— Ну чаго засаромеліся? Такога не трэба саромецца. А чыя гэта была задумка, га? — спытала Лідзія Пятроўна, гарэзліва бліснулі вочы. — Хто тут быў галоўны? Ці не ты, Лёшка?
— Мы не ведаем, — адазваўся ціха і нечакана стараста Юрась. — Мы павінны вам сказаць, Лідзія Пятроўна...
— А куды вы едзеце адпачываць, Лідзія Пятроўна? — перабіў яго раптоўна Грышка.
— Ой, Грыгорый, і назву выгаварыць цяжка. Нейкі санаторый у гарах, мора побач.
— Прыемнага вам адпачынку! Прыязджайце здаровай!
— Дзякую. Усім вам яшчэ раз дзякую! — яна ўсміхнулася шырока, паволі абвяла вучняў светлым позіркам, нетаропка выйшла.
У поўнай цішыні падняўся Грышка, закінуў на плячо сумку, рушыў да дзвярэй. Адчыніў, азірнуўся на Юрася.
— Ты, Юрка, хлопец разумны, нешта, відаць, да цябе дайшло. Але... Маўчанне — гэта не хлусня. А праўда іншы раз і забівае. Не абавязкова фізічна.
І выйшаў.
Зазвінеў званок, пранізліва, як сігнал на нейкі штурм.
— Хопіць! — выгукнуў Генадзь, падскочыў да настаўніцкага стала. — Гэты чортаў рыцар на восьмага сакавіка хлопцам даў аплявуху! А зараз ён плюе ў твар усяму класу!
— Морду яму набіць за такое!
— Знайсці! Неадкладна знайсці!
— Ціха! Што вы як цёткі на рынку? — Юрась ўстаў з месца. — Вось што, — ён запнуўся, рашуча прадоўжыў: — Рыцар нам у твар не пляваў. Ён наш твар выратаваў. Мы лічылі сябе такімі разумнымі і дружнымі, што не змаглі дамовіцца, каб калі наведаць настаўніцу, не напісалі ёй ні аднаго ліста, не павіншавалі са святамі. Не ведаю, як у вас, а ў мяне было жаданне праваліцца скрозь зямлю. Я не ведаю, хто гэты рыцар, але я кажу яму “дзякуй” ужо за тое, што падтрымліваў цёплыя пачуцці сталай жанчыны — нашай класнай.
Ён сеў, стаў запіхваць падручнік у сумку.
— А табе не здаецца, што гэты рыцар лічыць нас інфантыльнымі? Што ён лічыць сябе лепшым за ўсіх? Дабрэйшым за ўсіх?
— Не, не здаецца. Ён і на самай справе лепей за нас.
— Ён топча нас у гразь! — выгукнуў у запале Лёшка. — Ён добры — мы дрэнныя, ён смелы — мы баязліўцы! Хопіць, у мяне ёсць план! Не прызнаецца — і няхай. Але потым хай не шкадуе!
— Го, паляванне на рыцара!
— Злавіць яго!
Зноў падняўся Юрась, агледзеў клас.
— Я паўтару — я ўдзячны рыцару і лавіць яго з вамі я не буду. І нікому не раю.
Ён пайшоў да дзвярэй.
— Хто яшчэ можа прымаць абразу з удзячнасцю — ідзіце за ім! — тэатральна выкінуў яму ўслед руку Генадзь.
Юрась азірнуўся, пачакаў. Моўчкі ўстала і пайшла да яго Насця Кульгавая.
Вучні стралялі адзін у аднаго вачыма — хто яшчэ? Нечакана для ўсіх рушыла да выхаду Ала.
— І ты, Брут? — выгукнуў хтось амаль трагічна.
— І я, — кіўнула Ала. — Выбачайце, але гэты невядомы — сапраўдны рыцар. Няхай сабе ён і даў нам такі ўрок.
— А за навуку не судзяць! — падхапіўся, нібы баючыся спазніцца, Валодзька, пацягнуў за руку брата. — Пайшлі, Андрэй, можа, Генадзь прывядзе клас шукаць латы і каня, хоць маці папярэдзім. — Даўняя крыўда прагучала ў яго словах, і абодва браты далучыліся да Юрася, Насці і Алы.
— Раз-два-тры-чатыры-пяць, выйшаў рыцар пагуляць, — палічыў насмешліва Генадзь, але было відаць, што ён напружана ловіць кожны рух у класе. — Ну, усе летуценнікі?
Ніхто не варушыўся.
— Дык ідзіце! Слаўныя зброяносцы дурного рыцара з адзінаццатага класа!
Пяцёра выйшлі.
— Цяпер — за справу! — Генадзь пляснуў рукой па сталу. — Давай, Аляксей, твой план!
— А як рыцар сярод нас? Тыя ж на рыцараў не падобны?..
— Чакайце, — узняўся Додзік. — Застаюцца: Генадзь, Лёшка, Косця, і Толік вось, — тыцнуў ён на свайго сябра побач. — Хопіць, Лёшка?
— Пакуль хопіць.
— Выдатна! — Генадзь прадоўжыў камандаванне. — Значыць, усе астатнія няхай не крыўдзяцца. На заключную частку мы іх запросім. Так?
— Так, запросім, — пацвердзіў Лёшка.
З гулам клас апусцеў, засталіся толькі пералічаныя Додзікам.
— А нас не падслухоўваюць?
Праверылі, ніхто каля дзвярэй не стаяў.
Ад лёшкавага плана прыйшлі ў захапленне. Тое-сёе ўдакладнілі, вырашылі ў гэты ж дзень праверыць усё на месцы, рушылі ў гай. Паўгадзіны лазілі па кустах, на якіх ўжо з’явіліся кволыя лісткі, варушылі сапрэлую лістоту і траву на доле.
Додзік яшчэ раней паслаў Толіка ў краму, і той якраз вярнуўся з дзвюма бутэлькамі віна.
— За ўдалае паляванне на рыцара!