— Бу-бу-бу…
Перастань ныць. Твая слабасць — іх моц… Твой боль — іх абыякавасць Не агаляй сваю душу перад імі — растопчуць…
Уздымаю вочы і зіркаю праз калег у глыбіню зацемненага зала. Маленькі Чалавек развітваецца. На такіх мерапрыемствах ён доўга не заседжваецца — так было і так будзе заўсёды.
— Бу-бу-бу… — далдоніць ён нешта на развітанне.
— Ха-ха-ха… — давяцца смехам «манекены».
Твары скажоныя. Твары-маскі… Усё пад кантролем…
— Падымаючыся па службовай лесвіцы, не забудзьцеся павітацца з тымі, хто спускаецца па ёй, бо, магчыма, заўтра ўжо вам таксама давядзецца па ёй спускацца! — прамаўляе з іроніяй Шатун.
Яго тост просты і да месца, хоць я і перакананы, што Шатун проста лепіць гарбатага. Ён весела пазірае на мяне і нават незаўважна падміргвае. «Не сумуй, — гаворыць мне яго позірк. — Іхняе яшчэ наперадзе…»
— І каго, калі не сакрэт, на тваё месца прарочаць? — дастае мяне сусед, што справа. Верагодна, Шатун прагаварыўся і цяпер ад пытанняў такога кшталту не адбіцца. Спрабую нешта тлумачыць, аднак ён згубіў да мяне цікавасць. Ён заняты нечым больш значным і больш не слухае мяне…
— З правінцыі, гаворыш? — здзіўляецца сусед, той, што ад мяне злева. — Хіба ў нашым горадзе мала спецыялістаў?
— Спецыялістаў хапае, а пляменнікаў — не, — выскаляецца Шатун.
Я не слухаю іх. Мае думкі па-за межамі сапраўднасці. «Асобы не ўжываюцца ў натоўпе, — пераконваю я сябе. — Яны альбо разбіваюцца, альбо, ачуняўшы, зноў карабкаюцца наверх. У кожнага з нас сваё разуменне Вяршыні…»
Я памыляюся. Вяршыні заўжды бязлюдныя. На іх свежае паветра, але моцны вецер. Вяршыні — месцы, з якіх некалі пачынаюцца нашы падзенні...
3
Ноччу мне мрояцца Піраміды — заснежаныя і непраўдападобныя. Чорны прарэх акна, задымленыя ліхтары і ў глыбіні ледзяной абалонкі — выразна акрэсленыя формы дасканаласці…
Прачынаюся ад тэлефоннага званка. Тэлефануе тая, якую баюся страціць. Тэлефануе тая, якую даўно ўжо страціў. Спадзяюся, што і ёй зараз не мёд. Але каму мёд? Трымайся, дзяўчынка, усё вырашыцца!..
Мы размаўляем аб нечым пустым і нязначным. Мы спрачаемся, харахорымся, марым, выхваляемся. Быццам усё як заўжды, але паміж намі прабегла чорная кошка. І нашы словы не пацверджаныя ўчынкамі. Ад іх смуродзіць учарашнім днём. Мы гуляем у хованкі з самімі сабою, мы гуляем у закаханых, а кахання няма. Яно памерла ўчора, разам з маім недарэчным падзеннем, і ўсе гэтыя намаганні з нашага боку захаваць нейкую прыстойнасць — нішто іншае, як помнік нашым непрацяглым рамантычным пачуццям. Дом, у якім не жывуць, разбураецца…
— Пацярпі, ты ж — вязунчык, — пераконвае яна мяне і нават раіць: — Пераступі праз хвілінныя нягоды, будзь вышэй за іх, і ў цябе ўсё атрымаецца…
Што яна пляце?.. Прычым тут гэта? Я не з тых людзей, якім шчасце плыве прама ў рукі. Я не з тых людзей, якія здаюцца без бою. Але для таго каб усё зранейшылася, патрэбен час і падтрымка — яе жаночае паразуменне. Мы павінны разам перажыць з ёю гэтае «падзенне». Паўтараюся, перажыць, а не пераступіць праз яго. Бо, калі праз усіх і праз усё пераступаць, можна незаўважна пераступіць і праз сваё жыццё. Чаму яна тады адмяжоўваецца ад мяне гэтымі прыгожымі слоўцамі? Я ж не хачу быць для яе абузаю. Я сам сабе вытру слёзы. Чуеш, ты?! Я знайду ў сабе сілы падняцца…
Пазней, пры сустрэчы, калі мае справы значна палепшацца, я між іншым пацікаўлюся:
— Ведаеш, чаму мне шанцуе?
Яна памарудзіць з адказам, потым сумна ўздыхне:
— Таму, што ты ўсім хочаш быць добранькім.
— Ты так лічыш?
— Лічу… Такія, як ты, выклікаюць да сябе пачуццё спагады.
— Памыляешся, любінятка! Гэтага малавата для вязунчыка, — адкажу я, патакаючы ёй. — Проста, па магчымасці, я імкнуся быць справядлівым. А дабрыня — гэта толькі прыдатак справядлівасці. Зрэшты, я — гэта я! Я непаўторны!.. Пасля чалавека застаецца добрая памяць, пры ўмове, што ён заслугоўвае яе. І гэтая памяць — яго ўчынкі…
— Ты бескампрамісны!.. Я заўжды недаацэньвала цябе, — пашкадуе яна.
Я памыляюся. У яе голасе не шкадаванне, у яе голасе роспач… Ледзяная роспач расстання. Я кідаю слухаўку і збіраюся на працу. Пакой не праветрыўся, ён усё яшчэ напоўнены пахамі ўчарашняга дня. «Каханне нельга выпрасіць, — пераконваю я сябе. — Каханне — яно альбо ёсць, альбо яго няма. Каханне даецца нам за проста так, за дзякуй. Яно як глыток свежага паветра, як магчымасць назіраць за ўзыходам сонца. Яно як падарунак, якім трэба даражыць…» Не спадзяюся сустрэцца з ёй болей. І для таго каб лічыць так, у мяне ёсць шмат прычын…