— Гэта подла! — у напружанай цішыні прагучаў голас, і ўсе уздрыгнулі.
Словы гэтыя ва ўсіх былі на вуснах, бухалі патрабавальна ў скронях, але сказаць іх услых не адважваўся ніхто. І вось...
Шаноўны аж адхіснуўся. З нейкім страхам у вачах пазіраў на клас і не сустракаў ніводнага сустрэчнага позірка.
— Хто гэта сказаў? Хто сказаў? — паўтарыў настаўнік пытанне. — Клас, устаць!
Узнімаліся павольна, насцярожана, крадком пераглядваліся вучні з кучай адчуванняў. І страх, і захапленне, і цікавасць, і... радасць — Шаноўны не ведае! Не ведае, хто сказаў! А хто? Хто?
На кантрольную Шаноўны нібыта забыўся. Усе стаялі, а ён абходзіў, пытліва свідраваў твары.
— Ты?! Глядзі мне ў вочы! Не? А хто? Хто сказаў?
Вучні з задніх радоў пазіралі ў сярэдзіну класа — ім здавалася, што словы прагучалі адтуль. А сярэдзіна крадком зіркала наперад — той, хто сказаў: “Гэта подла” сядзеў недзе там.
Допыт скончыўся нічым.
Дзённіка Шаноўны больш не чытаў, але і не вярнуў. На Алу, якая нясмела была падышла да яго пасля званка, ён не звярнуў увагі, быццам не бачыў яе, і таропка, спяшаючыся некуды, выйшаў з класа.
Ледзь толькі ён выйшаў за дзверы, як падхапіўся са свайго месца за першай партай ля акна ўскаламачаны Лёшка:
— Вы чулі, га?! Не, вы толькі ўявіце, хто гэта сказаў!
Вочы яго блішчалі, кірпаты нос пакрыўся кропелькамі поту ад узбуджэння.
— Нехта з вас! — безапеляцыйна абвінавачваючы сказаў Генадзь, выйшаў да настаўніцкага стала. — З вашага кута, ад акна быў голас!
— Ага! Дудкі! Ты памыліўся! — задаволена выкрыкнуў Лёшка ў прадчуванні таго, якую ён зараз сенсацыйную навіну паведаміць класу. — А ну, Косця, скажы, хто нашага паважанага Шаноўнага падлюгай аблаяў!
Яго сябра павольна, расцягваючы момант, пачаў узнімацца з месца, але не паспеў ён і рота раскрыць, як спакойны голас паведаміў:
— Гэта я сказала.
Голас належаў Насці Кульгавай. Цяпер гэта заўважылі ўсе. І сказала яна гэтыя словы без аніякага ценю ўзрушэння, быццам размова ішла аб нечым другасным, мізэрным, нявартым усеагульнае ўвагі. У класе ад няспадзяванасці ўсталявалася мёртвая цішыня.
— Ты?!! — Генадзь узарваў гэтыю цішыню пытаннем-стрэлам.
Усчырванелы ўмомант ад напружання і нечаканасці, ён павольна сунуўся ўзбоч стала настаўніка да дзяўчыны.
— Ты? — пагрозліва паўтарыў пытанне, працягнуў руку з прыкметна трымцячымі пальцамі. — Ты разумеееш сваёй курынай галавой, што ты нарабіла?!
— Яна разумее! Не чапай яе, — падняўся са свайго месца Грышка-філісаф. — Яна сказала тое, пра што думаў кожны з нас.
— Хто цябе цягнуў за язык? — нібыта не чуў яго Генадзь, схапіў, сціснуў руку дзяўчыны вышэй локця. — Зараз жа пойдзеш са мной прасіць прабачэння! Я паклічу Зіновія Пятровіча ў калідор, а ты будзеш прасіць у яго прабачэння!
— Нікуды яна не пойдзе! — сказаў Юрась, стараста класа, які неўпрыкмет падышоў да парты Насці.
Юрася не за так абралі старастам — яго паважалі за памяркоўнасць, нетаропкасць і незвычайную для яго ўзросту сталасць, абдуманасць кожнага слова.
— Адпусці яе! — упэўнена загадаў Юрась Генадзю. — Сіняк у дзяўчыны на руцэ застанецца, так ціснеш.
— Яшчэ адзін абаронца! — усклікнуў абурана Генадзь. — З гэтага філосафа што пытаць, а ты павінен зразумець сваімі мужыцкімі мазгамі, што на самой справе адбылося!
— Нічога не адбылося. Шаноўны толькі пачуў, як аднеслася да яго дзеянняў адна з вучаніц класа. І ўсё. Няхай ведае. — Юрась перахапіў руку Генадзя, і той расціснуў пальцы на руцэ дзяўчыны.
Насця ўвесь гэты час сядзела моўчкі, гледзячы ўважліва на пустую старонку разгорнутага сшытка. Яна міжвольна пацерла месца на руцэ, якое сціскалі пальцы Генадзя, і прамовіла ціха, але цвёрда:
— Я не пайду прасіць прабачэння.
— І за цябе ўвесь клас такое можа чакаць на экзаменах! — выгукнуў са злосцю Генадзь. — Табе напляваць на атэстат, цябе ферма калгасная з каровамі чакаюць, а людзі аб інстытутах думаюць! — Генадзь на гэтых словах кіўнуў галавой у бок класа, ці то просячы падтрымку, ці то паказваючы ўсім, што ён выступае ад іх імя.
— А ты ідзі, скажы Шаноўнаму, што ты не вінаваты, каб ён цябе не "зарэзаў", — параіў Генадзю з’едліва Лёшка, якому стала ніякавата ад таго, які працяг выклікала яго паведамленне.
Ён хацеў усяго толькі здзівіць, бо надта ж гэта было незвычайна: Насця Кульгавая ў якасці абвінаваўцы настаўніка. Лёшка не чакаў, што Генадзь так накінецца на дзяўчыну, што будзе не захапленне, а абурэнне. Бо і самому Лёшку карцела вымавіць тады тыя словы.