Лупонік няспешна зачыняе за сабой дзверы. «Працы ў яго многа, — незадаволена бурчыць ён. — Здагадваемся мы пра тваю працу, сабака! Прыпёрся на маю галаву, філосаф гэткі…»
— Ну, што, выведаў што-небудзь? — шэптам сустракае яго ля парога жонка.
— Пайшоў ён!.. — злуецца Лупонік.— Выведаеш у яго… Як жа…
— Што ж ты яму аб гэтым не скажаш? Узяў і паслаў бы адкрыта…
— Ты яшчэ будзеш назаляць мне…
4
Прыгажосць існуе нават у думках. І разуменне яе ў кожнага сваё. Ва ўсякім выпадку, так некалі сцвярджала Ліда. Аднак, калі я спрабую ўяўляць свой горад з вышыні птушынага палёту, то задумваюся чамусьці не пра тое, што тут налеплена, а пра тых, хто наляпіў усё гэта. «Самае прыгожае ў прыродзе — гэта адсутнасць чалавека». Гэта не я. Гэта разумнік Бліс Карман. Жорсткая, але справядлівая думка.
Я не скептык, таму і мне хочацца верыць, што ў свеце валадарыць Хаос. Што межы паміж абсурдам і прыгажосцю размытыя да непазнавальнасці. І чалавека ад неабдуманых учынкаў утрымлівае страх быць пакараным, а не разуменне нейкіх эстэтычных ці біблейскіх пастулатаў. Гэта я да таго, што ў тыя далёкія юнацкія гады маімі пачуццямі кіравала не скупая мужчынская разважлівасць, а разбуральная сіла эмоцый. Тады я не здагадваўся нават, што за здзейсненае давядзецца рана ці позна несці адказнасць. Не важна, за што: за здраду ці за нерашучасць. Нерашучасць і ёсць першы крок да здрады. Менавіта з-за маёй нерашучасці пайшло наперакос усё маё жыццё. Бо можна падмануць усіх, але не сябе самога. Не хацеў бы, каб мая вандроўка ў далёкае і прывіднае юнацтва была ўспрынята чытачом як абсурднае жаданне знайсці апраўданне сваім колішнім учынкам, спробай засумнявацца ў сабе. Так, злачынцы заўсёды вяртаюцца на месца свайго злачынства. Але як бы хто ні палічыў, адмовіцца ад гэтай вандроўкі я не магу ўжо. Не магу, бо даўно ўпотай ад сябе самога сумую аб тым, што мне толькі належыць перажыць яшчэ. Сумую і спадзяюся на літасць лёсу, хоць і выдатна разумею, што сіл на гэта ў мяне не засталося ўжо…
Я люблю свой горад не настолькі моцна, каб ён мог палюбіць і мяне. Перакананы, ён не заўважыць майго раптоўнага знікнення. Ён спіць. А калі прачнецца, яму будзе не да мяне. Я сыходжу не развітаўшыся, як гэта робяць людзі пакрыўджаныя. Я пакрыўджаны на сябе. Пакрыўджаны за тое, што недастаткова люблю свой горад. Пакрыўджаны на сваю сённяшнюю скупую мужчынскую разважлівасць, бо разумею, што аднойчы мне давядзецца сюды вярнуцца, і невядома яшчэ, як мяне тут сустрэнуць.
Горад пакуль што не прачнуўся. Я крочу ціхай бязлюднай вуліцай, і тыя выпадковыя прахожыя, якія трапляюцца мне на шляху, падазрона азіраюцца. Напэўна, яны здагадваюцца, што спяшаюся я насустрач свайму далёкаму і прывіднаму мінуламу, а не насустрач сваёй будучыні, як гэта робяць яны. Не важна, што здагадваюцца, стрэлкі на маім кішэнным гадзінніку адлічваюць час у адваротным кірунку, і спыніць іх немагчыма ўжо... Нікому…
Надвор’е адпавядае настрою. Бясколернае неба нагадвае прэс агромністай сокавыціскалкі. Здаецца, шэрае радно аблокаў за суткі знасілася, і цяпер праз яго, нібыта праз дзіравае сіта, на зямлю сочыцца цягучая бясколерная вадкасць. «Прэс» незаўважна сціскаецца, і дробныя кроплі дажджу бяссільна драпаюць панурае, адрэстаўрыраванае непагаддзю да непазнавальнасці наваколле. Узіраюся ў гэтую безаблічную, тужлівую неабсяжнасць больш пільна, і мне пачынае здавацца, што сцяна звілістых ліній якраз-такі зараз і ўтрымлівае гэты цяжэзны «прэс», бо не было б яе, і пад тым нябачным цяжарам было б пахавана ўсё жывое. Пахавана навечна…
Горад задыхаецца ад нястачы паветра. Водар Вечнасці падмяняецца пахамі прэлага лісця і застаялым каналізацыйным смуродам. Мне здаецца, што гэта старое жыццё паспешліва выціскаецца новым. Відаць, хтосьці спрабуе такім чынам адцягнуць увагу людзей ад нечага галоўнага, неспазнанага яшчэ, вымушае на некаторы час забыцца і на пакуты, і на дробныя нязручнасці, і на смерць увогуле. Аднак для мяне гэтае жыццё цячэ цяпер у адваротным кірунку. Пачуццё тупой апатыі цесна пераплятаецца з разуменнем бессэнсоўнасці ўсяго таго, што адбываецца. У Свеце ўтварылася бездань, з якой выбрацца нельга ўжо. І ўсё, што мне застаецца цяпер, — гэта пакорліва чакаць і жыць успамінамі…
Ля аўтавакзала бязлюдна. На стаянцы насупраць — таксама. Хвалююся і мітусліва азіраюся. Горад спіць. Стрэлкі на гадзінніку над уваходам у будынак аўтавакзала застылі на лічбе дванаццаць, і невядома, поўнач зараз ці поўдзень. Двухпавярховая «гаргара» недаверліва зіркае паўсляпымі мурзатымі вокнамі…