— Цётка Нюра, там хтось вады наналіваў, — сказаў ён да тэхнічкі.
— А, Божа, толькі ж выцерла! — завохкала тая. — Многа?
— Ага, лужына, цэлая. — з жалем да тэхнічкі прагаварыў Косця, а сам крадком зірнуў на фанерны шчыток з убітымі ў яго цвічкамі, на якіх віселі ключы. На цвічку, пад якім было напісана "Настаўніцкая", ключ вісеў.
— Давайце, я дапамагу! — Косця забраў з рук тэхнічкі вядро.
Калі праходзілі каля гардэроба, Косця вымавіў умоўныя словы:
— Можа, кран сапсаваўся. Такое бывае…
Гэта азначала, што ў пакоі тэхнічак нікога няма, а ключ вісіць на месцы.
Косця дапамог цётцы Нюры сабраць з падлогі ваду, знаходзячыся увесць час між тэхнічкай і другім канцом калідора, каб нельга было выпадкова заўважыць каля пакойчыка тэхнічак Лёшку. Потым ён пайшоў нібыта на ўрок.
У туалеце яго ўжо чакаў Лёшка.
— Глядзі! Выдатны адбітак! — аж свяціўся ад захаплення сябар. — Адна хвіліна — і ўсе справы. Сёння пасля ўрокаў робім ключ у майстэрні. Я дагаваруся з Сямёнам Паўлавічам, у яго і загатоўкі ёсць.
— А заўтра вечарам забіраем дзённік! — узрушана выгукнуў Косця.
Хлопцы ледзь дачакаліся званка — так доўга цяпер цягнуўся час, калі ў іх з’явілася сапраўдная справа!
Ішоў трэці ўрок, Мікалай Антонавіч расказваў пра Талстога, калі запахла дымам. Зашморгалі насамі, а потым хтосьці выгукнуў:
— Дым!
Утаропіліся на дзверы. А там праз шчыліну запаўзаў у клас белы, ванючы туман. Усхапіўся настаўнік, рыўком расчыніў дзверы, і цэльны клуб дыму, бы жывая істота, уваліўся ў пакой.
Загрукалі дзверы па ўсёй школе, пачуліся крыкі, піск, кашаль. У мітусні, хваляванні праз удушліва затуманены калідор высыпалі на вуліцу вучні. Хто паспеў схапіць паліто, а хто і не. Старэйшыя хлопцы выносілі вопратку, бегалі, шукалі па школе — дзе гарыць? Верхаводзіў завуч, Мікалай Васільевіч.
Знайшлі. На замкненай леснічай пляцоўцы чорнага ходу курэла старая ватоўка. Адсюль цягнуў добры скразнячок, і не дзіва, што ўся школа была задымлена, як пры сапраўдным пажары.
Праз гадзіну праветрылі класы, усе вярнуліся на свае месцы, узрушаныя неспадзяваным здарэннем.
Калі заняткі на гадзіну пазней скончыліся, і настаўніца выйшла, падняўся раптам Грышка-філосаф.
— Гэй! Усе слухайце сюды. Вы кажаце, хлопцы там курылі, вось і ўсе справы? Вось глядзіце! — Ён узняў угару руку з кавалкам нечага жаўтлявага.
— І што? Што гэта?
— Воск!
— Які там воск? Гавары толкам!
— Зараз будзе толк. — Грышка выйшаў да настаўніцкага стала, звычна паправіў акуляры. — Гэты воск я знайшоў там, дзе гарэла ватоўка. І мяркую, што раней гэта была свечка. А цяпер, Ала, пакапайся старанна ў сваім партфелі.
— Навошта? — Ала разгублена, як і ўсе астатнія, глядзела на яго.
— Калі я не дурань, дык твой дзённік будзе ляжаць на сваім месцы. Паглядзі ўважліва.
Ала паціснула плячыма, паслухмяна шчоўкнула зашчэпкай і праз момант з нейкім недаверам, асцярожна, быццам крапівіну, трымала ў руках знаёмы зараз усім блакітны сшытак з ружамі.
— А ну, дай сюды, — папрасіў-загадаў Грышка, і Ала моўчкі працягнула яму злашчасны дзённік.
Грышка ўзяў яго за вокладкі, патрос над сталом. Выпала паштоўка. Грышка патрымаў яе крышку ў руках, усміхнуўся, загадкава паглядзеў на клас.
— Вось так, шаноўныя, глядзіце! — Ён падняў руку высока ўгару, і на адваротным баку паштоўкі ўсе ўбачылі старанна намаляваны крыж у паўкружжы слоў: “Сумленне. Адвага. Годнасць”. — Зразумела зараз ўсе? Ставяць свечку каля ватоўкі, сумленна ідуць на ўрок, потым — дым, тлум, крык, потым — у настаўніцкую, потым — у клас, і дзённік на месцы. Я памыліўся раней — сярод нас нехта ёсць з рыцарскага ордэна! Чаго маўчыце, рыцары?
Хтосьці прысвіснуў. Усхапіўся Генадзь:
— Выдатна! Далей няма куды! Вы ведаеце, чым гэта пахне? Ведаеце? Думаеце, Шаноўны не здагадаецца, што падпал ватоўкі і выкраданне дзенніка — адно цэлае? Вы ведаеце, што можа быць?
— А чаму ты на нас крычыш?
— Таму, што Грышка і на самай справе не дурань! У гэтым ордэне сядзяць ідыёты з нашага класа. І нам патрэбна іх знайсці!
— Ой, дзяўчынкі! — азвалася гарэза-Галінка. — Ой, як цудоўна! Гэтыя рыцары — сярод нас! Як рамантычна! Хлопчыкі, хто яны, га? Цікава так...
— Табе цікава, а нам усім лазня будзе — задыхнешся ў пары!
І раптоўна ўсе змоўклі, углядаючыся ў твар адзін аднаму. — Хто? Хто? Хто? Маўчанне парушыў Грышка, які ўсё яшчэ стаяў каля стала настаўніка:
— Ты, Генадзь, больш аб сабе клапоцішся. За аўтарытэт свой трасешся — як жа, такое нетрадыцыйнае пачынанне і без цябе. Па школе чутак больш пра ордэн, чым пра актыў школьны і яго справы. І я не дзеля таго...