Цалкам усе сірынгі гэтыя адна (сірынга) пераймала.
36. Усе ляжалі ў маўклівай насалодзе, Дрыяс жа ўстаў і папрасіў, каб яму сыгралі Дыянісаў напеў, і пачаў танцаваць танец вінаградараў. Ён то паказваў таго, хто збірае вінаград, то таго, хто нясе поўныя кашы, пасля таго, хто топча гронкі, потым таго, хто напаўняе бочкі, далей таго, хто п'е сусла. Усё вытанцоўваў Дрыяс так зграбна і выразна, што, здавалася, відаць былі і вінаградныя лозы, і націсі, і бочкі, і што Дрыяс сапраўды піў.
37. Гэты трэці стары, заслужыўшы пахвалу за танец, цалуе Хлою і Дафніса. Тыя, хутка ўсхапіўшыся, станцавалі Ламанаву казку. Дафніс паказваў Пана, Хлоя — Сірынгу. Ён умольваў яе, пераконваючы, яна безуважна пасміхалася. Ён пагнаўся за ёю і бег пры гэтым на кончыках пальцаў, удаючы капыты, яна ж паказвала зняможаную пагоняй. Пасля Хлоя ў лесе, нібы ў балоце, хаваецца; Дафніс жа, узяўшы Філетаву вялікую сірынгу, зайграў сумную песню, як закаханы, пасля пяшчотную, нібы ўгаворваючы, потым прываблівую, нібы шукаючы яе, так што Філет, ускочыўшы, пацалаваў яго, і падараваў яму пасля пацалунка сваю сірынгу, і пажадаў, каб і Дафніс пакінуў яе некалі такому ж годнаму пераемніку.
38. Дафніс жа прынёс у дар Пану сваю ўласную малую сірынгу і, пацалаваўшы Хлою, як бы ён сапраўды пасля ўцёкаў знайшоў яе, пагнаў статак, іграючы на новай сірынзе.
Ужо надыходзіла ноч, і Хлоя пагнала сваю чараду, збіраючы яе напевам сірынгі; і козы беглі побач з авечкамі, і Дафніс ішоў поруч з Хлояю, так што да самай ночы яны цешыліся адно адным і ўмовіліся назаўтра яшчэ раней выгнаць статкі; так і зрабілі. Толькі што бралася на дзень, а яны прыйшлі ўжо на пашу. Напачатку звярнуліся з прывітаннем да німфаў, пасля — да Пана, а потым, усеўшыся пад дубам, ігралі на сірынзе, далей цалаваліся, абдымаліся і ляжалі адно каля аднаго; і, нічога не зрабіўшы больш, падняліся. Не забыліся і паесці, выпілі і віна, змяшаўшы яго з малаком.
39. Ад усяго гэтага яшчэ больш разгарачыўшыся і паадважнеўшы, яны паспрачаліся адно з адным, хто з іх мацней любіць, і памаленьку дайшлі да клятваў у вернасці. Дафніс Панам пакляўся, падышоўшы да яго хвойкі, што ён не будзе жыць адзін, без Хлоі, ні адзінага дня; а Хлоя паклялася Дафнісу німфамі, увайшоўшы ў іх пячору, што хоча з Дафнісам жыць і памерці. Дзявочая прастадушнасць Хлоі даходзіла да таго, што, выйшаўшы з пячоры, яна вымагала ад яго і другой клятвы. «Дафніс! — казала яна. — Пан — гэта бог, які часта ўлюбляецца і часта здраждвае; кахаў ён Пітыс, кахаў Сірынгу; ніколі не ўпусціць ён, каб не зачапіць дрыяд, не дае праходу німфам, заступніцам жывёлы. Ён безуважна ставіцца да клятваў і цябе не пакарае, хоць бы ты пакахаў больш жанчын, чым мае чароцін твая сірынга; ты ж пакляніся гэтым статкам і тою казою, што цябе ўзгадавала, не пакінуць Хлоі, пакуль яна табе будзе верная; калі ж яна саграшыць супроць цябе і супроць німфаў, уцякай ад яе, ненавідзь і забі яе, як ваўка».
Дафніс узрадаваўся яе недаверу і, стаўшы сярод чарады коз і ўзяўшы адною рукою казу, другою — казла, пакляўся Хлоі любіць яе датуль, пакуль яна яго любіць будзе; калі ж яна каго іншага замест Дафніса выбера, тады ён не яе — сябе заб'е.
Яна ўзрадавалася і паверыла яму, як дзяўчына і як пастушка, што лічыць коз і авечак уласнымі багамі аўчароў і казапасаў.
1. Калі мітыленцы дачуліся пра напад дзесяці караблёў, а людзі, што прыйшлі з вёсак, расказалі ім пра разбой, яны, палічыўшы, што такога ад метымнейцаў нельга стрываць, пастанавілі як найхутчэй узяцца за зброю; адабраўшы тры тысячы шчытаносцаў і пяцьсот коннікаў, яны паслалі свайго ваяводу Гіпаса па сушы, баючыся мора ў зімовую пару.
2. Ён вырушыў у паход, але ані не дратаваў метымнейскіх палёў, не рабаваў ні статкаў, ні набытку сялян і пастухоў, бо ўважаў, што так рабіць больш падыходзіць разбойніку, чым ваяводзе; шпарка павёў ён войска на сам горад, каб напасці на брамы, пакуль яны без аховы.