Выбрать главу

У гэтым аднабаковым знаёмстве было штосьці незвычайнае, але яно не здзівіла мяне.

— Я вас тры дні запар чакаў... Што-небудзь здарылася? — спытаў я.

Андрэю, здаецца, маё пытанне не спадабалася, але ён тут жа адказаў:

— Мы баяліся слежкі, таму я і цягнуў.

«Значыць, і сёння Андрэй бачыў мяне на базары,— падумаў я,— бачыў, як я трапіў у аблаву. А каб мяне не адпусцілі?..»

Мне стала крыўдна.

— Гэта вы дарэмна. Я ўжо не ведаў, што рабіць,— сказаў я.

— Пажывяце — ацэніце,— адгукнулася жанчына, якая дасюль маўчала.

— Таварыш Ткачук усё яшчэ думае, што ён у лесе, сярод сваіх. А тут абстановачка паганая. Дарэчы, вы ведаеце, што група, якая павінна была выконваць гэтае заданне, правалілася. I арыштавалі яе тады, калі прыйшоў сувязны ад вас...

Я пра гэта не чуў і аж здрыгануўся ад Андрэевых слоў.

— Што гэта значыць? — спытаў я.

— А тое, што яны не дрэмлюць. I, мабыць, недзе там, у вас, сядзіць іх агент...

— Не можа быць...

Я чакаў, што Андрэй запярэчыць, прывядзе нейкія доказы, але ён павёў гаворку пра заданне, якое належала выконваць. Ягоная сур’ёзная разважлівасць, глыбокая ўпэўненасць, з якой ён расказваў пра план аперацыі, супакоілі мяне, адагналі трывожныя думкі, што былі замітусіліся ў галаве. Я ўвесь аддаўся гэтаму смеламу да адчаю плану, які прапаноўваў Андрэй.

Нарэшце мы збольшага абгаварылі асобныя дэталі. Мне трэба было ісці.

— Скажы, Андрэй, што гэта за кватэра, дзе я жыву? — спытаў я.

— А што? — насцярожыўся ён.

Я ледзьве не пачаў расказваць пра начныя прыгоды, але чамусьці ўстрымаўся.

— Вельмі ўжо сямейка каларытная. Адзін Сіміён чаго варты.

Андрэй ледзь улоўна ўсміхнуўся.

5.

3 Чацвёртай Пескавецкай да Марынінай хаты было кіламетры два, калі не больш. Засяроджаны сваімі думкамі, я не вельмі звяртаў увагу на тое, што дзеецца навокал. Ды, зрэшты, і звяртаць увагу не было на што: горад быў бязлюдны. Нават паліцэйскіх не відаць. Асабліва пустым выглядаў раён Заручэўя, праз які я ішоў. Абгарэлыя коміны, папялішчы, руіны, парослыя бур’янам вуліцы — і ні душы.

Каб спрамаваць шлях, я павярнуў за царквою напрасткі праз агароды і неўзабаве выйшаў да руін электрастанцыі. Адсюль ужо была бачна вуліца, на якой жыла Марына.

Прыпыніўшыся сярод руін, каб закурыць, я ўбачыў чалавека, які шыбаваў таксама напрасткі, пераразаючы мне дарогу.

«Як ён падобны на Мухіна,— падумаў я.— Ну проста выліты Мухін».

Чалавек прайшоў ад мяне крокаў за трыста, па той дарозе, што вяла за горад, што даходзіла аж да нашай партызанскай зоны.

Марына была адна. Яна абрадавалася, быццам даўным-даўно не бачыла мяне, павісла на шыі.

— Галодны, мабыць. Садзіся за стол... Божа, я так хвалявалася. Пайшоў, і няма.

Яна паставіла на стол абед, прысела поруч і ўсё лаўчылася, каб прытуліцца ці хоць крануцца рукою да пляча або да рукі.

— Можа адпачнеш? — спытала яна.— Ты такі змораны. Божа, як мне шкада цябе, каб ты толькі ведаў, і як я баюся за цябе!

Я зняў боты, не распранаючыся лёг на коўдру і толькі цяпер адчуў, што сапраўды змарыўся. Троху счакаўшы, увайшла Марына, села на ложак, паклала галаву мне на грудзі.

— Ты хоць крыху кахаеш мяне? — самотна спытала яна.— Не, не, не гавары... Я ўсё разумею, міленькі мой. Каб ты толькі ведаў, як мне цяжка. Забяры мяне адсюль. Забярэш, добра? Я, як сабака, буду верная табе...

Яна пачала цалаваць мяне, як апантаная, і раптам заплакала, як учора ноччу, без усякай прычыны. Я спрабаваў супакоіць яе, але яна плакала яшчэ горай.

— Чаго ты?! — не сцярпеў я.— Вочы на мокрым месцы, ці што?

Марына адразу ж перастала плакаць, выцерла вочы.

— Не злуйся, міленькі мой, не буду.

Мне стала шкада яе. Я абняў, нічога, апрача жаласці, не адчуваючы.

— Я таксама кахаю цябе,— схлусіў я.

— Праўда? Праўда? — Яна зноў пачала цалаваць мяне.— Хочаш, я табе нешта скажу. Баюся толькі, што ты абразішся... Пакляніся, што не перастанеш кахаць мяне.

— Клянуся,— усміхнуўся я з яе наіўнасці.

— Дык вось, я была замужам,— яна паглядзела, якое гэта ўражанне зрабіла на мяне.

— Ну і што?

— Я была замужам адно лета. Потым ён кінуў мяне. Перад вайной увосень быў вярнуўся, а там зноў за сваё. Я яго не кахала, ты не падумай чаго. Я яго ўвесь час баялася. Бывала, кладуся спаць і ўсё думаю, што ён мяне задушыць.

— Ну і дурная...

— Ты яго не ведаеш... Знаеш,— Марына паклала абедзве рукі на маё плячо,— ён сёння зноў да мяне прыходзіў. Хвілін за дзесяць да цябе пайшоў...