Выбрать главу

Генадзь пакруціў трохі носам, але не адмовіўся. Хаця, калі б яму хто ў пачатку года сказаў, што ён будзе піць віно разам з Додзікам і Толікам, ён бы толькі пасмяяўся. А вось жа і давялося, і адмаўляцца магчымасці не было — не зразумелі б астатнія, пакрыўдзіліся. Разам справу рабіць, разам і піць…

У якасці прынады выбралі Галінку — у яе бабуля якраз у Зарэччы, і Косцю з Галінкай будзе лёгка дамовіцца — яны, лічы, выраслі разам, іх хаты стаяць па суседству.

Назаўтра гарэза-Галінка спуджана шчабятала на перапынках. Расказвала, як яе, калі несла малако да бабулі праз гай, перастрэў нейкі валацуга. І як чуць вырвалася, і які ён страшэнны. Дзяўчаты губляліся ў здагадках.

Падказаў Додзік:

— У Зарэччы шабашнікі кароўнік ладзяць. “Зэкі” былыя. Мабыць, з іх хто.

— Ой, мне ж у нядзелю да бабулі зноў малако несці! Як жа я праз гай прайду? Ён жа зноў стрэне, крычаў жа ўслед...

— А ты рыцара папрасі, каб цябе правёў... — з’едліва прапанаваў Додзік.

— Ат, рыцар толькі цішком нешта зрабіць можа, — адмахнулася Галінка.

Да апошняга званка заставаўся тыдзень.

Лёшка на перапынку аж ускочыў на стол, каб паведаміць сваю навіну.

— Прашу ўвагі! Ў гэтую нядзелю я запрашаю ўсіх адзначыць дзень майго нараджэння. Чакаю ўсіх у пяць гадзін. Форма адзення — паходная, бо ўсё мерапрыемства пройдзе на беражку возера. Усё. Хто не жадае ці не можа — прашу папярэдзіць адразу.

Назаўтра, у нядзелю, большая частка класа сабралася каля дома Лёшкі. Ён быў зусім не радасна ўзбуджаны, востраносы яго твар ззяў рашучасцю, аж рабацінкі пахаваліся.

— Так, сябры мае! Мы абяцалі вам усім удзел у паляванні на нашага невядомага рыцара. Пастка сёння захлопнецца, план ужо пачаў дзейнічаць. Гэта будзе цудоўны спектакль. У нас гадзіна, каб падрыхтавацца.

— Чакайце, чакайце! — Грышка нервова зняў акуляры. — Не рабіце гэтага. Я вам скажу яго імя.

— Позна, філосаф! — ступіў да яго Генадзь. — Цябе прасілі аб гэтым раней. А сёння мы абыдземся без цябе.

— У вас нічога не атрымаецца.

— Ты перашкодзіш?

— Я!

— Ну, не. Мы прадугледзелі і гэта. Ты ў нас на час палявання пасядзіш у лазні. Пад арыштам!

— Што вы прыдумалі? Вы права на гэта не маеце! — ступіў наперад з паўкола аднакласнікаў стараста Юрась.

— І ты пасядзіш! Вядзіце іх!

Дужы Додзік, Толік і яшчэ некалькі хлопцаў акружылі Юрася з Грышкам. Яны разгублена азіраліся вакол. Моўчкі, уражаныя застылі астатнія аднакласнікі — ніхто не чакаў, што справа прыме такі сур’ёзны характар.

— Прыйшоў час даведацца, хто ўвесь год таптаў нас у бруд, хто ўзяў на сябе абавязак вучыць нас жыць, хто палічыў сябе самым лепшым і самым разумным, — амаль урачыста загаварыў Генадзь. — Успомніце тыя хвіліны, калі класная стала нам дзякаваць. Вам не хацелася праваліцца скрозь зямлю? То скажыце “дзякуй” рыцару за тыя хвіліны. Асабіста я вельмі хачу гэта зрабіць. І ніхто нам не перашкодзіць. Уперад, у лес! А гэтыя двое няхай пакуль папарацца ў лазні. Вядзіце іх!

Праз паўгадзіны ўсе былі на месцы. Лёшка энергічна стаў расстаўляць хлопцаў каля вяровак, якія яны з Додзікам, Толікам і Косцем прывязвалі тут днём.

— Як толькі дам каманду — нацягвайце і завязвайце на ўзроўні грудзей. Астатнія — вунь там яміна, хавайцеся ў ёй. Усім сядзець ціха, не высоўвацца! Што б ні здарылася на дарозе — пакуль не крыкну, не вылазіць.

Яшчэ праз дзесяць хвілін у лесе каля дарогі стала ціха, бязлюдна, быццам нікога і не было.

Лёшка ляжаў пад ялінкай разам з Косцем. Адсюль быў відаць кавалак дарогі з мастком, шэры клін ельніку. Хілілася сонца да захаду, несла халадком з нізіны, ад мастка.

Паказаўся на дарозе Додзік — у старой ватоўцы, у глыбока насунутай на вочы шапцы. Падышоў да мастка, прысеў каля бярозы. Запаліў цыгарэту...

Вакол было ціха. Лёшка круціў галавой па баках, углядваўся ў гушчар. Але момант з’яўлення рыцара ён праглядзеў. Вось не было нікога каля старой яліны, як раптам быццам з-пад зямлі вырасла постаць конніка. Промні сонца, што стала хіліцца да захаду, блішчалі на латах і шлеме, не варушыўся, застыў пад рыцарам конь...

“Конь! Вось ад чаго трэба было танцаваць! От жа, дурань, як я адразу не звярнуў на гэта ўвагу”, — стрэліла ў галаву Лёшкі здагадка. — "Грышка менавіта так вылічыў гэтага рыцара...”

А рыцар стаяў нерухома. У душы Лёшка пачаў адчуваць лёгкі неспакой. Не, ён быў упэўнены, што сёння рыцару ад іх не схавацца, ды... не было адчування радасці ад будучай перамогі. Знік азарт паляўнічага, непрыемна казытала душу думка аб тым, што ён, Лёшка, будзе галоўным разбуральнікам гэтай дзівоснай казкі. На самой справе, можа, няхай і далей застаецца таямніцай гэты рыцар, няхай праз гады абрасце новымі легендамі, няхай яшчэ доўга будуць расказваць у школе, у навакольных вёсках аб гэтым незвычайным здарэнні. Ён, Лёшка, вось толькі падумае як след і так даведаецца ўсё, што пажадае.