Выбрать главу

— Лухта гэта ўсё! — перабіў Генадзь. — А рассакрэціць ордэн гэты вельмі проста. Зараз толькі ўспомніць трэба — дзе хто быў і што рабіў. І ўсё высветліцца!

Пачуліся галасы адабрэння. Усе ўзбуджана заварушыліся, нервова перакідваліся словамі. Прадчуванне блізкай разгадкі таямніцы захапіла, узрушыла, прымусіла забыцца, што пара дадому. Генадзь выцягнуў чысты сшытак:

— Так, панове, будзем запісваць. Пачнем. Ну, ты, Додзіеў, дзе, з кім быў? Каго бачыў, калі мітусня ішла?

— Стойце! — Грышка прымусіў зноў звярнуць на сябе ўвагу. — Перш чым ставіць пастку на звера, трэба памеркаваць — што рабіць з яго скурай. Ну, вылічым, гэта не цяжка. А што далей?

— А далей я ім морды біць буду! — Додзік раз’юшана ўскочыў. — Пішы, Генік: Толік вось, я, Венька і Косця кішку пажарную разгортвалі. Ніхто не адыходзіў.

— Выдатна. Далей, Ахрэмчык, ты?

Прасядзелі хвілін сорак. І — анічога.

— А чаму мы так рашылі, што ордэн толькі ў нас? А можа, адзін з ордэна ў нашым класе, другі — у дзесятым, трэці — яшчэ дзе? — прагучала слушная думка. — Ды і потым, мог і хто не з нашага класа ведаць пра дзённік.

— Можа, і так, — стомлена згадзіўся Генадзь. — Аднак адказваць будзем мы.

— Ат, дробязь! Лухта! Ніхто нічога не дакажа, а ты, Ала, скажаш, што дзённік у вочы не бачыла! — загаварыў Юрась. — І хопіць, пайшлі дахаты. Ну ёсць рыцары, ну і няхай будуць. Каму хочацца — хай хоць чортам робіцца. І чаго ўсхадзіліся?

— Добра, але, — нечакана узняўся Косця, — я вось што хачу сказаць. Нехта гуляе ў рыцараў, а я буду гуляць у паляванне на рыцараў.

— А як шукаць будзеш? Пастку пастаў!

— І пастаўлю! Усе паставім і зловім!

—А што яны табе асабіста такое зрабілі, Косця, што ты іх лавіць сабраўся? — спытаў, прыпыніўшыся каля парога, Юрась.

— Ну... — Косця разгубіўся, і на дапамогу яму прыйшоў яго сябар Лёшка:

— Калі гэтыя рыцары сярод нас — няхай ім будзе горай. Але няправільна так — цішком нешта рабіць. Узнік у цябе план, то падкажы іншым. Мы таксама з Косцем думалі, як адбітак ключа ад настаўніцкай зрабіць, як момант быбраць... Нячэсна гэта! Нехта з нас рашыў стаць самым смелым, самым справядлівым. Дык чаго тады хавацца? Нам таксама крыўдна, увесь наш план к чорту, як быццам мы не хацелі той дзённік вярнуць, як быццам астатнім усім было абыякава... Я такое не дарую! Паляванне пачынаецца! — Лёшка пляснуў на парту бясформенны кавалак пластыліну, на якім быў непатрэбны цяпер адбітак ключа.

Лёшку падтрымалі крыкамі, і толькі Грышка, які дагэтуль стаяў каля стала, задуменна крануў акуляры.

— Вось што, шаноўныя! Не думаў я, што мая інфармацыя выкліча такія падзеі. Шкадую. А ты, Лёшка, і ўсе астатнія хоць словам абмовіліся аб тым, што трэба неяк дапамагчы Але, вярнуць дзённік, прыдумаць нейкі план? Табе не здаецца, што гэты агульны план як раз і ёсць гульня, а па-сапраўднаму ўсё робіцца без вялікай рэкламы... Гульня гульнёй, але ў паляванне не гуляюць. І потым, задайце сабе пытанне — навошта?

— І сапраўды, хлопчыкі, — падала нясмела голас Ала, бо адчувала нейкую сваю віну ў гэтых падзеях. — Гэтыя рыцары... няхай, можа, будуць таямніцай? Я кветкі разлюбіла, калі батанічка пра песцікі з тычынкамі расказала... Так жа цікавей.

— Заўтра будзе цікава, калі Шаноўны не знойдзе твайго дзённіка.

— І ўсё роўна! — голасна сказала Ала з міжвольным хваляваннем. — Дзякую вам, невядомыя рыцары!

На гэтым і разышліся.

Праз два дні нарэшце сабраліся ісці ў мястэчка, наведаць у бальніцы класную. Але вярнуліся засмучаныя — напярэдадні Лідзію Пятроўну адправілі ў Мінск на складаную аперацыю.

7

Дзіўна, але справа з пажарам так і закончылася нічым. І пра дзённік Шаноўны нібы забыўся. Пра таямнічы ордэн спрэчак больш не заводзілі, не чуваць стала пра яго. І толькі пад Новы год зноў пайшлі гаворкі.

Рыцар сустрэў зарэчанскіх хлапчукоў у бярозавым гаі, калі тыя ішлі ў школу на святочны ранішнік. Ён стаяў нерухома прама на дарозе, толькі конь зрэдку пераступаў капытамі. Сярод застыўшых у шэрані бяроз, у марозным ранішнім тумане ён быў падобны на здань, і хлапчукі сумеліся. Але цікавасць узяла верх, і яны пайшлі, хаваючыся адзін за аднаго і цягнучы за сабой санкі.

Падышлі дастаткова блізка, каб разгледзець добра латы і шлем, і тады вершнік крануў вуздэчку. Конь паслухмяна рушыў з дарогі ў гай, схаваўся за дрэвамі. А на дарозе застаўся ляжаць вялізны мех. На прышпіленым да яго кавалку паперы было напісана: “Першаму, другому, трэцяму класу ад рыцарскага ордэна “Зніч”. Расціце рыцарамі!”