толькі добразычлівасць у краіне, дзе яна нарадзілася, была раднёю неабароненасці. І, пэўна, яна пра гэта нават не здагадвалася.

У рэстаране было бязлюдна. Маладзенькая афіцыянтка паклала перад намі меню.

— Што будзем піць: гарбату, каву? — спытаў я нясмела.