— Паспеем, — выскачыў аднекуль успацелы, вёрткі Лёшка. — Я размаўляў з дзядзькам Рыгорам. Ён сёння вартаваў, зараз качагарыць унізе.
— І што?
— Нічога! — зазлаваў нечакана Лёшка. — Рыцар быў зранку, на кані. А з ім — чацвёра пешых, таксама твараў не відаць. У дзверы пагрукалі, дзядзька выйшаў, яму кап’ё ў грудзі. Казаў, аж ліхаманка хапіла. Ён і адчыніў школу. Коннік ля дзвярэй стаяў. Дзесяць хвілін — і ўсе справы.
— Ух ты, вось дык маеш! — загулі ў захапленні.
— Ідыятызм гэта! Дзяцінства! Цьфу! — плюнуў Генадзь пад ногі.
На вялікім перапынку хлопцы былі ў качагарцы. Частавалі старога Рыгора ліманадам, распытвалі аб ранішнім здарэнні. Нічога новага не пачулі. Але, як заключыў пасля Грышка, Рыгор казаў не ўсе, калі зусім не тое. Не надта падобна, каб стары салдат Вялікай Айчыннай спалохаўся нейкага рыцара, нават і з кап’ём.
Батанічка на пытанні хлопцаў нічога адказваць не стала, а пачала іх сароміць. Выскачылі ад яе, як ашпараныя. І злосныя. Лёшка паабяцаў распрацаваць добры план, але каб толькі яго лішні раз не турбавалі.
Пасля заняткаў праводзілі вобыск у доме Андрэя і Валодзькі. Перапалохалі страшэнна іх маці. Аблазілі хлеў, злазілі на гарышча, у склепе пабылі — слядоў аніякіх. Абвінавачванне знялі з неахвотай. Але прабачэння нават у маці не папрасілі. Забыліся.
На сваю мянушку — "Філосаф" — Грышка на аднакласнікаў не крыўдаваў. Хоць іншы раз казаў, што ён не філосаф, а аналітык. Збіраць факты, аналізаваць, рабіць вывады стала для яго не проста любімым заняткам, а звычкай. Са знакамітым дэдуктыўным метадам Шэрлака Холмса Грышка пазнаёміўся яшчэ ў дзесяць год — ён вельмі любіў чытаць.
З’яўленне ў школе рыцара нарадзіла ў Грышкі не толькі захапленне, але і сверб, якога ён даўно не адчуваў: сверб даследчыка-аналітыка. Таямніца рыцара не магла заставацца таямніцай для Грышкі. Гэта не космас, гэта было народжана нечай фантазіяй тут, у школе, аўтарам гэтай ідэі быў такі ж хлопец, як і Грышка. Таму тайну можна было раскрыць аналізуючы і робячы вывады. Ніхто лепей за Грышку гэтага рабіць не мог. Значыць, не раскрыць тайну Грышка не меў права.
Дома ён узяў вялікі аркуш паперы, расчарціў яго. Атрымалася нешта накшталт вялікай сеткі. Цяпер сетку трэба запоўніць. Спачатку запісаў прозвішчы ўсіх вучняў свайго класа, выключыў толькі сябе і Додзіева. Падумаў, выкрасліў яшчэ і Генадзя. Прозвішчы Лёшкі і Косці пакінуў — для чысціні расследвання.
План ягоны быў не складаным: трэба ўсе вядомыя даныя суаднесці з суб’ектамі — вучнямі класа. Напрыклад — конь. Хто з суб’ектаў можа ездзіць верхам? Хто мае магчымасць недзе ўзяць таго каня? Хто мог змайстраваць латы і шлем? Хто мог сярод зімы вырасціць кветкі? І яшчэ мноства іншых пытанняў.
Грышка выбраў тры варыянты адказу: "Так", "Не", "Магчыма". Калі адказ "Так", перакрыжаванне суб’екта і даных замалёўваецца зяленым колерам, "Не" — чырвоным, "Магчыма" — жоўтым.
Ён працаваў над сваёй сеткай гадзіны тры. Маці ўжо паспела двойчы нагадаць, каб клаўся спаць, калі, нарэшце, апошні чатырохвугольнік быў замаляваны.
Стомленымі вачыма Грышка глянуў на сваю мазаіку і зразумеў, што прааналізаваць вынікі будзе далёка не проста. Ён чакаў, што будзе многа чырвонага колеру, але такіх квадратаў было толькі чатыры… Дваццаць шэсць прозвішчаў, дзевятнаццаць стаўбцоў даных. Грышка нават уключыў сюды і пытанне: "Хто ведае, што такое "Зніч"?".
Як тут было брацца за аналіз, што рабіць з жоўтымі квадратамі — ці дадуць разам два такога колеру адзін зялёны?
Але здавацца Грышка не збіраўся. Калі цяжка чалавеку супаставіць мноства даных, трэба гэту справу даручыць машыне…
Назаўтра Грышка разгарнуў перад Міхасём-прафесарам свой размаляваны ў розныя квадраты аркуш.
— Так, Міхась, вось даныя, вось суб’екты. Для цябе ж камп’ютэр як бог. Складзі праграму, няхай вылічыць твой бог: хто з суб’ектаў з найбольшай верагоднасцю можа адпавядаць усім даным.
Адно толькі ўпамінанне аб нейкай практычнай праграме для камп’ютэра запаліла ў вачах Міхася азартны агеньчык.
— Ну, ну, — ён пацягнуў на сябе аркуш. — Цікава… Алгарытм будзе не дужа складаным… Ого! Ты рыцара вылічыць сабраўся?
— Але.
— Для камп’ютэра задачка гэтая на чвэрць секунды. Вось толькі даных малавата.
— Дзевятнаццаць пунктаў мала?
— Мала. І яшчэ трэба раздрабніць колеры. Не проста "Магчыма", а "Магчыма, так", "Магчыма, не" і гэтак далей. Ты яшчэ збірай даныя, я сёння складу праграму. Якраз інфарматыка будзе, закіну праграму ў камп’ютэр… — Міхась знайшоў свае інацэялы на аркушы, усміхнуўся: — Мяне можаш выкрасліць.