Выбрать главу

На даляглядзе дым чорнымі пасмамі. Паветра з дамешкам смуроду. Ад яго слязяцца вочы. Ад яго гарэніць і пяршыць у горле. І здаецца, не будзе паратунку ніколі ўжо. Чах-чах-чах-чах!.. Цягнік-здань прыбліжаецца. Чутна, як манатонна тахкаюць яго колы. Рэйкі сыходзяцца ў літару «V» — Vivat!.. Victoria!.. Перамога!.. Але чаму яны рудыя і спрэс з’едзеныя іржой? Чаму яны, нібы дзіды, уторкнутыя завостранымі канцамі ў задымленае наваколле?.. Чаму прадчуванне небяспекі паўсюль? Мноства пытанняў і ўсе без адказаў. Бо адкуль яму ведаць, што ў хворы арганізм занесена атрута, а яе часцінкі разносяцца крывёю па ўсім целе. Vivat!.. Victoria!.. Перамога!.. Хочацца выдаліць гэтую смяротную зброю з паветра. Хочацца выбрацца з гэтай бязлюднай, бясколернай бездані. Шпалы нібыта прыступкі высачэзнай лесвіцы... Першая, другая, трэцяя… Колькі іх будзе яшчэ?.. Пах свежага духмянага хлеба — верагодна, што недзе блізка станцыя. Пятая, шостая, сёмая… Чырвоны мякіш халоднага ранішняга сонца і ніякіх пазнак жытла. Прыступкі канчаюцца, а далей — круча. Рэйкі павіслі ў паветры, нібыта абрубкі. Яны безжыццёвыя, атручаныя смяротным рэчывам. Вось і ўсё!.. Пэўна, што і яго надзея гэтак жа сама кранутая гэтай іржой. Можна вяртацца дахаты… Толькі дзе яна, тая хата? Дзе тая станцыя, на якой прадаюцца квіткі ў Краіну Учарашняга Дня? У пошуках адказаў на гэтыя пытанні ён і прыходзіць на кручу зноў і зноў, бо не хочацца верыць, што гэта — зона, бо не хочацца верыць, што з яе няма выйсця. Не хочацца, а мусова…

— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса!..

Праз разбітую шыбіну, у вэлюме жоўта-цьмянага святла, выразна акрэсленая постаць незнаёмца. Стары безнадзейна ўслухоўваецца ў цішыню. Нікога, чутна толькі, як недзе на падворку шапацяць лістотай таполі.

— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса!..

Малыш пужліва торгаецца. За ім мітусліва шугаецца ўбок і ўвесь статак.

«Хто ты, незнаёмец? Адзін ты тут ці ёсць яшчэ хто? З якою мэтай заблытаў ты сюды?..» — пытанні адно за другім узнікаюць у галаве старога. Ён асцярожна крадзецца да акна, спрэс спавітага раслінамі, і праз адбітую шыбіну зазірае ў сярэдзіну памяшкання. Атручанае стронцыем паветра, нібыта губка, убірае ў сябе яго цяжкае перарывістае дыханне. На стале агарак свечкі, бохан хлеба і бляшанка з недаедзенымі мяснымі кансервамі. Стары пажадліва глытае сліну і мітусліва азіраецца па баках. Такога ён не еў ужо пятнаццаць гадоў. Рукі дрыжаць і міжвольна цягнуцца да стала.

— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса! — голас хрыпаты, вантробны. Нечая шурпатая далонь заціскае старому рот. Ён пужліва торгаецца, намагаючыся вызваліцца, але яго галава надзейна заціснутая нябачнымі жалезнымі абцугамі…

— Гэць!.. Гэць, ваўчынае мяса!...

2

Я задыхаюся ад бяссілля... Я на водшыбе… Я ля падножжа Піраміды Дасканаласці. Я растаптаны тымі, хто лезе следам. Яны не звяртаюць увагі на мяне, загнанага да смерці, яны не чуюць майго пакутлівага стогну. Іх вабіць неспазнанасць. Хруст касцей — і яны абыходзяць мяне. Яны ломяцца наверх. Іх кліча Вяршыня — месца, адкуль аднойчы ім давядзецца падаць…

Кот задоволена моршчыцца. Яго твар рассякае расколіна ліслівай усмешкі — няпроста быць у цэнтры ўвагі. Усмешкі… Усмешкі… Усмешкі… Атмасфера ўсеагульнай эйфарыі… Супрацоўнікі паціскаюць руку, сябры лагодна паляпваюць па плячы. У вачах адных і другіх — зайздрасць. «А вы думалі!.. — шчодра адорвае сваіх падначаленых маўклівымі позіркамі Кот. — Вы яшчэ даведаецеся, хто такі Котаў!..»

Падстаў для радасці ў Віктара Віктаравіча больш чым дастаткова. Сёння яго дзень! Сёння яму трыццаць тры і з сённяшняга дня ён — вялікае начальства, намеснік мэра. Усё толькі пачынаецца, спадары зайздроснікі!.. Усё толькі пачынаецца, спадары лісліўцы!

Кот, Коцік, Кацяра — мянушкі для блізкіх сяброў. Для мяне і такіх, як я. Афіцыйна: Котаў Віктар Віктаравіч, намеснік старшыні.