1.
Нарэшце прыслалі дакументы. Можна было ісці ў горад. Але мне захацелася яшчэ раз сустрэцца з Надзяй.
Я ўбачыў яе дзён пяць назад праз акно. Надзя ішла побач з сіваватым, каржакаватым чалавекам, які нёс за плячыма два рэчавыя мяшкі, а яна два аўтаматы, нямецкія, кароценькія, з адагнутымі ўніз касетамі. За імі зморана плялося трое хлопцаў.
— Хто гэта? — спытаў я ў Вілюгі.
— Падрыўнікі Мухіна... Той сівы — сам Мухін.
— А жанчына?
— Падрыўніца. Аксана.
— Мы з ёю вучыліся ў адной школе,— сказаў я, спадзеючыся ўразіць Вілюгу, але ён не здзівіўся.— Тады яна была Надзя Крынка, і я кахаў яе.
— Ясна,— абыякава сказаў Вілюга.
Ноччу я знайшоў хату, дзе спыніліся падрыўнікі,— яны спалі на сене пад паветкай. Надзі не было. Яна лягла ў хаце. Я папрасіў аднаго з хлопцаў паклікаць Аксану.
Яна выйшла не хутка, хвілін праз пятнаццаць, калі не болей — мне ўжо надакучыла чакаць. Я думаў, што Надзя ўзрадуецца, але яна толькі спытала: «Адкуль ты, як з неба зваліўся?»
Гаворка тады не клеілася. Надзя клікала ў хату, хацела пазнаёміць з Мухіным, я адгаварыўся, знайшоўшы нейкую прычыну. Вярнуўшыся дахаты, я доўга не мог заснуць, усё думаў пра Надзю.
За год да вайны мы заканчвалі дзесяцігодку. I таму, што гэта быў першы выпуск, нам наладзілі вельмі ўрачысты вечар, і не ў школе, а ў сельскім клубе.
Нас было шаснаццаць выпускнікоў, і ўсе мы сядзелі на першым радзе, крыху збянтэжаныя ўвагай, якую аказвалі нам і тыя, хто сядзеў у прэзідыуме, і тыя, хто дарэшты запоўніў клуб: вучні, настаўнікі, бацькі, проста цікаўныя, каму хацелася паглядзець на ўрачыстасць. Мы вельмі хваляваліся, хоць і не паказвалі выгляду.
Я адчуваў сябе бясконца шчаслівым і таму, што нарэшце закончана школа, і таму, што поруч сядзіць Надзя і ніхто ўжо не глядзіць на нас з іранічнай паблажлівасцю ці асуджэннем, а як бы і ўхваляюць нашу дружбу. Нішто, мабыць, так не кранае, як здабытае ў бясконцых кпінах і насмешках прызнанне. А над намі кпілі з восьмага класа; кожны дзень на школьнай дошцы нехта пісаў нашы прозвішчы, нехта складаў недарэчныя вершыкі, якія хадзілі па руках і не раз даводзілі Надзю да слёз. 3-за гэтых вершыкаў, надпісаў і кпін мы з Надзяй часта сварыліся і падоўгу не размаўлялі. Але і гэта выклікала кпіны.
Цяпер як бы ўсе змірыліся, як бы прызналі за намі права сядзець поруч.
Пасля ўрачыстага вечара было наладжана частаванне і танцы. Я ўвесь час танцаваў з Надзяй. А пасля вечара пайшоў праводзіць яе дахаты.
Я даўно чакаў, калі мы застанемся на адзіноце,— так шмат хацелася сказаць Надзі. Але цяпер маўчаў, скаваны гэтай жа адзінотай, і злаваў на сябе.
Нават цяпер мне было сорамна за тое сваё маўчанне. Гэты сорам і надаваў мне рашучасці.
Мухінцы спыніліся ў нас выпадкова; стаялі яны аж вёрст за пятнаццаць і не так, як мы, у вёсцы, а ў лесе, на нейкім хутары.
— Дай мне каня,— праз два дні сказаў я Вілюгу, калі той зайшоў праведаць мяне.— Гадзіны на тры.
— Навошта табе? — здзіўлена спытаў Вілюга.
— Мабыць трэба...
— А ці варта?
— Скажы, што шкадуеш каня, тады я папрашу ў Платона.
— Ну і дзівак,— Вілюга адчыніў акно, гукнуў вартавога, што стаяў насупраць, праз вуліцу, ля штаба.— Забароўскі, скажы Васю, каб засядлаў Ветра. Няхай на двор завядзе.
Вілюга з усёй сілы зачыніў акно, аж зазвінелі шыбы.
— Дык я і кажу, дзівак ты,— Вілюга стаяў цяпер спіной да акна, скрыжаваўшы рукі на грудзях, пад адтапыранымі кішэнямі кіцеля.— Калі конь закусіў цуглі, дык што не рабі, а выкіне з сядла. Так і з бабай. Пакахае другога — закон, хоць ты перад ёю памры — не пашкадуе.
Мне думалася, што Вілюга не здагадваецца, куды я паеду, аж глянь ты: з-пад натапыраных броваў ён разгледзеў усё. Хавацца не было патрэбы.
— Я, Вілюга, кахаю яе.
— Ха, пакахаеш другую.
Ардынарац Вася прывёў засядланага каня. Мы выйшлі на ганак.
— Другой мне, Вілюга, не трэба,— сказаў я, сеўшы ў сядло.
— Дзівак,— сказаў Вілюга, не ўхваляючы ні маіх слоў, ні гэтай паездкі.
Я адразу ж пагнаў Ветра галопам. Быстрая язда адагнала непрыемныя думкі. Тады я пачаў азірацца і нібы ўпершыню заўважыў прыгажосць і хараство тутэйшых мясцін.
Дарога найбольш пятляла паўз лес, толькі зрэдку зарываючыся ў яго, каб спрамаваць, скараціць адлегласць. Справа, то падступаючы да дарогі, то ўцякаючы ў прастору палёў, у вербалозах і альхоўніку бегла рэчка. Яна ўсё шырэла, набірала сілы.
На паўдарозе рэчка крута павярнула на захад: дарога, слепа наткнуўшыся тут на чорныя рабрыны моста, паяўлялася аж пад гарою. Трэба было шукаць броду.