Адрываюся ад сваіх супярэчлівых роздумаў. Мяне настырна клічуць. Узіраюся ў паўзмрок. За калонамі, у кутку, балюе вясёлая кампанія. У адным з веселуноў пазнаю Азіята. Гэта ён запрашае мяне за стол. Неахвотна плятуся праз усю залу і далучаюся да незнаёмых мне застольцаў. Іх чацвёра: двое мужчын і дзве жанчыны. Уладкоўваюся побач з адной — прыгожай тварам і паставай. Яна адорвае мяне прывабнай усмешкай.
— Мой шэф, — называе мяне Азіят. Збянтэжана моршчуся. Кампанія з цікаўнасцю разглядае мяне, нібы я і сапраўды нейкі рэдкі музейны экспанат.
— Няўжо? — какетнічае суседка.
Не звяртаю ўвагі. Адпіваю піва і лезу ў кішэню за цыгарэтай. Жанчына незадаволеная маёй абыякавасцю. Яна пагардліва хмыкае і прымаецца за недаедзены антрэкот.
Азіят нападпітку і вярзе глупства.
— Ведаеце, за што яго з выканкама турнулі? — звяртаецца ён да сяброў. У тых абыякавыя посныя твары.
— За што?.. — падскоквае на крэсле суседка. Такое ўражанне, што ёй больш за ўсіх трэба. — Вы працавалі ў выканкаме? — звяртаецца яна да мяне. — А вы Котава ведаеце?
Адказаць ёй не паспяваю. Азіят злосна зіркае на жанчыну:
— Ён браў з падначаленых хабар…
— Ніхто мяне ніадкуль не выганяў, — рэзка спыняю я Азіята. — Проста на маё месца Трактарыст прывёў свайго пляменніка — і гэта нармальна.
— Нармальна для такіх, як Трактарыст, — удакладняе Сява.
Ён у мінулым баксёр, а зараз — бізнесмен. У яго на Савецкай крама. Гэта на яго грошы балюе кампанія. — У нашым горадзе ўсё на халяву, — абураецца ён. — Я неяк падлічваў, што за дзень да мяне з праверкамі наведалася дзесяць гарадскіх службаў. Разумееце, дзесяць, — выстаўляе ён нам напаказ дзесяць сваіх пальцаў. — І кожнаму з гэтых спрытнюг трэба было нешта «адваліць». У іх жа на дармаўшчынку неймаверны апетыт. Мала таго, што мы гарадскі бюджэт падтрымліваем рознымі ўзносамі, дык яшчэ гэтым папрашайкам дай…
— Ён таксама з праверкамі хадзіў, — спяшаецца ўпікнуць мяне Азіят. — Яго за тое і турнулі з працы, што хабар браў.
— Што ты мелеш, гад?.. Які хабар? Паклікаў за стол, каб абразіць? — не вытрымліваю я. — Ты за руку мяне лавіў? Адкуль табе ведаць, гніда, за што мяне турнулі?
— Ведаю, — ледзь варочае языком Азіят. — Усе вы там аднолькавыя.
— З носа ў рот ты ведаеш, — гарачуся я.
— Хлопчыкі, толькі не сварыцеся, — імкнецца прымірыць нас суседка. — Браў, не браў… Якая цяпер розніца.
— Як гэта — якая розніца? — даўлюся я крыўдай.
— Значыць, правільна рабіў, што браў, малайчынка, — не звяртае ўвагі суседка. — Вы пакажыце мне таго дурня, хто б ад шалёных «бабак» адмовіўся? Адна толькі курыца ад сябе грабе…
— Ён, гад, з такіх, як ты, браў, — злосна ўдакладняе Азіят.
Эмоцыі за межамі цярпення. Я не вытрымліваю, хапаю Азіята за каўнер і цягну на сябе. Чую, як да ног маіх на падлогу сыплюцца з яго кашулі гузікі. Да бойкі справа не даходзіць. Нас раздымаюць, і Сява валачэ мяне за рукаў да выхаду. Следам спяшаецца і мая суседка. Яна, як выяўляецца, Сявіна сяброўка. Ветліва развітваюся з імі ля выхаду і накіроўваюся да прыпынку. Свет гулякаў і шукальнікаў асалодаў застаецца ў мяне за плячыма. Настрой сапсаваны, і, мусіць, надоўга. Сумна і адзінока…
Наўмысна плятуся праз цесны замызганы дворык побач з тваім домам. Акно на кухні тваёй двухпакаёўкі адчыненае, і з яго да мяне далятаюць смех, музыка і нечыя вясёлыя галасы. Прыслухоўваюся… Сярод мноства незнаёмых мне тэнараў, альтоў, барытонаў і басоў тваё сапрана не пазнаць нельга. Я рады за цябе, маё любінятка! Я рады, што ў цябе ўсё выдатна, што ты так хутка змагла адаптавацца і знайсці ў сябе мужнасць і сілы забыць мінулае… Я рады, што ты пачынаеш усё спачатку, з белага ліста!..
Стаяць пад вокнамі чужой кватэры не зусім няёмка, тым больш, што насустрач мне спяшаецца твой сын. Ён не заўважае мяне, а можа, не пазнае, прабягае ўсутыч і скіроўвае да расчыненых абшарпаных дзвярэй пяціпавярховай «хрушчобы». Бяззубая зяпа замызганага цеснага пад’езда пажадліва глытае яго неакрэплае дзіцячае цельца…
Верагодна, што сюды я больш ніколі не вярнуся. Гэта было ў апошні раз. Напляваць, што такую рашучую ўпэўненасць я выказваю не ўпершыню ўжо. Чалавек схільны памыляцца…
Паспешліва паварочваю ў незнаёмы мне завулак. Цаглянае страшыдла твайго дома, вылупіўшыся ўсімі сваімі вокнамі, здзіўлена праважае мяне да прыпынку. Амаль на хаду заскокваю ў першы паўпусты тралейбус, і праз некалькі хвілін мая няўдалая вандроўка ў пошуках учарашняга дня — усяго толькі ўспамін…