— Гэта мяне адзін немец навучыў. Добры такі дзядзька. Ад’язджаў на фронт, дык плакаў. Шкада яго.
— Табе ўсіх шкада.
— А хіба ён вінаваты? Паслалі і ваюе. Цябе во таксама паслалі.
— Ты мяне з фашыстам не раўняй,— абурыўся я.— I вашым і нашым спачуваеш. Хрыстосік нейкі.
Мне захацелася закурыць. Цыгарэты і запалкі ляжалі на тумбачцы. Я прыўзняўся, абапёршыся на локаць, працягнуў руку. Марына абхапіла мяне за шыю.
— Чаго ты злуешся,— зашаптала яна.— Я так, я проста так. Жудасна, няўтульна на свеце... А вы ўсе такія жорсткія, злыя...
Потым я ляжаў разгублены, абмяклы ад яе ласкі, ад усяго таго, што здарылася. Марына чамусьці плакала, паклаўшы галаву на мае грудзі.
— Перастань,— сказаў я, адчуваючы нейкую вінаватасць.— Чаго плачаш, сама ж...
— Ды я не таму,— адказала яна.
I зноў пачала лашчыцца да мяне.
Мне было непрыемна адчуваць, як яе гарачыя рукі кранаюцца майго твару. Толькі цяпер я адчуў, што яна чужая мне і ніколі не стане блізкай. Я ненавідзеў сябе. Мне было сорамна і брыдка і чамусьці шкада яе, такую адзінокую і безабаронную.
— У мяне была дзяўчына, якая здрадзіла мне,— сказаў я толькі таму, каб апраўдаць сябе перад Марынай. Мне здавалася, што яе абражае мая абыякавасць.
— Я буду кахаць цябе,— адказала Марына.
4.
На базары, дзе я павінен быў сустрэцца з сувязным, пачалася аблава. Засяроджаны сваімі думкамі, я не заўважыў, як паліцэйскія абкружылі базар.
Нас, чалавек трыццаць мужчын, прывезлі на Падзвінне, дзе ў памяшканні банка размяшчалася паліцэйскае ўпраўленне. Аперацыйная банкаўская зала, з якой выкінулі перагародкі, здалася вялізнай і няўтульнай. Нас пасадзілі ля сцяны на каменную падлогу. Два паліцэйскія селі на лаўку насупраць, зашчаміўшы вінтоўкі між ног, пачалі закурваць.
Хвілін праз дзесяць пачалася праверка дакументаў. Я быў упэўнены, што мае дакументы зроблены бездакорна, але хваляваўся.
Нейкі чарнявы тып і двое не маладых ужо немцаў у форме палявой жандармерыі не спяшаючыся бралі дакументы, уважліва чыталі іх і вярталі назад, але нікога не адпускалі.
Нарэшце чарга дайшла да мяне. Я працягнуў пашпарт і пропуск з адносінай чыгуначнай камендатуры суседняга горада, якая давала мне права на пражыццё ў тутэйшым горадзе.
Чарнявы тып доўга вывучаў дакументы, час ад часу пазіраючы на мяне, перадаў дакументы жандарам. У мяне пахаладзела ўсярэдзіне.
«Няўжо ўсё?»
Але немцы, сказаўшы «гут», вярнулі дакументы чарняваму. «Значыць, пранесла»,— падумаў я.
— Вы дзе жывяце? — запытаў чарнявы, хоць у пашпарце стаяў штамп прапіскі.
Я адказаў. Чарнявы пайшоў да абабітых цыратай дзвярэй.
Сельваноўскі,— гукнуў ён кагосьці, адчыніўшы дзверы,— выйдзіце на хвілінку. Тут адзін субчык па вашаму адрасу катаецца.
На парозе паявіўся Сіміён Венідзіктавіч. Мне кінулася ў вочы, што ён адразу ж пазнаў мяне, але зрабіў выгляд, быццам не ўбачыў.
— Хто?
— Вось гэты,— паказаў на мяне чарнявы.
— А-а-а, прабачце, не заўважыў адразу,— неяк сурова сказаў мне Сіміён Венідзіктавіч і, павярнуўшыся да чарнявага, растлумачыў: — Так, так, ён у нас жыве... Жаніх жончынай пляменніцы... Я вам больш не патрэбны?
Ён пайшоў у кабінет, нават не паглядзеўшы на мяне.
— Можаце ісці,— аддаў дакументы чарнявы.— Спадзяюся, запросіце на вяселле.
— Абавязкова,— залішне весела выгукнуў я.
Мінуўшы скверык перад былым гістарычным музеем, я павярнуў у завулак і пачуў, што за мной хтосьці ідзе.
Нават цэнтральныя вуліцы горада тады пуставалі. I гэты чалавек, што ўлёг за мной у завулку, выклікаў падазрэнне. Няўжо сочыць? Чаму?
Чалавек даганяў мяне. У гэтым не было сумнення. Я чуў, як усё набліжаюцца ягоныя крокі. Нарэшце ён параўняўся са мною. Не паварочваючы галавы, я ўбачыў немаладога чалавека ў клятчастай кепачцы.
— Даруйце, вы тутэйшы? — спытаў ён.
— Не, прыезджы...
— А ці не ведаеце, дзе Багаслоўскі тупік?
Значыць, сувязны!.. А можа не ён?
Я з цікавасцю глянуў на яго. Быў ён худы — на твары востра выпіралі скулы над упалымі, як у бяззубых, шчокамі,— даволі высокі, можа ад таго, што схуднеў.
— Вам патрэбны тупік ці вуліца?
— Тупік. Дом нумар сем.
— Мабыць, за ракой,— адказаў я.
— Ідзіце на Чацвёртую Пескавецкую, тры. Я буду чакаць,— адказаў ён і пайшоў.
Я з палёгкай уздыхнуў. Кончыліся надакучлівае чаканне, турботы. Ад радасці я проста не чуў пад сабою ног. Але трэба было і не вельмі спяшацца, каб не прыйсці раней.
На Чацвёртай Пескавецкай мяне ўжо чакалі.
— Давайце знаёміцца,— сказаў той чалавек, які сустрэў мяне.— Я — Андрэй. Падпольная клічка — Ключ. А гэта,— ён паказаў на дзяўчыну,— Ніна. Ніна, і ўсё. Вы — Ткачук, я гэта ведаю, бо сам рабіў дакументы. Для нас вы — Дзіма.