— Забудзе завуч пра ўсё на экзаменах! — упэўнена махнуў ён рукой. — Ды і сам ён ведае, што непрыгожа зрабіў. А хто сапраўды вінаваты, дык гэта наша прыгажунька, Алачка! Нашто дзённік прынесла?
Лёшка павярнуўся ў бок пачырванелай, бы бурак, Алы. Дзяўчына і сама адчула сваю віну, цяпер толькі апусціла вочы.
— І што ты туды такое пішаш, што аж Шаноўны чырванеў, чытаючы? — дапытваўся, выскаляючыся, Лёшка.
У класе з палёгкай засмяяліся, знікла напружанне. А Ала пачырванела яшчэ болей, хоць, здавалася, далей не было куды.
— Усё, хопіць. І закончым на гэтым, — пляснуў па стале важкай далоняй Юрась. — А ты, Насця, напярод прытрымлівай свой язык. Адкуль настаўнік ведаў, што ў тым сшытку нейкія сардэчныя сакрэты? Можа, ён і не стаў бы чытаць. Тут таксама думаць трэба..
— А дзённік? — нагадаў нечакана Грышка.
— Што — дзённік?
— Як што? Ён застанецца ў настаўніка? — спытаў Грышка з ноткай кплівасці. — Давайце рашаць справы да канца. Насця адзіны чалавек, які не проста выказаў свае думкі. Яе словы патрабавалі вярнуць дзённік. Дык што, акрамя слабай дзяўчыны, няма каму абараніць дзявочыя сакрэты ад нахабных вачэй? Няма сярод нас рыцараў...
— А пры чым тут рыцары?— узрушыўся Лёшка
—Ды не пры чым, — адказаў Грышка. Але ж… Падумай сам…
—Што тут думаць? Дзённік вяртаць трэба.
— Вось і вярні. — Грышка паклаў руку на плячо Лёшкі. — Паспрабуй, вярні. Ды паспяшайся, бо мне здаецца, не толькі ты паспрабуеш…
Лёшка з Косцем вярталіся са школы, як і заўсёды, разам.
— Лёшка, ты мне сябар? — нечакана спытаў Косця.
— Што ты пытаешся? — здзівіся Лёшка.
— Ды… Ведаеш, я нікому не казаў… Мне Ала падабаецца.
— Ух ты! — Лёшка спыніўся, уражаны. — І даўно?
— Ды не… Мяне дзяўчаты неяк не цікавілі раней. А тут во з гэтага года… Думаю пра яе…
— Так, — працягнуў Лёшка ў задуменні. — Значыць, калі нехта верне Але дзённік, гэты нехта павінен быць толькі ты!
— Ну… Я таму табе і кажу. Добра б было. — уздыхнуў Косця. — А то я ніяк не асмелюся да яе падысці. А так бы дзённік аддаў… Ды і шкада мне яе…
— Тут і другое ўпускаць нельга, — загарэўся Лёшка. — Табе не зашкодзіць ведаць, ці не занятае сэрцайка нашай Алы.
— Ты што — чужы дзённік чытаць? — абурыўся Косця. — Што я — той Шаноўны?
— А ты не гарачыся. Шаноўны чытаў дзённік дзеля простай цікавасці, а мы хочам атрымаць неабходную інфармацыю…
— Не-е-е! — упарта працягнуў Косця. — Яна ў мяне возьме ды спытае ці чытаў. А я што адкажу? І не хачу я. Можа, там такія дзявочыя сакрэты, што самому потым сорамна будзе, як прачытаю.
— Добра, добра, не будзем мы загадваць. Дзённіка ў нас яшчэ няма, — супакоіў Лёшка сябра. — Трэба нейкі план распрацаваць.
— Во, прыдумай, — папрасіў Косця. — Ты ж галавасты. У мяне дык нічога не атрымліваецца, я спрабаваў. Можа, Шаноўнага прыціснуць дзе вечарам, га?
— Гэта не план, а дурасць. Я прыдумаю сапраўдную аперацыю. Кодавая назва — "Ружа".
— Чаму ружа? — здзівіўся Косця.
— Так, падабаецца… Ды і ружы былі на дзённіку. Урэшце, гэта не галоўнае...
Назаўтра раніцай па дарозе ў школу Лёшка расказваў свой план вяртання дзённіка.
Ім трэба было атрымаць ключ ад настаўніцкай. Але проста скрадаць яго з пакоя тэхнічак было нельга — скарыстаць ключ адразу мо б і не ўдалося, а яго маглі хапіцца. Таму трэба зрабіць дублікат. А напачатку атрымаць адбітак. Для гэтага Лёшка ў малодшай сястры пазычаў кавалак пластыліну.
— Робім адбітак, заліваем яго гіпсам, — тлумачыў Лёшка. — Атрымліваем гіпсавы ключ. Далей бяром загатоўку ключа, ставім у ціскі. Паўгадзіны напільнікам пашкрабаў — ключ гатовы.
На ўрок біялогіі, які быў другім, не пайшлі абое. Схаваліся ў гардэробе між радоў вешалак. Пачакалі хвілін дзесяць, пакуль школьны калідор не апусцеў. Потым Косця рушыў да фантанчыка у канцы калідора, з якога вучні пілі ваду. Каб ваду не разлівалі, рэгулятар фантанчыка меў абмежавальнік — тоўсты цвік. Крутнуць рэгулятар так, каб сагнуць цвік, у Косці сілаў хапіла. Струмень вады ударыў ці не пад столь і стаў падаць на падлогу.
Косця кінуўся ў гардэроб.
Пакойчык тэхнічак знаходзіўся ў другім канцы калідора. Трэба было пачакаць, пакуль тэхнічка, цётка Нюра, не пачуе плёск вады.
Прайшло хвіліны тры. Ужо і лужына добрая сабралася, а тэхнічка не ішла.
— Другі варыянт, — прашаптаў Лёшка.
Косця зноў пайшоў да фантанчыка, павярнуў спакойна рэгулятар і потым накіраваўся да пакоя тэхнічак.