Лёшка глядзеў на рыцара. На самаробныя, з бляхі, латы, на шлем з апушчаным забралам, на доўгае кап’ё... Яму раптам захацелася падысці да гэтага хлопца, павітацца, а потым папрасіць... прымерыць рыцарскае ўбранне на сабе. Сесці на варанога, у чырвонай папоне каня, гэйкнуць, ускінуць кап’ё, і конь панясе яго шырокім галопам праз лес, насустрач нябачным ворагам...
— Пусці! Не чапай! Ой, дапамажыце! — пачулася ад дарогі. Там ужо Додзік цягнуў за руку ў бок гушчару Галінку.
Коратка рыцар тузануў за аброць каня. Конь заіржаў, рэха падхапіла гэтае іржанне, панесла далёка па лесе. Застыў на дарозе Додзік, аскаліўся, убачыўшы, як высока ўзняўся на дыбкі конь, імкліва скокнуў, і віхрам паляцеў на дарогу. Ва ўзнятай руцэ вершніка Додзік убачыў бізун, прыгнуўся, таўхануў долу Галінку і закрычаў роспачна і патрабавальна:
— Вяроўкі, вяроўкі нацягвайце хутчэй! Уцячэ!
Лес узарваўся мноствам крыкаў, свістам, улюлюканнем. Рыцар спыніўся, крутнуўся на месцы конь. А між дрэвамі вужакамі ўзвіваліся вяроўкі... Да конніка беглі з усіх бакоў адзінаццацікласнікі. Додзік улавіў момант, падскочыў, схапіў за аброць каня.
— Ага! Папаўся!
Узвіўся на дыбкі конь. Додзік узляцеў услед за аброццю, грузна сарваўся ўніз. Тонка свіснула ў паветры, і востры боль пра¬цяў Додзіка — бізун рыцара знайшоў яго спіну.
...Доўгімі скачкамі конь прабягаў ад адной нацягнутай вяроўкі да другой, імкліва паварочваўся, рыцар азіраўся, тузаў аброць, і зноў яны несліся да процілеглала кута пасткі. Вершніку кідаліся наперарэз, але блізка падысці баяліся пасля таго, як яшчэ дваіх рыцар пачаставаў бізуном.
Рыцар кінуў кап’ё — з ім цяжка было рабіць хуткія, імклівыя павароты. Кап’ё падхапіў Додзік, дзіка, раз’юшана залямантаваў:
— Акружай яго, ганіце на мяне, на мяне ганіце!
Хапалі з зямлі доўгае сучча, невядома, з чыіх першых рук паляцела ў рыцара кінутая ламаччына. Потым кідалі ўсе, імкнуліся пацэліць у галаву, шпурлялі сучча, карэнні, проста камякі зямлі. З гіканнем, лямантам, свістам насіліся па паляне за коннікам. Злаўчыўся Додзік, шырока размахнуўся і ўдарыў кап’ём па задніх конскіх нагах. Конь зрабіў вялікі скачок, яшчэ адзін, і вяроўка сцебанула яго па пярэдніх нагах, напялася, стрэліла. Конь упаў, пераляцеў цераз галаву. Памкнуўся быў адразу ўскочыць на ногі, але не здолеў, упаў на бок, заіржаў гучна, жалобна...
Рыцар вылецеў з сядла, падаючы, моцна выцяўся спіной аб бярозавы камель і цяпер ляжаў нерухома.
І ў момант вакол сціхла. Падыходзілі да рыцара моўчкі, расціскаліся сціснутыя кулакі, адкідваліся прэч палкі. Толькі Додзік нёс доўгае кап’ё.
Рыцар заварушыўся, сеў, абапёршыся спіной аб бярозу. Яны стаялі паўколам каля яго, у некалькіх метрах, і ніхто не адважваўся зрабіць крок бліжэй. Рыцар скінуў пальчаткі, узняў павольна рукі і сцягнуў з галавы пагнуты ў некалькіх месцах шлем.
Рассыпаліся па бліскучых наплечніках русыя дзявочыя валасы.
— Насця... Кульгавая... — здзіўлены прыглушаны шэпт прашалясцеў уздыхам ветру па паўколу адзінаццікласнікаў.
Дзяўчына аніяк не адрэагавала, нібы не чула і не бачыла нічога вакол. Яна сядзела, адкінуўшы далёка назад галаву, промні заходзячага сонца зіхацелі ў кропельках слёз, што каціліся і каціліся з яе вачэй. Яна плакала бязгучна, сцяўшы пабялелыя вусны.
У лесе было ціха-ціха, толькі нейкая адзінокая птушка раптам падала самотнае, горкае “піць-піць”...
...Выпускнога балю ў адзінаццатым класе не было.