— А ты паразмаўляй і са мной, — спакойна, не адводзячы позірка ўбок, перабіла Генадзя Насця. — Дык што дрэннага ў тым, што нехта захацеў стаць на абарону слабых, стаць рыцарам?
— Ён прыедзе некалі да яе — рыцар на белым, як снег, кані, падхопіць з зямлі і лёгка пасадзіць прад сабой, падніме забрала ў сваім шлеме, наблізіць да яе свой твар...— загучаў тэатральна летуценны голас Галінкі.
Відавочна, яна ўсё хацела перавесці ў жарт, але Додзік не даў ёй закончыць, выгукнуў са зларадствам:
— І ўпрэцца ў курыны нос!
Насця сядзела спіной да ўсіх, і настаўнік літаратуры, Мікалай Антонавіч, адчыніўшы дзверы, убачыў на яе твары, як і заўсёды, легкую, трохі вінаватую ўсмешку. Здавалася, што рогату за спіной яна не чула.
Пра рыцараў пагаварылі дні два ды і забыліся.
А праз тыдзень, пасля кароткіх дажджлівых канікул загула ўсхвалявана і вёска, і школа.
Навіну прынеслі зарэчанскія хлапчукі з пятага класа. А Додзік прынес і важкі доказ пагалосак — след ад бізуна на твары.
Было так.
Як і заўсёды, Додзік выйшаў са школы са сваімі целаахоўнікамі, як ён сам іх называў. Хлапчукі павінны былі чакаць Додзіка цэлы ўрок, каб ісці разам два кіламетры ў зарэчанскі паселак. За тое, што ён вадзіў малечу ў цёмныя восеньскія і зімовыя ранкі праз бярозавы гай, тыя павінны былі яму аддзячваць. Па-першае, кожны тыдзень збіраць грошы на пачку цыгарэт, бо сваіх грошай Додзік не меў — бацька не даваў. Па-другое, насіць яго не дужа поўную сумку. Ну, а трэцяе хлапчукі самі наклікалі сабе на галаву, калі зрабілі каляску, каб усім адразу можна было з’ехаць з пакатай дарогі праз гай. Додзіку даспадобы прышлася гэтая скрыня на колах, і зараз хлапчукі кожны дзень, як толькі заходзілі ў гай, цягнулі яго ў калясцы па дарозе ўгару, потым (як Додзік дазваляў) садзіліся самі і несліся ўніз.
У той дзень настрой у Додзіка быў дрэнны — адхапіў першую “двойку” ў чвэрці, і хлапчукоў ён падганяў зламанай галінай. З гары з’язджаў адзін, хлапчукі беглі ўслед.
Унізе, дзе дарога рабіла паварот, стаяў коннік. Скуль ён узяўся — невядома. Самы сапраўдны рыцар. Блішчалі латы, быў пакрыты пунсовым конь, аздоблена кружкамі з бляхі вуздэчка. Рыцар быў высокі і шырокі ў плячах, твар і галаву закрываў прыгожы, хоць і падобны нечым на вядро, шлем, а палову постаці — вялікі шчыт. На шчыце быў намаляваны чырвоны крыж. З-пад шчыта далёка ўперад тырчала вялікае кап’ё з вострым наканечнікам. А калі рыцар нетаропка ўзняў другую руку, хлапчукі ўбачылі ў ёй бізун.
Додзік вытрашчыў вочы, пачаў таропка і нязграбна вылазіць з глыбокай скрыні, якая яшчэ не спынілася. Скрыня завалілася на бок разам з Додзікам. Коннік крануўся да яго.
Додзік і разагнуцца не паспеў, як першы ляск бізуна па спіне апек скуру праз куртку. Потым яшчэ і яшчэ. І ўсе гэта моўчкі, толькі гучна соп конь.
Додзік крутнуўся, каб схапіцца за вуздэчку, але наляцеў проста тварам на хлёсткі бізун. Кінуўся з лямантам уцякаць. Коннік лёгка даганяў яго, біў па спіне, плячах, трапляла і па галаве. Додзік з енкам упаў. І тады пачуўся голас.
Што сказаў рыцар, хлапчукі не расчулі, сам Додзік толькі злосна мацюкаўся, калі яго аб гэтым пасля пыталі.
Закончылася тым, што Додзік прывалок каляску на гару, клікнуў прыціхлых у чэзлым малінніку хлапчукоў і вез іх не толькі праз гай, але і да першых хат паселка.
Назаўтра Додзік маўчаў, толькі выціснуў праз зубы:
— Я даведаюся, што там за рыцары. І тады...
Што будзе тады — здагадваліся ўсе. Хоць Додзіка не шкадаваў ніхто — у класе добра ведалі аб яго здзеках над малымі.
Прайшоў тыдзень, размовы змоўклі, а адзінаццаты і зусім забыўся пра рыцарскі ордэн. Захварэла класная, Лідзія Пятроўна. Адвезлі ў мястэчка. Казалі — будуць рабіць аперацыю.
Доўга вырашалі, калі ісці адведаць настаўніцу, спрачаліся — усім разам, ці толькі дэлегацыяй, збіралі грошы. Так прайшоў тыдзень, і калі ўжо намерыліся было, прайшла чутка, што Лідзія Пятроўна праз два дні выпісваецца. Але і праз тыдзень яна не з’явілася ні ў школе, ні ў вёсцы. Дамовіліся наведаць класную ў нядзелю.
І пайшлі б, каб не Ала. І трэба ёй было прынесці на ўрокі свой асабісты дзённік! І яшчэ нечага выцягнуць яго са сваёй сумкі на кантрольнай па геаметрыі.
Што яна там пісала — хто ведае, але відаць, надта шчырае, асабістае, бо калі Шаноўны з-пад сшытка з задачкамі выцягнуў блакітны, з наклеенымі ружамі дзённік, Ала ўзвілася з маленнем:
— Аддайце! Аддайце, Зіновій Пятровіч!
Той нічога не адказаў, пайшоў сабе ў вугал да акна, далей ад адчайных позіркаў дзяўчыны. Кароткі шэпат прашалясцеў і змоўк, калі Шаноўны адкрыў сшытак і стаў перагортваць старонкі, а недзе і чытаць, раз-пораз расцягваючы вусны ў тоненькай усмешцы. Клас маўчаў, паглядвалі на разгубленую, чырвоную дзяўчыну, а Ала была гатова вось-вось заплакаць уголас.