— Хопіць дрыхнуць! — не стрымаўшыся, пінае старога нагою незнаёмец.
Той нехаця расплюшчвае вочы і намагаецца падняцца. Ён так і не заснуў гэтай ноччу. На твары ў яго знямога і абыякавасць. Дзённае святло дазваляе разгледзець незнаёмца больш уважліва. Чужынцу далёка за трыццаць. Ягоны твар маршчыністы, некалькі дзён няголены. Лоб адкрыты, высокі. Валасы кароткія, з заўважнай сівізной. Рукі мускулістыя, у наколках. З вопраткі — джынсы і расхрыстаная нямытая кашуля з кароткім рукавом.
— Падымайся! — азвярэла раве незнаёмец.
Вочы нібыта прысоскі. Позірк драпежніка.
— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса!.. — выплёўвае са слінаю сваю агіду стары Пастух. У голасе пагроза і пагарда.
— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса!
Словы на ўсе выпадкі. Словы без сэнсу. Словы-напамін пра ўчарашні дзень…
— Што ты вякнуў? Ану, паўтары, дрэнь!..
Постаць незнаёмца навальваецца цяжарам, і старому чутна нават, як б’ецца ў грудзях гэтага пярэваратня сэрца. Бяззубы рот распырсквае сліну. Яна паўсюль: на падлозе, на пастуховым твары, на кашулі. Сліна мае спецыфічны жывёльны пах. Яна ядавітая і небяспечная, як і тыя з’едзеныя іржой рэйкі.
— Што ты вякнуў? — пагардліва моршчыцца незнаёмец і б’е старога кулаком па твары. Стары не паспявае ўхіліцца і прымае ўдар. Яшчэ праз хвіліну насок каванага чаравіка балюча ўпіваецца яму ў жывот, і стары, задыхаючыся, хрыпіць ад болю.
— Гэць! Гэць… — намагаецца выказаць ён сваю агіду.
Жалезная рука адрывае яго ад падлогі.
— Пайшоў прэч, дрэнь!
Рука штурхае яго з усяе моцы да выхаду, і пад цяжарам цела дзверы адчыняюцца. На падворку падобныя да пірамідаў таполі. Голле на іх ад зямлі — густое, нібы ў кіпарысаў. Вецер лена калыша зялёны покрыў, і праз гушчар нясмела прабіваецца ранішняе сонца. Таполі нібы тры запаленыя Богам свечкі — памяць аб шматлікіх ахвярах, што загінулі некалі на будоўлі Пірамід Дасканаласці. У майдане статак напалоханых коз. Статак збіўся ў кут.
— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса!..
Малыш спужана шастае ўбок, панура праводзячы старога вачыма.
— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса!..
Удар пад дых — і Пастух корчыцца ад болю. Штуршок у плечы — і ён падае на калені. Вочы незнаёмца налітыя крывёю. На сонцы яны аж барвовыя, нібыта пераспелыя вішні...
— Перастань плявузгаць!.. На зоне я не такіх яшчэ шустрыкаў бачыў. Выведзеш з гэтай прорвы — адпушчу, не выведзеш — здохнеш разам са мною…
Яны доўга блукаюць па балоце і нарэшце натрапляюць на вузкую пратаптаную праз ажыннік сцежку. Калючкі драпаюць да крыві цела. Сцежка праз некалькі метраў канчаецца, і перад вачыма паўстае вузкі, падобны да тунэля прагал. Гэта чыгунка. Яны спыняюцца і абводзяць позіркамі прастору. Сонца пераваліла зеніт. Сонца апякае твар. Стары выцірае змакрэлы твар і сумна ўздыхае. Чутна, як недзе над балотам істэрычна крычаць кнігаўкі. У вачах незнаёмца міргае вар’яцкі агеньчык. Недзе паблізу павінна быць станцыя. Ён абнадзеена зіркае на старога, але той маўчыць. У вачах яго ні страху, ні разгубленнасці, ні паразумення, хіба толькі халодная пагарда і нянавісць. Ён ведае, гэта ўсяго толькі лесвіца ў Краіну Учарашняга Дня. Над даляглядам пасмы чорнага дыму. Яны засцілаюць неба. Цягнік-здань недзе блізка, і яны крочаць яму насустрач…
5
Дарога выбоістая, усланая спрэс пылам. Машыну растрасае на часткі. Кіроўца цісне з усёй моцы на газ, аднак рухавік раве, нібыта бялуга, грэецца і пачынае глохнуць. У салоне духата. Вокны шчыльна зачыненыя, аднак гэта не ратуе ад пылу. Ён трапляе ў салон праз усе бачныя і нябачныя шчыліны. Пылінкі хрусцяць на зубах, назойліва лезуць у вочы. Котаў выцірае твар і шыю насоўкаю і мітусліва зіркае па баках. Што хоча ён там убачыць, незразумела. За машынаю цягнуцца клубы густога сівога пылу.
«І калі прыйдзе канец гэтаму пеклу? — абураецца ён у думках. — Вось дык камандзіровачка! Удружылі дык удружылі!.. Не мясціны, а пустка нейкая, на сто кіламетраў ніводнай вёсачкі...»
— Праблемы Чарнобыля — праблемы дзяржаўныя. Ці не так, Віктар Віктаравіч?.. — лісліва паглядае на Котава старшыня падшэфнага калгаса. — А на справе што атрымліваецца? Я да вас звяртаюся, Віктар Віктаравіч: што атрымліваецца на справе, га? А нічога не атрымліваецца… Забыліся пра нас усе. Скажу шчыра: пакінулі сам-насам з нашай бядою — выжывай як знаеш. Вы толькі паглядзіце, хто жыць у вёсках застаўся… Правільна, адны пенсіянеры. А дзе моладзь? Куды моладзь падзелася? У гарадах асела, га?.. У гэтым і справа. А зямлю хто абрабляць будзе?.. У мяне тарфянікі гараць, мне бульбу рыць трэба, — спрабуе выбіць у Котава спагаду старшыня калгаса.