Марына злёгку кранала мяне за плячо.
— Да цябе прыйшлі,— сказала яна.
Спрасонку я не мог зразумець, хто мог прыйсці.
У залі сядзела Ніна. Я надзвычай здзівіўся. Чаму яна тут? Што ёй трэба?
Марына адразу ж выйшла.
— Вас кліча Андрэй,— сказала Ніна.— Зараз жа.
— Што-небудзь здарылася?
— Не ведаю...
Я сабраўся, як па трывозе.
Андрэя мы засталі ўзрушаным. Ён бегаў па пакоі, і я падумаў: «Няўжо ён бегае з той мінуты, як паслаў па мяне Ніну?»
— Сядай,— загадаў ён.— Ты гаварыў што-небудзь Марыне пра аперацыю? Можа яна пыталася?
— Не, што ты! — паспешліва адказаў я, адчуваючы нешта нядобрае.
— А ты падумай...
— Слухай, я нічога не разумею. Што ўсё гэта значыць?
— А тое,— Андрэй засунуў рукі ў кішэні,— што Марына правакатар, што яе так званы муж Іван Васільевіч Ражкоў — зусім не Ражкоў, а нехта другі, які толькі прыкрываецца ягоным прозвішчам.
Я нічога не разумеў, хоць навіна моцна ўразіла мяне.
— Чакай, а дзе ж яе муж?
— Дзе? У вас, у партызанах. Камандзір падрыўной групы Мухін, пра якога ты мне гаварыў. Так, здаецца, яго прозвішча.
Пачуўшы пра Мухіна, я зарагатаў. Мне стала лёгка, а ўсё абвінавачанне Андрэя супраць Марыны падалося дзікім трызненнем.
— Вы ашалелі тут,— пачаў я.— Шпіёнаманія нейкая. Глупства! Ні Мухін, ні Марына не вінаватыя. Хочаш, я дакажу?
— Паспрабуй...
— Дык вось, у ноч з серады на чацвер я быў у атрадзе. Мухін не адлучаўся з групы. 3 мяне пасмяяліся там.
Я чакаў, што Андрэй адразу ж супакоіцца. Але ён зазлаваў, абазваў мяне хлапчуком, шчанюком і яшчэ чорт ведае як за тое, што я без дазволу хадзіў у атрад.
— Я цябе адхіляю ад аперацыі,— накрычаўшыся, ужо спакойна сказаў ён.
— Не выйдзе,— адказаў я.— I няма чаго вар’яцець ад страху.
Мы сядзелі хвілін пяць моўчкі, незадаволеныя адзін адным. Потым Андрэй падышоў да мяне, паклаў рукі на плечы.
— Слухай, Ткачук, ты пойдзеш і прывядзеш Марыну.
— Сюды?
— Не, у руіны тэхнікума.
Я ўсё зразумеў і падумаў: «Нізавошта».
— У цябе няма доказаў, і ты не маеш права,— сказаў я.
— Ты пойдзеш і прывядзеш Марыну. Ты пойдзеш і прывядзеш,— ён пазіраў мне ў вочы так, што я раптам паверыў у тое, што Марына вінаватая.— Вазьмі вось пісталет на ўсякі выпадак. Калі што здарыцца — сюды не прыходзь.
Я дасюль не ведаю, што са мною адбывалася. Насуперак сваёй нядаўняй упэўненасці, я ішоў, каб павесці Марыну туды, куды загадаў Андрэй. Я нават склаў план, як буду гэта рабіць, прыдумаў словы, якія скажу, каб Марына ні пра што не здагадалася.
Яна выбегла насустрач мне ў сенцы вясёлая і бесклапотная і раптам спалохана адступіла.
— Божа, што з табой? Які ў цябе страшны твар.
Я пастараўся ўсміхнуцца.
— Нічога, усё добра...
Яна моўчкі пайшла ў хату. Я пазіраў на яе згорбленыя плечы, і дваістае пачуццё ахоплівала мяне ўсё больш. Я быў амаль перакананы, што Андрэй казаў праўду,— Марына правакатар, і ў той жа час мне было шкада яе.
У залі Марына прыпынілася, склала далоні, як на малітве. Я ўбачыў яе самотныя вочы, такія, як у першы дзень знаёмства, але цяпер яны не выклікалі спачування.
«Ага, чуеш, што настала адплата»,— падумаў я.
— Дзе твой дзед? — спытаў я.
— Пайшоў, мабыць, па сена.
— А цётка?
— I яна з ім.
— Нам трэба з табою пайсці.
— Я замкну хату. Яны ведаюць, дзе ключ.
— Збірайся тады.
— Зараз. Ты пачакай. Я зараз. Толькі бялізну зніму.
Мне здалося, што яна дзейнічае, як у сне. Я чамусьці не запярэчыў, каб яна пайшла па бялізну ў сад.
Праз акно я наглядаў, як яна знімае недасушаную яшчэ бялізну, і злаваў, што робіць гэта марудна. Я ўжо хацеў быў пайсці на двор, як убачыў, што хтосьці імкліва ідзе да Марыны. Яна, мабыць, пачула крокі, азірнулася. Яе твар скрывіўся ад страху.
Мужчына падбег да Марыны, нешта сказаў і наводмаш ударыў па твары.
Я адскочыў ад акна, замітусіўся па хаце.
Спачатку на двары, потым у сенцах загучалі галасы. Было падобна, што Марына папярэджвае мяне.
— Ён даўно паехаў. Я не ведаю, хто ён,— крычала яна.
Я ледзь паспеў ускочыць на кухню, стаць за дзверы, як яны зайшлі ў хату. Моцна грукнулі дзверы.
— Міленькі, ну што ты ад мяне хочаш? — пачуўся Марынін голас.
Я выцягнуў пісталет, заціснуў у руцэ.
— Чаму ты не сказала, што ў вас кватарант?
— Хіба ж я ведала, што нельга.
— Калі ён паехаў?
— Ды, мабыць, з тыдзень.
Гучна ляснула аплявуха. Мабыць, Марына ўпала на крэсла, бо нешта драўлянае грукнула аб падлогу.
— Ах ты, сука, ды я цябе... Ён жа ў сераду быў. Каму хлусіць надумала... Ты сказала яму, што я прыходзіў!..