Выбрать главу

І вось у той самы адказны момант — гэтая недарэчная камандзіроўка… Каму яна патрэбная? Вядома ж, каму… Наўмысна вытурылі з горада! Ух, гады ў чырвоных ботах!.. Я вам яшчэ пакажу на што здатны Котаў!..

— У мяне сенакос, у мяне буракі, у мяне гаспадарка… Дзе мне людзей на ўсё гэта набрацца? — вяртае Віктара Віктаравіча да рэчаіснасці надакучлівы голас старшыні калгаса.

— Прышлем вам людзей… Дзеля гэтага я і прыехаў сюды. Вызначымся на месцы, а там паглядзім, — суцяшае старшыню Котаў.

Ён хлусіць, наўмысна ўтойвае сапраўдныя мэты сваёй камандзіроўкі.

За вокнамі балоцістая пустка: ні вёскі, ні поля, ні лесу — зарослыя рызухай купіны і лазовыя карчы. Прыкметы заняпаду і галечы паўсюдна. Машыну гайдае на ямінах, ад чаго лазовыя карчы за вокнамі дзіўна мітусяцца. Яны падобныя як дзве кроплі вады да танцуючых мядзведзяў.

Котаў злуецца. Як тут не будзеш злавацца! Замест таго каб вырашаць сур’ёзныя пытанні, ён выслухвае немаведама што. Яшчэ не сабралі ўраджай, а ўжо да дажынак рыхтуюцца. Нічога і не скажаш нават — краіна выдумшчыкаў і фантазёраў!..

Гравійка канчаецца. Балоцістая пустка таксама. Пачынаецца палескі «осфальд». Жарт старшыні да месца. Ад асфальту адна толькі назва. Пакрыццё сапсаванае коламі гусенічных трактароў, і месцамі ямы амаль што ў калена. Засыпаныя яны бітай цэглай і іншым брудам, ад чаго машыну трасе яшчэ горш, чым на гравійцы. Па левы бок ад дарогі — калгаснае поле з палеглым жытам. Па правы — калючы дрот… За ім — зона.

— Скажыце, там нехта жыве? — цікавіцца Котаў у старшыні калгаса і пільна ўзіраецца ў бясколерную маўклівую далячынь.

— Не думаю. Хаця… — чухае той заклапочана патыліцу. — Хто яго ведае…

За калючым дротам, на даляглядзе, абрысы вясковых хат — нейкая падобнасць мястэчка.

— Чыгуначная станцыя, — тлумачыць старшыня. — Але пасля таго, як мост праз рэчку ўзарвалі, яна зрабілася непатрэбнай.

— Нашто мост ўзрывалі? — хітруе Котаў. Насоўвае на твар заклапочаны сур’ёзны выгляд і строга перапытвае: — Каму, пытаюся, мост замінаў?

— За рэчкаю дзяржаўная мяжа з суседняй краінай, — спяшаецца з тлумачэннямі старшыня. — Пры Саюзе пра мяжу нават узгадваць баяліся. Нікому такое і ў галаву не прыйшло б. Падумаць толькі, гэтая рэчка — мяжа з іншай дзяржавай! Смеху варта… А вось пасля распаду пачалі дзяліць землі. А тут усё вакол забруджанае, запушчанае і здзічэлае. Адным словам — Чарнобыль. Вось і пабаяліся кантрабандных грузаперавозак з суседняй дзяржавы. Панаехала сапёраў, заклалі ўзрыўчатку і рванулі мост. Станцыю потым таксама закрылі з-за непатрэбнасці. Людзей вывезлі. Хто ў шапку не спаў, маю на ўвазе мясцовых, цягнуць пачалі ўсё, што пад руку трапіць. Вось і расцягнулі паціху, раскралі… Хіба ж нехта дбаў пра тых, хто тут жыць застанецца?..

«Мост адновім, станцыю таксама, — перакананы Котаў. — З суседняй дзяржавай ёсць на гэта дамоўленасць. Зона?.. Якая зона? Журналісцкія фантазіі гэта ўсё. Пятнаццаць гадоў мінула, і што з таго? Як жылі людзі, так і далей жывуць. Да такога яшчэ дадумацца трэба — узарваць мост! Знішчыць самы кароткі шлях з суседняй дзяржавай. Нам сувязі трэба наладжваць, гандаль, а яны масты ўзрываюць. Мы павінны лічыць свае грошыкі…»

Раскрываць свае карты перад старшынёй калгаса Котаў пакуль не збіраецца. Няхай лічыць, што быццам бы я да яго з іншымі справамі завітаў. Будаўніцтва маста — справа дзяржаўная і таму сакрэтная. Мала чым можа павернецца яшчэ тая задума. Зону ж, ніхто пакуль не адмяняў яшчэ. Яна існуе, і існуе афіцыйна. Крый Божа што здарыцца, грамадскасць такі вэрхал падыме, што нікому мала не падасца. Што-што, а лямант ўсчыняць мы навучыліся. Узяць тых жа журналістаў… Ім толькі «смажаны факт» дай, пісакі!..

Зарыентавацца ў сітуацыі, вызначыцца на месцы, зрабіць пэўныя высновы — вось дзеля якіх мэтаў прыехаў у гэтую глухамань Котаў.

— Як нам праехаць да станцыі? — звяртаецца ён строга да старшыні калгаса.

Той зіркае на яго збянтэжана і недаверліва лыпае вачыма.

— Вы што, не зразумелі? — узмацняе голас Котаў.

Старшыня паказвае вачыма на вузкую, зарослую збуялай травой сцяжыну, што віднеецца ў іх наперадзе. Кіроўца спыняе ля яе машыну і ідзе метраў дваццаць па сцяжынцы пешкі, потым вяртаецца да машыны.

— Не, не праедзем, Віктар Віктаравіч, — спрабуе ён пераканаць свайго шэфа.

— Праедзем, — з зайздроснай упэўненасцю заяўляе той. — Павінны праехаць!.. Абавязаны!..

Спрачацца з Котавым бессэнсоўна. І кіроўца пра тое ведае…