…Кот нашэптвае мэру нешта ўгодліва на вушка, а нам здаецца, што нейкая хвіліна — і ён у знак сваёй пашаны і адданасці лізне яму руку. На гэтую адрэпеціраваную, штучную ўгодлівасць свайго падначаленага, Маленькі Чалавек, ніяк не рэагуе — прывычка! — а, як і належыць чалавеку такой велічыні, абмяжоўваецца некалькімі дзяжурнымі сказамі, пасля чаго накіроўваецца да расчыненых дзвярэй кавярні «Венецыя» — месца тусовак начальства. Следам за ім цягнецца і ўся грамада.
— Да стала! Усе да стала! Да стала! — не забывае запрашаць нас Котаў.
Пачынаецца неафіцыйная частка мерапрыемства… Сцэнарый адпрацаваны: сумны і нецікавы. У вітальні жабрацкае святло. Недзе ў глыбіні памяшкання, смуродная пашча расчыненых насцеж дзвярэй. Праціскаемся да яе. Комплекс незразумелай віны не пакідае ні на хвіліну: я на водшыбе, я ля падножжа Піраміды. Момант робіцца вечнасцю. Адчуваю сваю незапатрабаванасць. Нерэалізаваныя магчымасці, схаваныя недзе ў нетрах майго незваротнага мінулага. І галоўнае, што нічога не перайначыш ужо. Тыя, хто гатовы «суцешыць», недзе побач. Іх не трэба клікаць, яны прыходзяць у зручны момант самі. Вось ён, звярыны выскал улады: фальш і падман! «Гэтыя людзі баяцца адзін аднаго, — раблю я нечаканую выснову, пагардліва касавурачыся на калег. — Гэтыя людзі нікому не давяраюць, нават самі сабе…»
Плятуцца карункі самалюбства… Толькі ўсе мы памром некалі: і я, і гэтыя самазадаволеныя Гаспадары Становішчаў…
Цытадэль улады… Палата інтэнсіўнай тэрапіі… Я памятаю ўсё. Такое не забываецца ніколі… Дзверы ў Храм Уседазволенасці расчыненыя, і сустрэча з Маленькім Чалавекам — непазбежнасць. Некалькі хвілін мы моўчкі вывучаем адзін аднаго позіркамі. Такое ўражанне, што Маленькі Чалавек баіцца мяне. Адчуваю холад і пустату працягнутай мне для прывітання далоні. Яшчэ чаго, стане Маленькі Чалавек вітацца з такімі, як я, за руку. Самае большае, на што ён здатны, гэта кіўнуць галавою і то незаўважна. Аднак і гэтага ён не робіць, і мне нічога не застаецца, акрамя таго, як і надалей смела рухацца па гэтым раскошным калідоры ўлады — насустрач свайму лёсу, насустрач Монстру ў чалавечым абліччы. Гэта рух вязня, якому вынесены смяротны прысуд. Але ў мяне няма іншага выйсця. Я — удзельнік вайны. Я — вайсковец, які прысягнуў змагацца да канца. Верагодна, мне некалі дадуць медаль за адвагу, а маё імя будзе занесена ў спісы тых, хто загінуў за сваю годнасць, свабоду і незалежнасць. Але тое будзе пасля, а зараз… Маленькі Чалавек не вытрымлівае майго націску і саступае. З майго боку гэта нахабства і гвалт. Крок… І я з задавальненнем тапчу гэты дзіравы цень нагамі. Мая ступня бязлітасна прасуе лацканы шыкоўнага чорнага касцюма. Цень не бароніцца. Цень курчыцца ад болю… «Хопіць! Хопіць! Ляжачых не б’юць!» — стрымліваю я сябе і мітусліва выціраю далонню змакрэлы лоб. Яшчэ крок і мы размінаемся. Паставы міліцыянер разгублена лыпае вачыма і крычыць наўздагон:
— Стойце! Стойце! Малады чалавек, ваш пропуск!
Запавольваю хаду і міліцыянер падлятае да мяне ўсутыч. Яго вочы мітусяцца: на мяне, на Маленькага Чалавека. «Які пропуск? — хочацца абурыцца мне. — Я ж не прышлы, я свой!..»
Міліцыянер пазнае мяне, яшчэ б яму не пазнаць мяне, кожны панядзелак па два разы на дзень мы сустракаемся з ім ля ўваходу, калі я іду на планёрку да Фантамаса. Але сёння яму трэба «прагнуцца». І я разумею яго, яму трэба карміць дзетак…
Рукі паволі сунуцца да кішэняў. Дастаю засаленую чырвоную кніжку-пропуск і моўчкі працягваю яе паставому. Той нервова перакладвае яе з далоні на далонь, нібы гарачы аладак, і праз хвіліну вяртае назад. Пасля, нібыта пакорлівае шчанё, угодліва зіркае на Маленькага Чалавека, але той ужо не звяртае на яго ўвагі, ён адчыняе дзверы, а я тым часам выклікаю ліфт. Перад тым, як зайсці ў кабінку, азіраюся. Маленькі Чалавек таксама. Нашы позіркі на нейкі момант перасякаюцца. Мы разумеем адзін аднаго. Мы баімся адзін аднаго. Але страх гэты ў кожнага з нас свой, разуменне страху — таксама. Надыдзе час — і Маленькі Чалавек расквітаецца са мною гэтак жа бязлітасна, як сёння расквітаўся з ім я. Гэта і будзе той помстай за боль, які я прычыніў яму хвіліну таму. Такое не даруецца нікому...
Божа, чаму я іх ненавіджу?.. За што?.. Адчуваю сябе ахвярай сваіх пачуццяў, але чым мацней імкнуся вызваліцца ад гэтай залежнасці, тым мацней яна сціскае мяне ў сваіх кіпцюрах. Жыццё не пазбаўлена сэнсу, не... Сэнсу не існуе аб’ектыўна. Ёсць хвілінная нязручнасць, ёсць надуманая незадаволенасць сабой і я перамагу свае слабасці. Я пачну ўсё спачатку!
Адрываюся ад успамінаў. Маленькі Чалавек тасуе калоду карт: валет, дама, кароль, туз… Туз?.. Што яшчэ за туз? Туз у калодзе адзін — казырны. Усё прадумана, усё пад кантролем: знізу і даверху, кіравалі і будзем кіраваць…