— Цёмны ты чалавек, Лупонік. Не кеміш у жыцці нічога!.. Не кеміш!.. — адрывае яго ад дакучлівых вярэдлівых думак Буднік і прытворна ўздыхае: — Прытрымлівацца левых поглядаў — не азначае яшчэ не верыць у Бога. Хіба гэта не Бог вылучыў мяне сярод астатніх? — праводзіць ён указальным пальцам па сваім няголеным твары. Ад правага вока праз усю шчаку цягнецца ружовы шрам. — Нездарма, відаць, Ён мяне пазначыў…
Няўклюдна выблытваецца з доўгага чорнага паліто і падыходзіць да вакна. За акном восень і заледзянелы сум Вечнасці. У мокрай гушчэчы дрэў Дзвіна, за ёю спавітая бясколернай смугою полацкая Сафія. Халады даўно ўжо апанавалі гэты горад. І ад іх калючай варожасці дрыжыкі па целе...
— Жыццё, Лупонік, падмануць немагчыма. Сацыялісты таму і пралічыліся, што адмежаваліся ад простага люду. А людзі, Лупонік, абяццанні любяць… Людзям хочацца відавочнага раю, няважна, дзе: на зямлі ці на небе. Яны не звыклі доўга чакаць, ды абяцанні сацыялістаў зацягнуліся. Ім бы да нечага новага дакумекацца, аднак розуму на тое новае не хапіла. Вось і атрымалася з краінай ні Богу свечка, ні чорту галавешка…
Лупонік згодна ківае галавой: «Хто яго разбярэ, гэтага Будніка?» Ён і тады яшчэ, калі яны вучыліся ў адным тэхнікуме, нос задзіраў, праўда, тады Лупонік не баяўся пярэчыць яму. А зараз... Хрэн яго ведае, што ў галаве ў гэтага бандыта?
— Ты калі-небудзь бачыў сабаку з каўбасою на шыі? — працягвае занудлівы маналог Буднік. Адрывае ад падлогі цяжкія свінцовыя вочы і з’едліва ўсміхаецца. — І не ўбачыш ніколі… Свет, Лупонік, гэта, даруй мне за банальнасць, вялікі тлусты зад, які кожны хоча напіхаць тым, чым яму хацелася б…
— А што рабіць? — збянтэжана зіркае на яго Лупонік. Прыкідваецца, трэба ж неяк падтрымліваць размову.
— Жыць, браток… Людзі не лекары і не нянькі. Тут адно з двух: альбо цябе паважаюць, альбо ты ніхто. Самае галоўнае ў жыцці для чалавека — гэта самасцвярджэнне, — працягвае Буднік. — Калі ж чалавек пачынае губляць упэўненасць, ён здольны на любыя ўчынкі…
— А справядлівасць?..
— Некалі і я наіўна лічыў, што ўсе нашы беды ад нашай беднасці. Аднак з цягам часу зразумеў, што людзі, у большасці сваёй, шалеюць ад багацця. Дзеля хвіліннай пацехі яны ідуць на любую змову са сваім сумленнем. Кім толькі не даводзілася мне быць у свой час… Нават загоншчыкам у Пушчы быў. Гэта пасля так званай перабудовы ўжо. Пасля таго як мяне з дырэктара лясгаса выперлі. Я гэта да таго, Лупонік, што на сваім вяку з рознымі людзьмі мне даводзілася сутыкацца…
Буднік адыходзіць ад акна і заклапочана чухае патыліцу.
— Загоншчыкам, гаворыш? А што гэта такое? — працягвае патураць яму Лупонік.
— Гэта калі ты заганяеш звера на нумары, замест сабак значыцца… Звычайная працэдура быццам бы… — Буднік змаўкае і пачынае кашляць. Адкашляўся, працягвае: — Часцей за ўсё на паляванне ў пушчанскі лес прыязджалі немцы — «гансы», як мы іх тады называлі. Нейкі барон Фокінштайн наладзіў сапраўдны бізнес на гэтым. Плата бралася за кожны стрэл. За трафеі разлічваліся асобна, ды яны звычайна не забіраліся. «Гансаў» вабіў азарт, а не трафеі. Яны стралялі па цяжарных самках, стралялі па маладняку, ім усё роўна было, па кім страляць. Яны стралялі, бо імі кіраваў азарт. А мы, егеры, — людзі дзяржаўныя, у службовых абавязках якіх было запісана: аберагаць, — заганялі гэтых цяжарных самак ім на нумары. Заганялі за грошы… за вялікія грошы, Лупонік…
— І што?
— Што?.. — злуецца Буднік. — А нічога… На сваёй радзіме «гансы» дазволіць сабе такога не маглі б, а ў нас — калі ласка. Аднойчы адзін такі «ганс» на вачах у нас застрэліў лісу. Застрэліў — сказана замякка. Ён пальнуў у звера жаканам зблізку і ад таго застаўся хвост ды загрывак. «Гансы» рагаталі, а мне хацелася плакаць. Мне здавалася, што я таксама стаў дзічынай — мішэнню. Што аднойчы, калі я не выганю на нумар звера, яны пальнуць і па мне…
Пакой запаўняецца маўчаннем — працяглым і гнятлівым.
— Ладна, Лупонік, праехалі... Гэта голыя слоўцы, сцёртыя ад частага ўжывання. І не ўсё можна растлумачыць з іх дапамогаю, — цяжка ўздыхае Буднік — Жыццё толькі з узростам праяўляе да нас нейкую паблажлівасць. Забудзь пра тое, што я табе наплёў тут… Лады? І ідзі. Давай, давай, тупай. Мне аднаму пабыць трэба. Працы ў мяне, браток, шмат… Цяміш?..