Выбрать главу

7

Калі-небудзь і ты зразумееш, што жыццё тваё — гэта ўсяго толькі хуткі цягнік, які сунецца юзам па рэйках насустрач свайму абрывістаму берагу, цягнік, які тармозіць і не можа спыніцца. І няважна, што ўсе стоп-краны сарваныя, што машыніст з усёй моцы цісне на тармазы, чыгунка за рэчкай разбураная, мост узарваны і катастрофа — непазбежнасць, справа часу…

У мястэчку ні душы — нібыта вымерла ўсё. Ля царквы бязлюдна. І гэта на святога Спаса. Ад царквы адны толькі ўспаміны: замшэлы драўляны зруб з крацістымі, падобнымі да купалаў рыштаваннямі і зарослы непралазным гушчаром цесны дворык. Ля ўвахода некалькі недагледжаных магілак, а ў глыбіні — паўразбураная званіца — паселішча для крыклівага варання. І здаецца, нічога прыкметнага больш…

Пра наяўнасць могілак пры ўваходзе нагадваюць тры амаль зраўнаваныя з зямлёй пагоркі. На пагорках рэшткі трох жалезных крыжоў. Надпісы на іх сцёртыя, з’едзеныя іржой, і хто пахаваны пад імі — загадка.

Мястэчка — былая чыгуначная станцыя. Цяпер — могілкі зарослых да непазнавальнасці, нежылых сядзіб. Зрэдку мястэчка наведваюць, з невядомымі для Шпунта мэтамі, нешматлікія прадстаўнічыя «дэлегацыі», аднак працягласць гэтых вандровак па бязлюдных местачковых вуліцах не перабольшвае гадзіны. Пачуўшы нязвыклыя ў гэтых мясцінах людскія галасы, вараннё на таполях падымае сапраўдны вэрхал, што для Шпунта з’яўляецца сігналам аб небяспецы. Здагадаўшыся, што мястэчка зноў наведалі прышлыя, ён хаваецца ад нязваных гасцей у царкоўным склепе. Калі госці з’язджаюць, калі над наваколлем усталёўваецца выключная цішыня, у мястэчку становіцца жудасна і адзінока, нібы на закінутых могілках.

Па местачковых вуліцах хадзіць небяспечна. І Шпунт у гэтым пераканаўся. Таму нават ежу ён цяпер здабывае ноччу. Бо не ў тым ён становішчы, каб нарывацца на чужынцаў. Заўважаць знячэўку — і пішы прапала: як піць даць здадуць у мянтуру. А ў турму Шпунту не хочацца. З турмы ён ўцёк нядаўна.

Жыве гэты адлюднік ў напаўразбуранай царкве — месцы зручным на выпадак небяспекі. Непадалёку лес, усяго ў некалькіх кроках хады, так што — далей усё залежыць ад спрыту.

На тым месцы, дзе некалі размяшчаўся алтар, цяпер заплеснелыя, спарахнелыя дошкі. На іх разасланыя лахманы. Гэта і ёсць няхітрая пасцель, на якой Шпунт цяпер бавіць свой час. Разам з ім у царкве жыве і стары Пастух. Пастух — неадэкватны дзівак. Гэта толькі напачатку Шпунт сумняваўся, лічыў, што стары валяе дурня, але з цягам часу зразумеў: так прытварыцца немагчыма. Зразумеў і больш не канфліктуе з ім, нават рукі яму развязаў — якая небяспека ад вар’ята. Іншых людзей асцерагацца трэба. Перастаў ён і біць гэтага чалавека. Што выб’еш з дурня?!

Але з якой такой радасці ён тады цягае за сабою яго паўсюль? А прычыны тут, можна сказаць, банальныя. Адзінота з’ела яго, як з’ела іржа тыя жалезныя крыжы, што пры ўваходзе. Хочацца пагаварыць — і няма з кім. Пяць гадоў турэмнай адсідкі не мінулі для яго бясследна. Ён і раней цягнуўся да людзей і, каб не звар’яцець у замкнутай прасторы турэмнай камеры, маляваў кавалачкам цэглы чалавечкаў на сценах, даваў ім імёны, а потым гадзінамі размаўляў з гэтымі міфічнымі істотамі. Рознымі па зместу былі тыя размовы, але болей за ўсё яны тычыліся жыцця-быцця. Канчаліся гэтыя філасофскія гутаркі звычайна карцэрам.

З турмы ён уцёк з тыдзень як ужо. Дапамаглі не за проста так, а за паслугу — давялося аднаго хмыра з дарогі «прыбраць», будзь яму зямля пухам. Але бог з ім, з тым хмыром, галоўнае, што ён цяпер на волі. Напачатку ён нават не паверыў, што яна яму дасталася так танна, бо атрымалася і сапраўды нібы ў той казцы. Расказаць каму — не паверыць. Але ўцёк — і забыўся. Не хоча Шпунт цяпер згадваць пра тое. Выкрасліў ён са сваёй памяці мінулае назаўсёды. І правільна, бо інакш як жа жыць тады, на што спадзявацца?..